Швэдзкія таямніцы

время чтения: 5 мин

grubich11

Цягам усяго свайго жыцьця homo sapiens здольны вучыцца. Чалавек створаны дзеля таго, каб спасьцігаць,спрабаваць,памыляцца, ісьці наперад.

З 27 па 30 верасьня ў швэдзскім горадзе Гётэборгу ў выставачным цэнтры Svenska Mässan адбылася 27 кніжная выстава-кірмаш. І як сымбалем пазытыўных і плённых дзён над горадам зазьяла сонца, пакрываючы капялюш помніка Густава Адольфа Другога сваімі промнямі. Руплівая праца над самаўдасканаленьнем чалавека пачынаецца з вывучэньня гісторыі і руху барацьбы за свае ідэалы. І найбольш моцнымі ўражаньнямі былі сустрэчы з тымі творцам, намаганьнямі якіх у Швэцыі працягвае разьвівацца грамадзянская супольнасьць.

"Таямніцы?Яны даступныя любому, хто здольны іх спасьцігнуць".
Юхан Аўгуст Стрындбэрг

Асноўнай тэмай выставы сёлета была літаратура Скандынавіі, досьвед кнігадрукароў і бібліятэк, новыя зьдзяйсненьні і адкрыцьці ў галіне выдавецтва і культурнага ўзаемадзеяньня паміж краінамі Скандынавіі ды іншымі краінамі сьвету. У гэтым годзе Рада Паўночных краін сьвяткуе сваё 60-годьдзе. Таму адкрывалі выставу міністры культуры гэтых дзяржаў.

На 13 тыс. м² выставы былі прадстаўленыя больш за 3000 выдавецтваў, 100 тыс. наведвальнікаў дзяліліся сваімі радасьцямі, адкрыцьцямі і спадзевамі. Пры падтрымцы Швэдзскага інстытута і культурніцкай ЛГБТ арганізацыі «Тупілак» беларускія журналісты атрымалі магчымасьць далучыцца да гэтага сьвята розуму, талерантнасьці і ведаў.

Перад гётэборгскай «феерыяй» пашчасьціла сустрэць у Стакгольме вельмі шмат цікавых і шчасьлівых асобаў, якія спрабуюць зрабіць жыцьцё сваіх суайчыньнікаў больш стракатым, надзейным і вясёлкавым. Вось мы падымаемся па ходніках у будынак былой стакгольмскай мануфактуры, а зараз гмаху, у якім месціцца безьліч рэдакцыяў, офісаў кампаніяў, жылых памяшканьняў. Нас сустракае Ён Вос – выдавец, заснавальнік самага ўплывога й, бадай, адзінага ў краіне часопіса, які прысьвечаны паўсядзённаму жыцьцю ЛГБТ-супольнасьці рэгіёна.

Што для Швэцыі значыцца вольны друк? З 1600-х гадоў газэты і выдаўцы ў Швэдзскім Каралеўстве мелі вельмі моцныя пазыцыі і вялікую значнасьць у грамадзстве. «Закон аб друку», які быў прыняты ў 1812 годзе, адразу ўвайшоў у галоўныя чатыры законы краіны і, бяз гучных словаў, застаўся адным з самых уплывовых.

Варта адзначыць, што пры наяўнасьці Інтэрнэту і тэлебачаньня ў папяровых СМІ Швэцыі традыцыйна застаюцца моцныя пазыцыі ў параўнаньні зь іншымі краінамі сьвету.Часопіс QX (Qruiser),які выдае спадар Вос, быў заснаваны ў 1995 годзе і выходзіць бесперапынна раз на месяц накладам 35000 асобнікаў. Да таго ж каля 100.000 актыўных карыстальнікаў штомесяц наведваюць бачыну часопіса ў інтэрнэце. Само выданьне было задумана як плятформа для камунікацыі і данясеньня навінаў для ЛГБТ супольнасьці ва ўсёй Скандынавіі й лічыцца самым пасьпяховым і буйным у Паўночнай Эўропе.

Арыентаванае на розныя колы грамадзства, зьяўляючыся «мэйн-стрымавым» штомесячнікам, QX зьмяшчае безьліч карыснай інфармацыі для турыстаў і жыхароў буйных гарадоў па ЛГБТ-тэматыцы.

Пры падтрымцы выданьня стакгольмскі афіцыйны турыстычны даведнік уключыў мапы гей-бараў, клюбаў, крамаў у свой шляхавод. Істотна, што на базе часопіса нарадзілася ўзнагарода QX Gay Awards для журналістаў і актывістаў ЛГБТ руху, якія працуюць на карысьць разьвіцьця талерантнасьці і гендарнае роўнасьці ў Паўночным рэгіёне.

Безумоўна, вельмі актыўная супраца вядзецца з арганізатарамі гей-прайда ў Стакгольме, і з 1999 года рэдакцыя часопіса заангажаваная ў правядзеньне і выбары „Містэра Гей-Швэцыя».

Рэпутацыя таблоіда бездакорная. Можа, менавіта таму ў К’ю Ікс прыходзяць публічныя асобы, палітыкі,музыкі, культурныя дзеячы, каб праз старонкі часопіса заявіць пра сваю арыентацыю, пра сваю падтрымку ЛГБТ-супольнасьці. Так вядомы поп-сьпявак і тэлеведучы Андрэас Люндстэдт у інтэрвію рэдакцыі выданьня зрабіў камін-аўт і заяву пра свой станоўчы ВІЧ статус.

Аднак самым ашаламляльным было даведацца напрыканцы размовы пра колькасьць людзей, якія займаюцца выданьнем часопіса. Не беручы ва ўлік фрылянсэраў і 3 мэнэджэраў, над папяровым выданьнем працуюць 2 (два) чалавекі! Безмоўна, за адсутнасьцю перашкодаў з боку дзяржавы і міністэрстваў, існаваньне і акупнасьць QX Publishing – справа не такая складаная. Сутнасьць твайго жыцьця – запал. Адказнасьць за сваё хобі, якое перарастае ў існасьць – шчасьце. Як казалі нашыя дзяды: «Свая сярмяжка няважка».

grubich22

Беларусам спадар Ён Вос пажадаў вытрымкі, руплівасьці і свабоды.

Пра праблемы, зь якімі сутыкаюцца людзі, якія жывуць зь ВІЧ у Швэцыі, беларускія журналісты змаглі даведацца ад скрайне абаяльнага і сьветлага чалавека, старшыні і галоўнага выканаўчага дырэктара PositHIVa Gruppen («Станоўчая група») Андэрса Б’ёрнума.

Арганізацыя дапамагае МСМ (мужчынам,якія маюць сэкс з мужчынамі) і гомасэксуалам пераадолець страх і няведаньне хваробы, дапамагае прыняць свой дыягназ і камфортна жыць у грамадзстве.

Кам’юніці-цэнтар для людзей, якія жывуць з ВІЧ, уяўляе сабой ўтульае вялікае памяшканьне з бальніцай на другім паверсе, дзе кожны ахвочы бясплатна можа здаць аналізы, экспрэс-тэст на ВІЧ і ІППШ (Інфэкцыі,якія перадаюцца полавым шляхам), атрымаць псыхалягічную мэдыцынскую дапамогу.

На першым паверсе пакоі для рэляксацыі, арт-тэрапіі, бібліятэка, бар і месца для правядзеньня сэмінараў і канфэрэнцый.

Падобны, але значна большы цэнтр ёсьць і ў самай буйной у Швэцыі арганізацыі,якая абараняе грамадзянскія і культурныя каштоўнасьці лезьбіяк, геяў, бісэксуалаў і трансгендараў – RFSL (Riksförbundet för sexuellt likaberättigande — Нацыянальная асацыяцыя за правы ЛГБТ).

grubich44

Заснаваная ў 1950 годзе, арганізацыя налічвае больш за 4500 чальцоў і прадстаўлена ва ўсіх акругах Швэцыі 27 аддзяленьнямі. Актыўная палітычная і культурная дзейнасьць RFSL дае мажлівасьць людзям знайсьці сябе ва ўсіх праявах грамадзскага жыцьця.

У кам’юніці цэнтрах вы можаце займацца танцамі, сьпевамі, мастацтвам, можаце сустракацца для абмеркаваньня праблемаў і дзяліцца радаснымі навінамі і маленькімі перамогамі. Сытуацыя з правамі асобы ў Швэцыі амаль ідэальная: прыват закона, грамадзянскае салідарнасьці, талерантнасьці і любові да бліжняга ўвасабляе сабой непахісныя хрысьціянскія каштоўнасьці.

Праблемы існуюць паўсюдна, але шляхі іх вырашэньня розьняцца ў залежнасьці ад сытуацыі з правамі чалавека ў краіне. Асобая роля ў арганізацыі аддадзена трансгендарным людзям.

Атмасфэра братэцтва-сястрыцтва на Кніжнай выставе панавала ў Гётэборгу цягам чатырох дзён правядзеньня кірмашу. Натхняла і здзіўляла поўная адсутнасьць афіцыёзу, нягледзячы на тое што на выставе прысутнічалі ляўрэаты Нобэлеўскай Прэміі па літаратуры, знакамітыя пісьменьнікі з усёй Эўропы, рэктары ўнівэрсітэтаў, міністры і амбасадары. Публічнасьць, адкрытая пляцоўка для ўсеабдымных дыскусій, абмеркаваньне новых тэхналёгіяў у галіне кнігавыдавецтва і, вядома, матывацыя да новых зьдзяйсьненьняў – вось пасыл, які быў агучаны арганізатарамі.

grubich555Інтэрнацыяналізм і салідарнасьць – лейтматыў усіх кніжных кірмашоў у Гётэборгу за апошнія дзесяць год. Больш за 100 арганізацый, ініцыятыў, кампаніяў знаёмілі наведвальнікаў са становішчам у сьвеце.

Плятформай для ўздыманьня глябальных пытаньняў, разьвіцьця дыскусій, абмеркаваньня міжнародных справаў, культурніцкіх і палітычных, стала вялікая сцэна на якой пад лёзунгам: «Так – свабоднаму слову» безупынна з 9 раніцы да 6 вечара выступалі пісьменьнікі, публіцысты, аўтары, грамадзянскія актывісты зь дзясяткаў краін сьвету.

Прэзэнтацыя па Беларусі пры ўдзеле беларускіх журналістаў і старшыні арганізацыі „Тупілак» Біла Шылера, якая называлася «Беларусь у ланцугах», выклікала хвалю эмоцый і ўвагі як з боку звычайных наведвальнікаў, так і з боку арганізацый, прадстаўленых на кірмашы.

grubich666Вялікі сябра беларусаў спадар Стэфан Эрыксан таксама наведаў выставу і прамаўляў пра сваё жыцьцё ў нашай краіне, пра праблемы зь якімі ён сутыкнуўся, і выказаў ў чарговы раз сваю любоў і падтрымку беларускаму народу.

Увогуле, у гэты раз «сінявокай» на Кніжнай выставе было адведзена вельмі шмат часу і месца. Асобны стэнд швэдзскай арганізацыі за дэмакратыю і правы чалавека Östgruppen рэпрэзэнтаваў інфармацыю пра беларускіх палітзьняволеных. Вялікія плякаты з выявай Алеся Бяляцкага прыцягвалі ўвагу да праблемаў беларускіх праваабаронцаў, палітыкаў, журналістаў. Таксама наведвальнікам прапаноўвалася падпісаць паштоўку беларускім палітвязьням.

Вялікім сьвятам радасьці для беларускай культуры быў асобны вялікі стэнд-студыя «Літаратурная вандроўка». Дзякуючы намаганьням швэдзскай пісьменьніцы, фатографа, рэжысэркі Марыі Сёдэрбэрг была падрыхтавана і выдадзена анталёгія беларускае сучаснае літаратуры.

grubich777

За 4 дні выставы на стэндзе беларуска-швэдзскага культурнага сяброўства адбыліся больш за 50 сустрэч зь вядомымі швэдзскімі, беларускімі і расейскімі публіцыстамі, палітыкамі, пісьменьнікамі.
Чалавек пачынае асэнсоўваць сябе вольным і карысным толькі тады, калі паглядзіць на сябе праз прызму іншых культур і народаў. Цягам усяго свайго жыцьця homo sapiens здольны вучыцца, і хочацца верыць што мы стаім на слушным шляху.

А. Грубіч, ©GAYPRESS.EU