Данчык: cтан ЛГБТ-супольнасці ў ЗША

время чтения: 4 мин

 Барак Абама стаў першым дзейсным прэзідэнтам Злучаных Штатаў, які публічна абвясціў аб падтрымцы аднаполых шлюбаў, ў асобных штатах ўсё яшчэ дзейнічаюць канстытуцыйныя папраўкі, што забараняюць геям і лесбійкам афіцыйна пабрацца шлюбам…

Gaypress

Як ставіцца амэрыканскае грамадзтва да ЛГБТ-супольнасьці?

Стаўленне грамадства да гамасэксуалаў істотна адрозніваецца ў залежнасці ад рэлігіі, узроставай групы і г.д., аднак агулам грамадская думка адносна гамасэксуальнасці і правоў геяў у Злучаных Штатах істотна змянілася цягам апошніх двух дзесяцігоддзяў. Звесткі апошняга апытання Гэлап у траўні паказалі, да прыкладу, што ўпершыню большасць рэспандэнтаў (53%) выказаліся ў падтрымку аднаполых шлюбаў. Мне падаецца, з сыходам старэйшага пакалення будзе знікаць і прадузятае стаўленне да гамасэксуалаў.

danchykНаколькі імплементаваныя правы гамасэксуалаў у Злучаных Штатах?

Гэта таксама істотна адрозніваецца ў залежасці ад штата, кампаніі і г.д., аднак, усё больш і больш крокаў робіцца для ажыццяўлення і юрыдычнай кадыфікацыі правоў гамасэксуалаў – ад роўнасці ў шлюбных правах да права на службу ў войску, усынаўленне дзяцей ці абарону ад дыскрымінацыі пры працаўладкаванні. Аднак выразныя выпадкі дыскрымінацыі раз-пораз ўзнікаюць то тут, то там. Напрыклад, Бойскаўты Амерыкі, адна з найбуйнейшых моладзевых арганізацый у Злучаных Штатах, нядаўна чарговы раз нагадала, што палітыка арганізацыі забараняе далучэнне геяў да шэрагаў сябраў арганізацыі.

Як ставіцца дзяржава да гамасэксуалаў у ЗША?Ці ёсьць нейкія сацыяльныя праграмы, якія падтрымоўваюць гамасэксуалаў у Злучаных Штатах?

Ізноў жа, цяжка даць катэгарычны адказ. Напрыклад, у той час, як 9 траўня 2012 года Барак Абама стаў першым дзейсным прэзідэнтам Злучаных Штатаў, які публічна абвясціў аб падтрымцы аднаполых шлюбаў, ў асобных штатах ўсё яшчэ дзейнічаюць канстытуцыйныя папраўкі, што забараняюць геям і лесбійкам афіцыйна пабрацца шлюбам. Што да сацыяльных праграм, супольнасць геяў дапамагае сабе сама праз стварэнне праваабарончых арганізацый, грамадска-культурных цэнтраў ЛГБТ, супольнасцяў супрацоўнікаў асобных кампаній, студэнцкіх таварыстваў у школах і ўніверсітэтах, прыязных да ЛГБТ рэлігійных суполак і т.д. Некаторыя з гэтых супольнасцяў маюць права на ўрадавую фінансавую падтрымку сваёй дзейнасці.

Ці існуюць у Злучаных Штатах НДА, якія падтрымоўваюць гамасэксуалаў і адстойваюць іх правы? Чым яны займаюцца?

Так, існуюць дзясяткі некамерцыйных арганізацый, што ставяць за мэту абарону правоў гамасэксуалаў у той ці іншай сферы. Найбуйнейшая група абаронцаў правоў ЛГБТ у Злучаных Штатах – гэта “Кампанія за правы чалавека”, якая “імкнецца палепшыць жыццё амерыканцаў з ЛГБТ супольнасці праз прапаганду роўных правоў і аплаты на працоўным месцы, забеспячэння роўнага стаўлення да сем’яў перад законам і ўзмацненне грамадскай падтрымкі сярод амерыканцаў”

Ці існуюць у ЗША праблемы з аднаполымі шлюбамі? З сумеснай апекай над дзецьмі аднаполымі парамі?

Стаўленне і законы ў дачыненні да аднаполых шлюбаў і правоў на ўсынаўленне ў розных штатах адрозныя. У некаторых штатах дазволеныя аднаполыя шлюбы, аднак, згодна з Актам абароны шлюбаў (ААШ) 1996 года, які дае вызначэнне шлюбу як законнаму саюзу аднаго мужчыны і адной жанчыны, аднаполыя шлюбы не прызнаюцца федэральным ўрадам. Многія перакананыя, што ў бліжэйшай будучыні гэты закон будзе ануляваны. На дадзеным этапе аднаполыя шлюбы дазволеныя ў шасці штатах. Падобныя адрозненні назіраюцца ў розных штатах і ў дачыненні да правоў на ўсынаўленне.

Якія правы зараз адстойваюць геі, лесьбійкі, бісэксуалы і трансгендэры ў ЗША?

На мой погляд, найважнейшымі праблемамі на сёння з’яўляюцца роўныя правы ў шлюбе і ўсынаўленні дзяцей, у працаўладкаванні і забеспячэнні жыллём, у вайсковай службе, а таксама пытанне заканадаўства супраць злачынстваў з прычыны нянавісці і запалохванняў у школах.

Наколькі зьмянілася стаўленьне да гамасэксуалаў у ЗША за апошнія 10 год? Што гэтаму паспрыяла?

Грамадская думка істотна змянілася на карысць роўнасці правоў гамасэксуалаў з часоў Стоўнвалскіх бунтаў у Нью-Ёрку ў 1969 годзе, што пазначыла пачатак руху гамасэксуалаў. У першую чаргу трэба дзякаваць тым адважным трансвестытам, якія далі адпор паліцыі ў бары Стоўнвал. Затым актывісты 60-ых – 70-ых закладалі падмурак будучых перспектыў.

Як ні дзіўна, на мой погляд, уздым захворванняў на СНІД на пачатку 80-ых меў  таксама станоўчыя наступствы, ажывіўшы і зрабіўшы больш радыкальнымі супольнасці гамасэксуалаў, што паспрыяла стварэнню такіх арганізацый, як ACT-UP (якая, да прыкладу, кінула смелы выклік невыбачальна жудаснаму прыгнёту гамасэксуалаў Каталіцкім касцёлам), а таксама Gay Men’s Health Crisis.

Апроч таго, з прычыны СНІДу грамадства ўсвядоміла, што ўлюбёныя зоркі, як Рок Хадсан, напрыклад, былі гамасэксуаламі. І гэта паспрыяла фарміраванню іншага ўспрыняцця гамасэксуалаў шырокай грамадскасцю.

Істотную ролю адыграла прыхільная характарыстыка з боку сродкаў масавай інфармацыі – як у перадачах навінаў, так і ў папулярных забаўляльных праграмах (кіно, тэлевізар, музыка).

Таксама немалаважнымі аказаліся заявы славутых асобаў, якія публічна выказваліся ў падтрымку правоў гамасэксуалаў (Элізабэт Тэйлар і інш.), і , вядома, палітыкаў, у асноўным дэмакратаў, якія садзейнічалі пашырэнню правоў гамасэксуалаў.

Аб’ектыўнае асвятленне з боку медыйных арганізацый адыграла найважнейшую ролю.

Я лічу, што адным з галоўных каталізатараў зменаў, як мінулых, так і цяперашніх, з’яўляецца смеласць асобных гамасэксуалаў, засведчаная ў прыведзеных вышэй прыкладах і ў штодзённым самавыражэнні. Як зазначыў карэспандэнт CNN Андэрсан Купер, які нядаўна публічна абвясціў пра сваю гамасэксуальную арыентацыю, “плыня гісторыі толькі тады рушыць наперад, калі людзі паказваюць сябе”. У многіх грамадствах, на жаль, абвяшчэнне сябе гамасэксуалам усё яшчэ застаецца надзвычай рызыкоўным і смелым учынкам. Аднак я лічу, што гэта неабходна. Як толькі людзі пачынаюць усведамляць, што гамасэксуалы ёсць паўсюль, што яны – нашыя браты, суседзі, лекары, настаўнікі… што яны такія ж людзі, стаўленне пачынае мяняцца ў бок прыняцця. (Я не кажу “цярпімасці”, бо мне не падабаецца гэтае слова і тое, што пад ім разумеюць. Можна “трываць” муху, прасцюду, непрыемны шум, але не чалавека. Сказаць, што гамасэксуалаў трэба “трываць”, на мой погляд, абразліва па сутнасці).

Якую ролю ў барацьбе за правы ЛГБТ-супольнасьці і фармаваньня грамадзкай думкі згулялі амэрыканскія СМІ?

Сродкі масавай інфармаыі адыгрываюць істотную ролю ў фарміраванні грамадскай думкі. Калі агенцыі навінаў і журналісты звяртаюць увагу на правы гамасэксуалаў і паважліва ставяцца як да праблемы, так і да людзей, гэта непазбежна аказвае ўплыў на слухачоў і гледачоў. Паважлівая, калі не сказаць прыхільная, увага медыяў спрычынілася да ўзмацнення грамадскай падтрымкі правоў ЛГБТ у Злучаных Штатах.

Што магчыма параіць беларускім журналістам, якія рыхтуюць матэрыялы на ЛГБТ-тэматыку?

Парада: Звяртайце ўвагу, асвятляйце падзеі і гісторыі, сачыце за іх працягам; старайцеся, дзе магчыма, надаць праблеме “чалавечы твар”; будзьце асцярожнымі і чуйнымі, заахвочвайце аргументаваныя дыскусіі; змушайце палітыкаў выказваць сваю пазіцыю адносна правоў гамасэксуалаў.

Беларускія апазыцыйныя палітыкі ўвесь чаз апэлююць да эўрапейскіх каштоўнасьцяў, але большасьць партыяў адмоўна настаўленыя да гамасэксуалаў. На Ваш погляд, чаму так адбываецца?

Некаторыя апазіцыйныя палітыкі, магчыма, папросту шчырыя фанатыкі, якія напраўду не лічаць, што да гамасэксуалаў трэба ставіцца з павагай і роўнасцю. Іншыя, верагодна, маладушна адмаўляюцца ад прынцыпаў на карысць практычнасці: дзеля палітычнага выжывання яны не могуць адкрыта прыняць такую непапулярную пазіцыю, бо тое азначала б выставіць сябе на смех і страціць патэнцыйную падтрымку.  (Абама, да прыкладу, ухіляўся ад каментароў пра свае погляды адносна аднаполых шлюбаў да абрання на пасаду прэзідэнта. І нават па абранні, многія прадстаўнікі гамасэксуальных супольнасцяў выказвалі незадавальненне яго адкладаннем вызначэння стаўлення да гэтага пытання).