Другая школа талерантнасці: спрэчкі пра адказнасць журналістаў ФОТА
Другая Школа талерантнасці для журналістаў адбылася 25-27 ліпеня 2014 г. у Кіеве. 15 нашых калег з рэгіёнаў і Мінска ўзялі ўдзел у штогадовым навучальным мерапрыемстве.
Андрусь Клікуноў, сябра Рады ГА “БАЖ”, Фота А. Сурапіна
Трохдзённая Школа пад кіраўніцтвам украінскага праваабаронцы і трэнера Аляксандра Вайтэнкі і прафесара Брыстальскага ўніверсітэта Майка Джэмпсана (MediaWise Ltd.) уключала ў сябе шэраг прэзентацый і дыскусій пра сутнасць паняццяў талерантнасці і правоў чалавека, распаўсюджаных стэрэатыпаў і “мовы варажнечы”, уразлівых сацыяльных груп і іх становішча ў грамадстве. Яна адбылася з 25 па 27 ліпеня ў Кіеве.
Аляксандр Вайтэнка
Майк Джэмпсан
Асаблівую ўвагу эксперты надавалі ролі журналістыкі ў абароне правоў чалавека і стварэнні атмасферы талерантнасці. Удзельнікі Школы вучыліся даваць рады стыгме і нецярпімасці журналісцкімі сродкамі. У прыватнасці, абмяркоўваліся асаблівасці асвятлення ў СМІ праблем, з якімі сутыкаюцца прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці.
Найбольш цікавыя дыскусіі падчас Школы талерантнасці разгарэліся вакол наступных пытанняў:
— Ці нясе адказнасць інфармацыйная агенцтва за цытаванне абразлівых выказванняў без далейшага каментара рэдакцыі?
— Ці мае журналіст маральнае права пашыраць уласныя стэрэатыпы на сваю аўдыторыю?
— Ці нясе журналіст як адмысловец сацыяльную адказнасць за свае дзеянні і ўчынкі па-за межамі рэдакцыі, у адпачынку? Ці журналіст застаецца журналістам у асабістым блогу ці ў сацыяльных сетках? Ці мае прытрымлівацца заўсёды агульнапрызнаных стандартаў журналісцкай этыкі?
— Ці нясе рэдакцыя анлайн-выдання адказнасць за “мову варажнечы” ў блогах і каментарах чытачоў?
— Ці можа журналіст прасоўваць ідэі ўніверсальнасці правоў чалавека і роўнасці ў прафесійнай дзейнасці? Дзе праходзіць мяжа паміж журналістыкай і праваабарончым актывізмам?
Удзельнікі Школы пагадзіліся, што неабходна правесці шырокае абмеркаванне пытання сацыяльнай адказнасці журналістаў з калегамі, а таксама кансультацыі з праваабаронцамі і актывістамі ўразлівых сацыяльных груп падчас падрыхтоўкі адпаведных журналісцкіх матэрыялаў.