Камісія па этыцы БАЖ: “Вечерний Могилёв” дапусціў грубыя парушэнні журналісцкай этыкі

время чтения: 4 мин

Камісія па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 17 лютага разгледзела зварот групы грамадзянаў адносна артыкула “Впервые в истории Беларуси под стражу взяли транссексуала” ў газеце “Вечерний Могилёв”.

 Прэс-служба БАЖ

ПАСТАНОВА

Камісіі па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” ад 17 лютага 2015 года.

Разгледзеўшы на пасяджэнні заяву Юліі Калодкінай, Ганны Аземша, Андрэя Клікуноваі шэрагу іншых асобаў, Камісія адзначае:

– У газеце “Вечерний Могилёв” і на сайце выдання быў надрукаваны артыкул пад назвай «Впервые в истории Беларуси под стражу взяли транссексуала» (аўтары – Вікторыя Карпава, Васіль Стасаў). У ім ідзе гаворка пра жыхара вёскі Макаранцы Магілёўскага раёна, які раней перанёс аперацыю па змене пола. Аўтары заявы лічаць, што артыкул утрымлівае абразлівыя выказванні і яўныя парушэнні нацыянальнага і міжнароднага заканадаўства. Таксама аўтары заявы лічаць, што выказванні аўтараў артыкула супярэчаць этычным стандартам, сфармуляваным у Кодэксе журналісцкай этыкі ГА “БАЖ”.

У тым ліку:

– «Прадузятасць у каментары з’яўляецца парушэннем прынцыпаў журналісцкай этыкі»;

– «Выкладаючы факты, каментуючы іх і ўступаючы ў палеміку па тых ці іншых пытаннях, журналіст абавязаны прытрымлівацца этыкі і культуры дыялогу, выказваць павагу да чалавека, з якім палемізуе».

Заяўнікі звяртаюцца ў Камісію па этыцы ГА “БАЖ” з просьбай разгледзець апублікаваны ў “Вечернем Могилёве” і на сайце выдання артыкул «Впервые в истории Беларуси под стражу взяли транссексуала» і даць яму ацэнку ў адпаведнасці з нормамі журналісцкай прафесіі, а таксама нацыянальнага і міжнароднага заканадаўства.

Камісія па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” вывучыла патрабаванні заяўнікаў і адзначае:

– Камісія па этыцы не лічыць сябе кампетэнтнай даваць ацэнку артыкулу ў адпаведнасці з нормамі “нацыянальнага і міжнароднага заканадаўства”, як таго просяць заяўнікі. Гэта не ўваходзіць у функцыі Камісіі, закліканай рабіць высновы пра выкананне этычных нормаў ці іх парушэнне.

– Па сутнасці справы: у газеце “Вечерний Могилев” і на сайце выдання быў надрукаваны артыкул «Впервые в истории Беларуси под стражу взяли транссексуала». Названая публікацыя апісвае крымінальную, паводле выдання, сітуацыю, звязаную з крадзяжом, п’янствам і агрэсіўнымі паводзінамі аднаго з жыхароў вёскі Макаранцы Магілёўскага раёна, супраць якога была заведзена крымінальная справа. Падчас заключэння падазраванага пад варту высветлілася, што ён з’яўляецца транссэксуалам.

Немагчыма не заўважыць, што апісаная ў артыкуле сітуацыя з’яўляецца банальнай і наўрад ці прыцягнула б да сябе ўвагу журналістаў абласной газеты, калі б правапарушальнік не быў транссэксуалам. Менавіта з-за гэтай акалічнасці аўтары публікацыі акцэнтавалі ўвагу не столькі на працы мясцовых следчых органаў і факце пакарання правапарушальніка, колькі на ягонай сэксуальнай арыентацыі. Назва публікацыі сведчыць менавіта пра гэта.

Выказаныя на адрас транссэксуала меркаванні аўтараў артыкула не толькі не з’яўляюцца прафесійна бездакорнымі, але і, безумоўна, парушаюць прынцыпы журналісцкай этыкі. Перадусім гаворка ідзе пра недатыкальнасьць і таямніцу прыватнага жыцця.

“Інфармацыя пра прыватнае жыццё асобы можа быць апублікаваная толькі ў выпадку, калі яе паводзіны ў прыватнай сферы закранаюць грамадскія інтарэсы. Пры гэтым трэба правяраць, ці не парушыць публікацыя правоў трэціх асобаў”, – гаворыцца ў Кодэксе журналісцкай этыкі ГА “БАЖ”.

А таксама: “Пры публікацыі матэрыялаў пра злачынствы ўзгадваць прыналежнасць падазраванага ці злачынцы да нейкай рэлігійнай, этнічнай ці іншай меншасці дапушчальна толькі ў выпадках, калі ёсць нагода лічыць, што гэта садзейнічае лепшаму разуменню апісаных падзеяў. Такога роду згадка можа выклікаць перадузятасць у дачыненні да гэтых меншасцяў” (там жа).

Як вынікае са зместу публікацыі, падазраваны ніколі не афішаваў сваёй полавай арыентацыі і быў збянтэжаны, калі гэта стала публічным фактам (журналісты пішуць: “Его завели в смотровую комнату и приказали раздеться. N (тут і далей прозвішча прыбрана Камісіяй па этыцы ГА “БАЖ”), краснея и смущаясь, отказался”).

Безумоўна абразлівай з’яўляецца полавая ідэнтыфікацыя падазраванага як “оно”, якую дазволілі сабе аўтары публікацыі. А апісанне распранутага цела транссэксуала магло быць зроблена толькі са згоды яго самога.

Увогуле, у артыкуле шмат абразлівых выказванняў: “Итог на сегодня — плаксивое и гермафродитное существо, которое, по материалам дела, не слазит со стакана, крадёт у своих же односельчан, как заматерелый бич, и при этом умудряется сожительствовать с себе подобными”.

“Станислав Васильевич Левченко… отметил, что отдельных колоний у нас для «этих» пока не существует”.

“Однако после распада СССР, на волне всеобщей распущенности, когда мощным потоком из Запада к нам хлынул педерастический элемент, Наталья, не устояв перед искушением, решила из слабого пола стать сильным и легла под нож…”

Транссэксуальнасць, як вядома, – медыцынскае вызначэнне. Большасць слоўнікаў трактуюць гэтую з’яву як “медыцынскі тэрмін, які абазначае стан неадпаведнасці паміж анатамічным полам індывіда і яго гендэрнай ідэнтычнасцю (псіхалагічным полам)”. Нельга зрабіць аперацыю па змене полу “на волне распущенности” и под “искушением”.

Як сведчыць вядомы беларускі ўрач-сэксолаг Зміцер Капусцін, у Беларусі дазвол на такую аперацыю выдае спецыяльна створаная міжведамасная камісія, у склад якой уваходзяць 15 спецыялістаў. Яна накіроўвае пацыента на абследаванне. І толькі праз год пасля такога абследаванная спецыяльны Савет прымае рашэнне.

Такім чынам, аўтары артыкула ў “Вечернем Могилёве” ставяць пад сумнеў кваліфікацыю і сумленнасць працы медыкаў, уводзяць у зман чытачоў, нібыта ў краіне проста зрабіць такую аперацыю.

Пра недапушчальнасць дыскрымінацыі папярэджвае таксама Кодэкс прафесійнай этыкі ГА “Беларускі Саюз журналістаў”: “Признавая приоритет общечеловеческих ценностей перед всеми остальными, журналист выступает за гуманизм, мир, демократию, социальный прогресс, права человека. Он воздерживается от любой формы оправдания агрессии, других форм насилия, ненависти и дискриминации, тоталитаризма и тирании”.

Аўтарамі парушаны яшчэ шэраг прынцыпаў журналісцкай этыкі. Напрыклад, апісанне злачынства не пакідае ў чытача сумневу, што крадзёж здзейсніў менавіта падазраваны. “В мае нынешнего года 43-летний N, разломав раму, вынул оконное стекло и залез в дом. Так как он был там не впервой и ориентировался «на местности», то вскоре его рука нащупала в тёмном погребе 10-литровую бутыль с вином”.

Між тым, суда яшчэ не было. “Уголовное дело по первому факту (по статье «кража») сейчас находится в производстве суда Могилёвского района” (з артыкула).

Такім чынам, аўтары называюць чалавека злачынцам яшчэ да суда. Між тым, Кодэкс журналісцкай этыкі патрабуе: “Паважаючы права грамадства на аб’ектыўную інфармацыю, журналіст абавязаны перадаваць дакладныя звесткі, а таксама спектр поглядаў на тое ці іншае пытанне. Навіны павінны грунтавацца на фактах і дадзеных, дакладнасць якіх можа быць праверана. Журналісцкія нормы патрабуюць пісаць “следства лічыць, што гэта было так” альбо “па версіі следства”.

Камісія па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” пастанавіла:

Лічыць, што артыкул “Впервые в истории Беларуси под стражу взяли транссексуала” падрыхтаваны са шматлікімі грубымі парушэннямі прафесійнай этыкі.

Раней адказ на аналагічны зварот заяўнкіам даслаў Мінінфарм. У ім гаворыцца:

«Міністэрствам устаноўлена, што дастатковыя прававыя падставы для прымянення мер адказнасці да рэдакцыі газеты ў адпаведнасці з заканадаўствам аб сродках масавай інфармацыі адсутнічаюць.

Галоўнаму рэдактару газеты «Вячэрні Магілёў» указана на неабходнасць ажыццяўлення пільнага кантролю за зместам публікацый».

»