Мова варожасці ў СМІ: «Еўрарарыдыё» ў лідэрах па колькасці неталерантных публікацый. Маніторынг
17 ліпеня валанцёры ініцыятывы “Журналісты за талерантнасць” прадставілі вынікі паўгадавога пілотнага маніторынгу “мовы варожасці” ў матэрыялах 36 недзяржаўных і дзяржаўных СМІ, сярод якіх як агульнанацыянальныя, так і рэгіянальныя друкаваныя і анлайн медыі, а таксама сайты папулярных тэлекампаніяў ды радыёстанцый, скіраваных на беларускую аўдыторыю.
Gaypress, Андрусь Клікуноў, сябра Рады ГА “БАЖ”
Паводле словаў магістра Віёлы Ермаковай, якая даследавала публікацыі ў рамках маніторынгу, 205 матэрыялаў патрапілі ў фокус маніторцаў у першай палове 2015 г.
У большасці даследаваных матэрыялаў мова варожасці або прадукавалася журналістамі самастойна, або стваралася шляхам наўмыснай падтрымкі аўтарамі некарэктных выказванняў персанажаў (158 з 205 матэрыялаў). Журналісцкая нейтральнасць у пэўных выпадках таксама вяла да патрапляння публікацыяў у маніторынг (менш за чвэрць усіх выпадкаў).
Найбольш распаўсюджаны зарэгістраваны від матэрыялаў з мовай варожасці – крымінальная кроніка, дзе ў загалоўку пазначаецца грамадзянства або этнічнасць затрыманага. Падобная з’ява трапляецца ў трохі менш як у палове ўсіх матэрыялаў.
Трэба заўважыць адсутнасць значных адрозненняў паміж колькасцю мовы варожасці, якая сустракалася ў матэрыялах дзяржаўных і недзяржаўных СМІ ў першым паўгоддзі 2015 г.
Паводле словаў эксперта, літаральна на вачах памяншалася колькасць і аб’ём мовы варожасці ў дзяржаўнай газеце “Во славу родины”. Ухвальныя заўвагі заслужыў і сайт “Хартыя’97”, які напрыканцы першага паўгоддзя знік з “топаў” маніторынгу.
З іншага боку, паводле сп-ні Ермаковай, з’явіліся пытанні да Еўрарадыё, якое выбілася ў лідары па колькасці публікацыяў і аб’ёме прадукаванай “мовы варожасці” бліжэй да лета 2015 г., пераважна з-за вышэйзгаданых пазнакаў грамадзянства або этнічнасці затрыманых/падазраваных асобаў у загалоўках публікацыяў.
Цікавая дыскусія з удзелам мэтраў журналістыкі Паўлюка Быкоўскага, Віктара Марчука і Наталлі Кулінкі адбылася напрыканцы мерапрыемства. Асноўная тэма абмеркавання – мяжа паміж этычнасцю ды сацыяльнай адказнасцю журналіста і жаданнем СМІ атрымаць дадатковыя “клікі” ды дадатковы прыбытак, дзякуючы скандальнасці загалоўкаў і зместу журналісцкіх матэрыялаў.
Паводле сп-ра Быкоўскага, дзеля павышэння стандартаў журналісцкай этыкі ў Беларусі варта абмяркоўваць публікацыі, якія патрапілі ў поле зроку маніторцаў мовы варожасці, у выглядзе практычных кейсаў падчас прэс-клубаў, практычных варштатаў для журналістаў. Таксама зазначалася важнасць абмеркавання падобных выпадкаў сябрамі камісіяў па этыцы журналісцкіх аб’яднанняў Беларусі – БАЖ і БСЖ.
Беларуская версія брашуры “Талерантная журналістыка” Усходне-Еўрапейскай Сеткі грамадскіх міратворчых арганізацыяў была прэзентаваная ўдзельнікам мерапрыемства ў якасці рэкамендацыяў па пазбяганні мовы варожасці падчас асвятлення этнічнай, рэлігійнай, гендэрнай праблематыкі, а таксама падчас падрыхтоўкі журналісцкіх матэрыялаў пра людзей з інваліднасцю і ЛГБТ.