ЛГБТ у шведскіх СМІ: як камінаўты пагасілі нянавісць
Шведскае грамадства ў стаўленні да ЛГБТ не заўсёды было такім мяккім і пушыстым, як сёння. Геі зазналі смяротнае пакаранне, арышты, публічныя здзекі, адным словам — дыскрымінацыю па поўнай. Сёння Швецыя займае першае месца ў сусветных рэйтынгах талерантнасці да ЛГБТ. Шлях ад дзікунства да талерантнасці ў шведскіх СМІ прасачыў Біл Шылер.
Біл Шылер, Стакгольм, ТУПІЛАК (www.tupilak.org),
У тыя даўнія часы, калі кароль Швецыі Густаў ІІІ напрыканцы 18 стагоддзя выказаўся за замену смяротнага пакарання гамасэксуалаў турэмным зняволеннем, жыццё ЛГБТ практычна не ўзгадваліся ў СМІ. І ў тыя часы, і цяпер распаўсюджаная думка, што тагачасны манарх сам быў геем. Аднак прамых доказаў гэтаму дагэтуль прад’яўлена не было.
Да таго моманту пратаколы судовых працэсаў і царкоўных справаў паведамлялі, што, пачынаючы з эпохі Сярэднявечча, за праявы гамасэксуальнасці страчваліся часцей мужчыны. Жанчын пры гэтым абвінавачвалі ў вядзьмарстве, а мужчынаў з гэтай пераважна сельскагаспадарскай нацыі – у сэксе з жывёламі ці сабе падобнымі.
Выстава “100 гадоў шведскай гомасэксуальнасці”, якая надоечы праводзілася ў Гарадскім музеі Стакгольма, уключала ў сябе шырокую калекцыю выразак са старадаўніх шведскіх газетаў пра дзесяцігоддзі забойстваў, арыштаў і турэмных зняволенняў гамасэксуалаў у Швецыі.
Сярод зняволеных фігураваў малады чалавек, які пераапранаўся ў сукенку і запрашаў мужчынаў на вуліцы да сябе ў пакой, каб заняцца сэксам. Пры гэтым ён не браў са сваіх партнёраў аніякай аплаты. (Дэ-факта гамасэксуальныя стасункі ў Швецыі былі дэкрыміналізаваныя толькі ў 1944 г.)
Гігант шведскай літаратурнай сцэны 19 стагоддзя, драматург Юхан Аўгуст Стрындберг выклікаў шквал абмеркаванняў у прэсе ў выніку абвінавачвання адной са сваіх жонак у тым, што яна кінула яго на карысць лесбіянкі. Ягоны гнеў сустрэў шырокую падтрымку і спачуванне ў тагачаснай маскулінна-гамафобнай прэсе.
У першыя дзесяцігоддзі 20-га стагоддзя шведская прэса рэагавала драпежнымі гамафобнымі заявамі на поспех шведскага “Ballets suédois”, які працаваў у Парыжы пад кіраўніцтвам шведскага рэжысёра-гея і яго гамасэксуальнага каханка, саліста балетнай трупы. Асабліва з’едлівыя каментары з’явіліся ў СМІ, калі трупа вярнулася на гастролі ў Стакгольм.
Прэса і крытыкі вытанчана пазбягалі згадак пра гамасэксуальнасць у сваіх аглядах пра раптоўнае з’яўленне аголеных мужчынаў у працах шведскага мастака Яўгена Янсана, закрытага гея, якога высока ацэньвалі напрыканцы ХІХ і на пачатку ХХ стагоддзя за ягоны наватарскі стыль палотнаў з цёмна-сінімі краявідамі Стакгольма шарай гадзінай. Апошнія 10 год жыцця да 1915 года “блакітны” мастак пісаў толькі аголеных мужчынаў у гарадскіх лазнях і трэнажорных залах. Сярод натуршчыкаў былі і ягоныя каханкі.
Таксама прэса не заўважала праявы гамасэксуальнасці ў працы вядомага шведскага скульптара пачатку XX стагоддзя Карла Мілеса пад назвай «Vingarna» (“Крылы”). Малады чалавек, выкананы ў натуральны рост, стаіць на каленях на агромністай скале з вялізным арлом, які раскінуў свае крылы над ягонай галавой, гатовы панесці яго ўверх да нябёсаў. Прэса не ўбачыла ў гэтай скульптуры адлюстраванне гамаэратычных адносінаў Ганімеда і Зеўса. У 1910 годзе копіі статуі былі выкананыя для іншых гарадоў Швецыі.
Акрамя гэтага, прэса адмовілася зразумець гамасэксуальны падтэкст нямога фільма “Крылы”, знятага вядомым шведскім рэжысёрам Морыцам Стылерам, які быў закрытым геем.
Паводле сюжэту фільма, скульптар закохваецца ў свайго аголенага натуршчыка ў вобразе Ганімеда, але сэрца ягонае разбіваецца, калі маладзён уцякае ад яго з жанчынай. (Цікава адзначыць, што на сённяшні дзень гэты фільм лічыцца першай гей-стужкай у свеце!)
Шведская прэса раз’юшылася, друкуючы дзясяткі гамафобных загалоўкаў, зласлівых сцверджанняў і абвяржэнняў у 1950-х гадах, калі гамасэксуальны мужчына быў абвінавачаны ў шантажаванні караля Швецыі, якога шмат хто небеспадстаўна падазраваў у схаванай гамасэксуальнасці. Каралеўскі суд сакрэтна заплаціў вялікую суму грошаў падкупнаму шантажысту за ягонае маўчанне. Пазней усе паасобнікі ягонай кнігі пра раман з каралём былі сканфіскаваныя. Шмат хто апынуўся ўцягнутым у гэты скандал, і шмат якія СМІ пачалі казаць, што гамасэксуалы паўсюль, і што яны ствараюць сакрэтнае кола, для таго, каб стаць на чале каралеўскай сям’і, урада і парламента. Адзін вядомы шведскі пісьменнік запатрабаваў ад уладаў, каб усе шведскія гамасэксуалы былі схоплены і адпраўлены ў выгнанне на шведскі востраў Готланд у Балтыйскім моры.
Гамафобныя настроі культываваліся на працягу дзесяцігоддзяў у шведскіх СМІ. На пачатку 1970-х гадоў газеты, радыё і тэлебачанне пераважна ігнаравалі першыя нешматлікія і зусім нешматлюдныя парады “за вызваленне геяў”, якія ладзіліся ў Стакгольме. Тыя невялікія зацемкі пра гэтыя падзеі, якія з’яўляліся ў СМІ, звычайна суправаджаліся агіднымі фота з фрыкамі ў вычварных ды дзівосных строях.
Прайшло нямала часу перад тым як фатакоры і іх рэдактары пачалі даваць прыстойную выяву “сярэднестатыстычнага” ўдзельніка параду. І толькі ў апошнія некалькі год у шведскіх СМІ сталася магчымым знайсці шырокае асвятленне гей-парадаў, з асаблівым акцэнтам на такіх з’явах, як “сем’і ЛГБТ”, “паліцыянты ЛГБТ”, “вайскоўцы-геі”, “імігранты / уцекачы ЛГБТ” і інш., а таксама на шырокай падтрымцы ўдзельнікаў парадаў з боку публікі на вуліцах гарадоў Швецыі.
Шведскае слова для абазначэння геяў – «bög» – з’яўлялася ў прэсе на працягу дзесяцігоддзяў у надзвычай прыніжальным значэнні. Вельмі паступова яно згубіла негатыўны падтэкст і зрабілася спярша нейтральным, а пазней нават і станоўчым па сэнсе. Чым жа тлумачыцца падобная замаруджанасць? Часткова яе магчыма патлумачыць тым, што, нягледзячы на дзейнасць Шведскай нацыянальнай арганізацыі ЛГБТ (RFSL) на працягу вось ужо як 65 год, толькі ў мінулыя дзве дэкады шэраг шведскіх знакамітасцяў са свету музыкі, тэатру, мастацтва і СМІ наважыўся на камінаўт. Звычайна гэтыя падзеі шырока і пазітыўна асвятляліся ў шведскай прэсе.
Толькі ў мінулыя некалькі год некаторыя знакамітыя зоркі шведскага спорту з ЛГБТ наважыліся на камінаўт і атрымалі неверагодна станоўчае асвятленне гэтага кроку ў шведскіх СМІ.
Доўгі час Стакгольмскі прайд быў адзіным у краіне. Шмат прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці з малых мястэчак і вёсак перабіраліся ў буйнейшыя гарады. З родных мясцінаў іх гнаў страх гамафобнасці лакальнай прэсы і, як след, нападак з боку мясцовых нэанацыстаў, што сустракаюцца ў розных кутках краіны і шэрагі якіх пастаянна пашыраюцца. Аднак у апошнія гады гей-парады пачалі ладзіцца ў розных рэгіянальных цэнтрах Швецыі. І звычайна мясцовая прэса, радыёстанцыі і нават тэлебачанне асвятлялі гэтыя падзеі ў вельмі пазітыўным ключы.
22 ЛГБТ-прайды адбыліся па ўсёй Швецыі ў 2014 годзе. Для гэтага як шведскаму грамадству, гэтак і колісь гамафобным шведскім СМІ спатрэбілася прайсці даўгі шлях ад стратаў, турэмных зняволенняў і заклікаў да высялення прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці да талерантнасці і спагады.