Чужыя сярод сваіх: ЛГБТ-хрысціяне правялі міжнародны форум у Кішынёве
«ЛГБТ-хрысціяне — гэта чужыя сярод сваіх. Мы адчуваем варожасць і нават нянавісць і з боку хрысціян, і з боку ЛГБТ-супольнасці». З 29 верасня па 2 кастрычніка ў Кішынёве прайшоў дзевяты Форум ЛГБТ-хрысціянаў Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Яго задачай было сведчыць, што вучэнне Хрыста адкрытае для ўсіх людзей незалежна ад іх нацыянальнасці, гендэрнай ідэнтычнасці ці сэксуальнай арыентацыі.
У 2016 годзе Форум сабраў 58 удзельнікаў з 12 краін свету: Малдовы, Украіны, Польшчы, Румыніі, Эстоніі, Швецыі, Нідэрландаў і Беларусі. Ад Беларусі былі тэолаг Наталля Васілевіч і дыякан Грэцкай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы айцец Валянцін Цішко, які і распавёў нам пра тое, што ж адбылося ў Кішынёве.
Нам паказалі “нас” звонку…
«ЛГБТ-хрысціяне — гэта чужыя сярод сваіх. Мы адчуваем варожасць і нават нянавісць і з боку хрысціян, і з боку ЛГБТ-супольнасці. Мы — той самы камень, які адкінулі будаўнікі, тая частка, без якой немагчыма гаварыць пра цэлае, — кажа айцец Валянцін.
“Адметнасцю гэтага Форуму стаў удзел ў ім чалавека, які размаўляў мовай жэстаў, — распавядае айцец Валянцін. — І мы вучыліся мове жэстаў, каб ён адчуваў сябе часткай цэлага, каб быць разам, каб нішто нас не магло падзяліць на “тых” і “не тых”.
Кожны дзень пачынаўся ў нас з таго, што мы паўтаралі простыя, здавалася б, выразы “добрай раніцы” ці “смачна есці” на мове жэстаў. Гэта выдатная практыка для таго, каб зразумець, што значыць быць іншым у разуменні большасці. Тыя з ЛГБТ-хрысціянаў, хто нібыта не адчуваюць гамафобіі свету, змянілі свае меркаванне пасля таго, як адчулі, што значыць не чуць і не мець магчымасці сказаць…
Аб царкоўнай гамафобіі
Валянцін Цішко паглыбіўся ў праблематыку прыняцця ЛГБТ-вернікаў:
“На Форум збіраюцца хрысціяне розных канфесій і традыцый: праваслаўныя розных Патрыярхатаў, грэка- і рыма-каталікі, старакаталікі, пратэстанты, пяцідзясятнікі і многія іншыя. Але ўсіх нас яднае Вера ў Госпада і Яго Царкву, рассеяную па усім Свеце, але Адзіную. Кожны дзень мы пачыналі і заканчвалі сумеснай малітвай. Малітвай нас, розных, на розных мовах, але мы маліліся разам і прасілі пра адно — каб было, як напісана ў Святым Пісьме: адзін Пастыр і адзін статак. Пастыр у нас і так адзін — Хрыстос, але статак пакуль раздроблены.
Нас раздрабляе царкоўная гамафобія, або, дакладней кажучы, негатоўнасць некаторых царкоўных ярархаў рухацца наперад.
Я малюся аб тым, каб наш Форум згубіў сваю актуальнасць. А гэта адбудзецца толькі тады, калі Цэрквы перастануць праяўляць гамафобію, прыкрываючыся “традыцыямі” і сваёй інтэрпрэтацыяй Бібліі”.
Нас аб’яднала адно — вера ў Хрыста, які ўваскрос
Традыцыйна кожны форум мае сваёй тэмай нейкую канкрэтную цытату са Святога Пісання. У гэтым годзе тэмай было слова святога Апостала Паўла:
“Бо я ўпэўнены, што ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні Пачаткі, ні Сілы, ні сённяшняе, ні будучае, ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не можа адлучыць нас ад любові Божай у Хрысце Ісусе, Госпадзе нашым”. Менавіта такія слова былі абраныя, каб у чарговы раз засведчыць, што ніхто не мае права і не зможа пазбавіць нас любові Госпада!”
“Гэта не першы для мяне Форум. Кожны раз я радуюся, што з’яўляюцца новыя ўдзельнікі, новыя маладыя ўдзельнікі — форум не толькі маладзее, але і расце! Расце як колькасна, так і якасна”, — зазначае айцец Валянцін Цішко.