ТОП-10 нудысцкіх гей-пляжаў у Еўропе
Еўропа вядомая сваімі традыцыямі адкрытасці. Таму, вядома ж, менавіта тут знаходзяцца найлепшыя ва ўсім свеце нудыскія гей-пляжы.
Падарожжы для людзей ЛГБТ+ могуць быць сапраўдным выклікам, бо вы мусіце папярэдне даведацца, ці накіроўваецеся ў гей-фрэндлі мясціны, ці гэта мясціны, якія лепей абмінаць.
Таму мае сэнс папярэдне атрымаць параду ў Інтэрнэце. Зірніце ніжэй, якія 10 нудыскіх пляжаў у Еўропе варта наведаць кожнаму гею.
Пляж Эс Кавалье (Es Cavallet) – Ібіца, Іспанія
Каму не падабаецца Ібіца? Гэта месца сонца і музыкі.
Пазбыцца ад наступстваў пахмелля можна з лёгкасцю на гей-пляжы Эс Кавалье на найлепшай выспе вечарынак у Еўропе.
Пакідаць купальнікі або абысціся без тут без іх – выбар за вамі. Пляж Эс Кавалье неверагодна папулярны сярод ЛГБТ-турыстаў.
Апанаваў голад? Не бяда! На пляжы размяшчаецца гей-рэстарацыя пад назвай Чырынгей (Сhiringaу).
Пляж Лечона (Lecciona), Таскана, Італія
Уваход на Лечона біч бясплатны. Гэты маляўнічы пляж для геяў знаходзіцца ў Таскане, Італія. На яго варта захапіць толькі самае неабходнае – рушнікі, ссабойку, ваду і шэзлонгі…
Дзякуючы аддаленаму размяшчэнню, на гэтым папулярным пляжы можна адпачываць без сподняга.
Адзін з аглядальнікаў TripAdvisor паставіў пяць зорак Лечоне, назваўшы яе “самым ідэальным пляжам Тасканы”.
“Лечона, верагодна, апошні свабодны пляж у гэтым рэгіёне. Ані шэзлонгаў, ані парасонаў… Толькі пясок і мора. Свабода пляжа выяўляецца ў тым, што ён трохі для геяў і трохі для нудыстаў. Прынамсі ў той частцы, якая прасціраецца на поўнач ад гасцінца, што вядзе да Торэ дэль Лага,” – падкрэсліў аглядальнік.
Пляж Элья (Elia), Міконас, Грэцыя
Шукаеце ЛГБТ-фрэндлі пляж на Міжземным моры? Спыніце пошукі! Вы яго знайшлі! Завітайце на грэцкую выспу Міконас. Менавіта тут знаходзіцца славуты Элья біч.
Гэта месца для сацыялізацыі, дзе вы можаце расслабіцца ад душы, пабалбатаць з сябрамі, атрымаць асалоду ад крышталёва чыстай вады і ў’зяднацца з прыродай.
Адзін з аглядальніаў піша: “У тамтэйшым гей-фрэндлі сектары вы ўбачыце вясёлкавы сцяг. Там таксама можна плаваць галышом.” Непадалёк ад гэтага месца ёсць цэнтр водных відаў спорту і папулярная рэстарацыя.
Пляж Мар Бэлья (Mar Bella), Барселона, Іспанія
Мар Бэлья – знакаміты гей-пляж у Барселоне, найбольш папулярны сярод маладзёнаў. Аднак пра яго даведваецца ўсё больш і больш людзей. Таму тут можна сустрэць людзей розных гендараў, узростаў і трэндаў.
Тым не менш, гэта цудоўны пляж, дзе магчыма файна адпачыць без асуджальных позіркаў з боку навакольных для адпачывальнікаў, якія хочуць атрымаць роўны загар.
У сезон гэты пляж навадняецца мужчынамі-геямі.
Адзін з аглядальнікаў, які пабываў на пляжы са сваім партнёрам, падкрэсліў: “Гэта рэальна цудоўнае месца для тых, хто шукае пляж для геяў і хоча адпачыць галышом.. Чысты пляж, ежа і напоі побач. І сюды магчыма патрапіць пехатой, калі жадаеце.”
Локрум, Дуброўнік, Харватыя
Локрум знаходзіцца на харвацкай выспе насупраць Дуброўніка. На мясцовых пляжах вы атрымаеце асалоду ад маляўнічых краявідаў. Таксама гэта выдатнае месца для аматараў адпачынку галышом.
“Выспа Локрум была захаляльнай,” – падзяліўся сваімі ўражаннямі адзін з яе наведнікаў. “Тут шмат што можна пабачыць і шмат чым заняцца, нягледзячы на тое, што гэта маленькі востраў. Паром са старога горада адпраўляецца кожныя 10 хвілін. Шмат што цікавага пабачаць аматары Гульні тронаў. Пляжы неверагодныя.
Калі сыйдзеце з парома, накіроўвайцеся налева на пляж для нудыстаў. Праходзьце яго наскрозь, і вы апынецеся ў сектары для геяў-нудыстаў. Тут ёсць дзе расслабіцца і ахаладзіцца”.
Стадлэнд Біч (Studland Beach), Борнмут, Англія
Борнмут – цудоўны пляж на поўначы Англіі, які надзвычайна папулярны як сярод турыстаў, гэтак і сярод мясцовых.
Менавіта тут знаходзіцца адзін з найлепшых нудыскіх пляжаў у Вялікабрытаніі – Стадлэнд Біч.
Гэтая мясцовасць з’яўляецца прыязнай для геяў, але тут магчыма сустрэць шырокае кола адпачывальнікаў рознага кшталту.
Пляж 19, або Прая дэ Бэла Віста (Praia de Bela Vista), Лісабон, Партугалія
Пляж 19, таксама вядомы як Прая дэ Бэла Віста, з’яўляецца адным з найбольш папулярных гей-пляжаў Партугаліі ды адным з найвялікшых нудыскіх пляжаў у Еўропе. Да ўсяго ён знаходзіцца на тэрыторыі прыроднага запаведніка.
На гэты пляж часцяком завітваюць геі-нудысты ў пошуках прыгожага загару. Тут можна напоўніцу атрымаць асалоду ад адпачынку – плаваць, загараць, заводзіць знаёмствы ў сезон, які доўжыццца з траўня па кастрычнік.
Кап д’Агдэ (Cap d’Agde), Францыя
Адзін з мясцовых гатэляў назваў гэты пляж “часткай найбуйнейшага натурысцкага курорта Еўропы і славутым месцам для бессаромных свавольстваў”.
Анягож, сумаваць на гэтым пляжы не давядзецца. Адзін з адпачывальнікаў аднак застаўся крыху незадаволеным: “Мы цудоўна прабавілі там час. Аднак не паставілі гэтай мясціне пяць балаў, бо былі абураныя паборам у 8 эўра, які нам давялося заплаціць за тое, каб прайсці праз вёсачку па дарозе да пляжу. Калі вы павернеце налева на выхадзе з вёсачкі, то ўбачыце пераважна сямейных адпачывальнікаў, потым свінгераў, і толькі потым геяў. Каб туды патрапіць, трэба прайсці не менш як 500 метраў уздоўж пляжу. У гэтым месцы няма строгіх правілаў. Атрымаеце шмат асалоды як у вадзе, дзе у асноўным тусуюцца гетэрасэксуалы, гэтак і ў пяшчаных дзюнах, дзе тусуюцца ў асноўным геі. Калі вы нудыст, то гэтую мясціну варта наведаць стопудова”.
Брайтан Біч для натурыстаў (Brighton Naturist Beach), Сасэкс, Англія
Брайтан з’яўляецца ЛГБТ-сталіцай Вялікабрытаніі. Таму нядзіва, што тамтэйшыя пляжы ўваходзяць у гэты спіс.
Брайтанскі нудысцкі пляж пераважна запоўнены мужчынамі-геямі. Гэта адна з найбольш папулярных мясцінаў сярод нудыстаў у Вялікабрытаніі.
Адзін шчаслівы наведнік гэтага галечнага пляжу падкрэсліў, што гэта была яго найбольш улюбёная мясціна для адпачынку ўлетку: “Прышпільна назіраць за людзямі: то групкі студэнтаў спускаюцца ўніз, то мужчынаў-геяў. Тут нашмат цікавей бавіць час, чым на звычайным пляжы”.
Пляж Ман Роз (Mont Rose), Марсель, Францыя
Ман Роз з’яўляецца адным з найстарэйшых гей-пляжаў у Францыі.
Гэта ЛГБТшная мясціна мае вялікую папулярнасць як сярод мясцовых, гэтак і сярод падарожнікаў. Яна размяшчаецца ўздоўж скалістага ўзбярэжжа, таму знайсці залаты пясок там няпроста. Гэта можа прыйсціся даспадобы тым, хто не любіць адчуванні, калі пясок трапляе ў непатрэбныя месцы.
Гэта найбліжэйшы нудысцкі пляж ад Марсэля. Таму сюды магчыма патрапіць з цэнтру горада на звычайным гарадскім аўтобусе нумар 19, які рухаецца ў паўднёвым кірунку.
Паводле: https://www.pinknews.co.uk/2019/04/12/10-best-gay-nude-beaches-europe/