“Я таксама хачу пажыць вольна”
Кіроўная партыя Польшчы “Права і справядлівасць” палюе на гомасэксуалаў. Юлія Мацёха ўжо гадамі змагаецца супраць гэтага. Цяпер на задумваецца над тым, ці не з’ехаць ёй з краіны.
Многія выбарцы падтрымалі гэтую нацыянал-кансерватыўную партыю яшчэ на мінулым галасаванні ў 2015 годзе. З таго часу краіна ўсё больш рухаецца ў правым накірунку, голас кансерватараў робіцца ўсё больш гучным, паляванне на меншасці набыло яшчэ большую сілу, у тым ліку і на гомасэкуалаў. Юлія Мацёха ўжо цягам некалькіх гадоў займаецца арганізацыяй варшаўскіх прайд-парадаў. Што яна думае пра сваю краіну?
Першы выпадак, калі я ўпершыню адчула страх за ўсласнае жыццё, быў у Беластоку, горадзе на ўсходзе Польшчы. У ліпені 2019 году там упершыню адбыўся прайд, парад ЛГБТ-людзей, то бок, гома-, бі- ды транссэксуалаў. Усё скончылася тым, што футбольныя фанаты нас, удзельнікаў, закідалі камянямі, бутэлькамі з мачою ды яйкамі. Я мяркую, што яны ўласна выступалі не ўласна супраць нас, яны проста хацелі камусьці нанесці пашкоджанні. Я тады напісала маёй маці, што я яе люблю, таму што я не ведала, ці застануся ў рэшце рэшт жывой. Паліцыя была цалкам збітая з толку. Выратавала нас, бадай, толькі тое, што тыя, хто на нас нападаў, былі вельмі п’яныя і не змаглі ў нас патрапіць.
Гомасэксуальныя людзі, як я, пачуваюцца ў глыбока каталіцкай Польшчы даволі цяжка. Права мець партнёрства адзін з адным, пабрацца шлюбам ці ўзяць дзіцё ў нас няма. У Варшаве, дзе я атрымлівала адукацыю і жыву цяпер, немагчыма ўбачыць гееўскія або лесбійскія пары, якія на публіцы трымаліся б за рукі ці цалаваліся. Яны проста шпацыруюць побач адзін з адным як звычайныя сябры, бо штосьці большае адразу можа прывесці да абразаў, калі нават не да горшага. Калі я пасля вечарынкі з сяброўкаю еду дадому на таксоўцы, мы сядзім асобна і пільна сочым за тым, пра што мы размаўляем, бо мы не ведаем, што пра нас можа падумаць кіроўца. У горшым выпадку ён проста можа нас вышпурнуць з таксоўкі. Такое ўжо здаралася з маімі сябрамі.
Для мяне гэты год стаўся самым чорным у польскім ЛГБТ-руху. У красавіку шэф нацыянал-кансерватыўнай кіроўнай урадавай партыі “Права і справядлівасць” (ПіС) Яраслаў Качыньскі абвесціў ЛГБТ-супольнасць пагрозай для Польшчы і галоўным ворагам падчас сёлетніх парламенцкіх выбараў. З таго часу не мінае і тыдня, калі ПіС нас не атакавала б, пры чым яна карыстаецца падтрымкаю набліжаных да ўраду сродкаў масавай інфармацыі. Цэлыя рэгіёны, дзе ПіС знаходзіцца пры ўладзе, ужо сімвалічна абвесцілі сябе свабоднымі ад ЛГБТ-супольнасці. Аднойчы блізкае да ўраду выданне Gazeta Polska нават хацела прыкласці да свайго накладу гамафобныя сцікеры. І толькі суд спыніў гэтую акцыю.
Мы як ЛГБТ-супольнасць жадаем змагацца за свае правы і таму ладзім усё больш прайдаў ва ўсё большай колькасці польскіх гарадоў, як сёлета ў Беластоку. У нас у Варшаве ў сёлетнім ліпені зноў выйшлі на вуліцы каля 50 000 чалавек. Узяў удзел і варшаўскі бургамістр Рафал Часкоўскі. Ён падтрымлівае ЛГБТ-супольнасць, таму падвяргаецца атакам з самых розных бакоў.
«FÜR MICH IST DIESES JAHR DAS SCHWÄRZESTE DER POLNISCHEN LGBT-BEWEGUNG.»
Я напачатку дапамагала ў арганізацыі варшаўскага прайду як дабраахвотніца. У 2016 годзе, калі тагачасныя арганізатары па прычыне прафесійных абставаў перасталі гэтым займацца, мяне запыталіся, ці не хацела б я стацца галоўным арганізатарам прайд-параду. Я дагэтуль займалася пытаннямі бяспекі (была адказнай за гэта), таму мела вельмі добры досвед у гэтай справе. Я адмовілася, бо ў свае 22 гады пачувалася занадта маладою, аднак мае сяброўкі і сябры мяне пераканалі, і я стала прэзідэнтам арганізацыі, якая ладзіць прайды.
Гэта азначае для мяне вельмі шмат працы, якую ніхто не аплачвае. Апроч іншага, я павінна сустракацца са спонсарамі, планаваць маршрут, трымаць кантроль за фінансамі, арганізоўваюць бенефіс-парці, а таксама клапаціцца пра валанцёраў. Я шмат чую ад многіх транс-сэксуальных навучэнцаў, што яны зведваюць на сабе варожасць. Але зрабіць супраць гэтага мы можам вельмі мала – гамафобія ў нас у Польшчы, у адрозненне ад іншых еўрапейскіх краінаў, не адышла ў мінуўшчыну.
Свае грошы я зарабляю ў іншых месцах, аднак мой працадаўца не жадае, каб сацыяльная заангажаванасць яго супрацоўніцы сталася вядомай – і асабліва, што яна актыўна занятая ў ЛГБТ-руху. Гэта прыводзіць да абсурдных сітуацый. Калі хтосьці з маіх калег пытаецца, што я раблю на выходныя, я мушу хлусіць.
У гамафобнай рыторыцы апошніх месяцаў я бачу, у першую чаргу, урадавую стратэгію, накіраваную на адцягванне ўвагі ад уласных праблем. ПіС прымае новыя сацыяльныя праграмы, чым уводзіць эканоміку ў небяспеку, на прыклад, дадатковыя выплаты на дзяцей у памеры 500 злотых, ці 120 еўра ў пераліку. Аднак гэта амаль нікога не цікавіць. Замест таго многія ажыццяўляюць нападкі на нас. Мы як ЛГБТ-супольнасць, з майго пункту гледжання, падчас сёлетняй выбарчай кампаніі адыгрываем тую ролю, якую адыгрывалі ўцекачы падчас выбарчай кампаніі 2015 году: той меншасці ў краіне, на якую навешваюць усе існуючыя праблемы.
Былыя арганізатары варшаўскіх прайд-парадаў аднойчы спыталіся ў нас, чаму мы не пішам адпаведныя адкрытыя лісты альбо не ладзім іншыя пратэсты замест прайдаў. Так, змагацца вельмі важна. Але давайце абсалютна шчыра: у нас проста няма больш сіл. У нас занадта мала людзей, каб супрацьстаяць супер-уладзе ПіС і царквы.
У мяне больш няма надзеі. На парламенцкіх выбарах была практычна толькі адна партыя – Левы саюз Левіца, якая дакладна выступала за правы ЛГБТ-супольнасці. Аднак колькасці галасоў — да 15% не будзе дастаткова для істотных дзеянняў ды вынікаў, хіба што толькі будуць некалькі выступаў у парламенце ды безвыніковыя даклады. І наадварот, ПіС стартуе ў сваю другую легіслатуру – без абсалютна зразумелых вынікаў для нас.
Калі ПіС і надалей будзе заставацца пры ўладзе, я буду вымушаная пакінуць Польшчу. І я тут не адзіная ЛГБТ-асоба, якая думае гэткім жа чынам. Летась я наведала сяброў у Фрайбургу і была ўражана, як свабодна яны могуць жыць. Там нікому не перашкаджае, калі дзве жанчыны разам і да таго ж яны ўзялі сабе дзіця. І калі хтосьці настроены гамафобна, то ў Нямеччыне гэта асуджаецца на грамадскім узроўні.
Для мяне было вельмі важна быць актывісткаю ў Польшчы, але я таксама хачу пажыць свабодна. Калі я не магу пераканаць людзей, то чаму я мушу заставацца тут? Свабоду аддзяляе ад мяне толькі адна мяжа, таму я буду ў Нямеччыне.