Дзюсельдорф: Мусульманін і габрэй засноўваюць Карнавальны клуб талерантнасці

Дзюсельдорф: Мусульманін і габрэй засноўваюць Карнавальны клуб талерантнасці

время чтения: 2 мин

Атаман Ілдырым і Аміт Маркус сталі старшынямі і жадаюць даць голас рэгіянальным групам.

Яны з’яўляюцца пакуль яшчэ толькі групай па інтарэсах і не сапраўдным клубам у поўным яго разуменні. Для гэтага пакуль не стае запісу ў клубным рэестры акруговага суда. Але “Orient-Okzident-Express” (Усходне-Заходні Экспрэс) знаходзіцца ў спрыяльных умовах, каб стаць першым мусульманскім карнавальным клубам у горадзе. Такім чынам можа ажыццявіцца мара старшыні Атамана Ілдырыма: “Сваім назовам мы жадаем падкрэсліць, што мы арыентаваныя ў будучыню і вельмі розныя, і праз гэта мы імкнемся прыцягнуць як мага больш людзей”.

15 чалавек сустрэліся 27-га лютага мінулага году, каб прыўнесці ў карнавал адмысловы каларыт. Потым там сустракаліся не толькі мусульмане, але і хрысціяне ды іудзеі, а таксама гетэра- і гомасэксуалы, уцекачы і мігранты. Атаман Ілдырым узяў на сябе абавязкі старшыні ў аб’яднанні. У Дзюсельдорфе 41-гадовы мужчына не з’яўляецца кімсьці невядомым, ужо шмат гадоў ён заангажаваны ў пытанні інтэграцыі. Ён падтрымлівае татаў і дзядуль з міграцыйнай мінуўшчынай у выхаванні іх дзяцей. Праект называецца “Праца з татамі”. За гэта ў студзені папярэдняга году сацыяльны работнік атрымаў адзнаку найвышэйшага рангу. Федэральны прэзідэнт Франк-Вальтэр Штайнмаер і яго жонка Эльке Бюдэнбэндэр на пачатку студзеня 2019-га году запрасілі Ілдырыма ў замак Бэлевю, каб уганараваць яго.

Ілдырым вырас у карнавальнай цаліне

“Для мяне карнавал азначае сапраўдную жывую разнастайнасць. Але гэта мусіць быць не толькі адзін раз на год і калі вясёленькія дзянькі адышлі ў мінулае, і потым даводзіцца зноў вельмі доўга чакаць, пакуль пра гэта зноў пачынаюць казаць. Я хачу гэта змяніць”, — кажа Ілдырым.  Ён вырас у Гертане. “Гэта не тое што карнавальная Мека ў рэспубліцы, хутчэй, гэта карнавальная цаліна”.

Амаль сем гадоў таму Ілдырым пераехаў у Нойс, дзе ўладкаваўся на працу па спецыяльнасці педагог у галіне “Міграцыя – інтэграцыя”. Апроч таго, ён з’яўляецца сябрам праўлення аб’яднання “Шляхавод”, які праводзіць папераджальную працу па праблеме гвалтоўнага салафізму. У зямельным праўленні Сацыял-дэмакратычнай партыі (СДПГ) ён таксама працуе з тэмай міграцыі ў адной з абшчын. І паколькі партыйныя таварышы ахвотна штосьці святочна адзначаюць, яны аднойчы проста ўзялі з сабою свайго калегу на карнавальнае пасяджэнне. “І тут мяне нібыта інфіцыравалі”, — смяецца Ілдырым.

У якасці свайго намесніка ён пацягнуў з сабою ў гэты човен Аміта Маркуса. 48-гадовы доктар літаратуразнаўства дзесяць гадоў таму прыехаў у Нямеччыну з Ізраіля. Ён спавядае іудзейскае веравызнанне і на грамадскіх пачатках працуе ў арганізацыі па дапамозе людзям са СНІД, а таксама з гомасэксуальнымі і бісэксуальнымі ўцекачамі: “Паколькі я сам з’яўляюся гомасэксуалам, я вельмі добра разумею страхі і праблемы маладых людзей”. З карнавалам раней ён не меў анічога агульнага. “Аднак я ведаю Атамана вельмі даўно, і ён мяне вельмі хутка пераканаў. І цяпер, калі я ўжо працяглы час займаюся гэтай тэмай, я па-сапраўднаму радуюся маёй першай ружовай панядзелкавай машыне”.

Таму што там упершыню прадстаўнікі клуба на машыне талерантнасці едуць разам. Абодва не баяцца, што клуб можа прыцягнуць да сябе ўвагу радыкальных груповак: “Мы пакуль яшчэ вельмі нязначныя і не маем дастатковага ўплыву, каб падпасці пад варажнечыя нападкі”.

Як і многія іншыя клубы і аб’яднанні, “Заходне-усходні Экспрэс” заклапочаны фінансавымі пытаннямі. “Мы не збіраем унёскаў, таму што нашы сябры так ці інакш не могуць сабе дазволіць іх сплачваць. Аднак нам абавязкова патрэбна клубнае памяшканне і хтосьці, хто б распрацоўваў і вёў нашу старонку ў інтэрнэце”, — кажа Ілдырым.

 

Паводле: https://www.wz.de/nrw/duesseldorf/duesseldorf-muslim-und-jude-gruenden-einen-karnevalsverein-der-toleranz_aid-48171395