Я так баяўся. А цяпер гэты страх знік
Себасціян Вега стаўся першым аргентынскім прафесійным баскетбалістам, які прызнаў сябе геем, “каб дапамагчы іншым спартсменам зрабіць тое самае”. Гэтая вяха з выключна пазітыўнымі наступствамі.
Цяпер і баскетбол мае сваю суперзорку-гея. Ён паходзіць з Аргенціны і абвясціў пра свой камінг-аўт не гучна праз сродкі масавай інфармацыі, аднак зрабіў гэта вельмі хутка праз публікацыю ў інстаграме. “Праўда робіць вольным”, напісаў Себасціян Вега 10 сакавіка ў сваім посце ды распаўсюдзіў таксама і ліст сваім фанатам, у якім распавёў, што даволі доўга змагаўся з самім сабою і сваёй сексуальнай арыентацыяй, аднак больш не пажадаў хлусіць.
Вега вырас у Гуалегуайчу, у амаль 125 мілях на поўнач ад Буэнас Айрасу, у мясцовасці, дзе гомасэксуальнасць не ўспрымаецца так, як у аргенцінскіх метраполіях. У сваім камінг-аўт-лісце двухмятровы мужчына паведамляе, як ён спрабаваў сустрэць жанчыну, каб весці “гетэрасексуальнае жыццё”, аднак і з цягам часу не змог пазбавіцца сваіх пачуццяў да мужчын. “І вось я сустрэў таго, хто на наступныя шэсць год змог стаць маім партнёрам”.
Падтрымка з боку сям’і
Калі ён сустрэў гэтага мужчыну, Вега вырашыў адкрыцца сваёй сям’і. 31-гадовы піша, што вельмі баяўся распавесці пра гэта свайму бацьку, таму што быў упэўнены, што той проста вышпурне яго за гэта з хаты. На сваё здзіўленне, яго бацькі зразумелі і прынялі яго такім, які ён ёсць: “Яны далі мне зразумець, што нічога не зменіцца, што хада спраў і іх любоў да мяне застанецца ранейшай. Што мая сексуальная арыентацыя нічога не зменіць у тым, якой асобай я быў (і з’яўляюся)”.
Ён вырашыў болей не хаваць сваю сексуальную арыентацыю, “каб дапамагчы іншым спартсменам зрабіць тое самае”, сказаў ігрок у інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву Reuters. Там ён апісаў і рэакцыі на свой камінг-аўт: “Я так баяўся. І цяпер страх знік. Ён больш не перашкаджае мне. Я насамрэч адчуваю сябе вызваленым. Я заўважыў: я пачаў ісці па жыцці, скінуўшы велізарны цяжар са сваіх плеч”.
У Аргенціне амаль няма прыкладаў для Вегі
Хаця Аргенціна і прыняла даволі прагрэсіўныя законы ў дачыненні да праў ЛГБТІ, у самім грамадстве як і раней застаецца кансерватыўнае стаўленне да сексуальнай арыентацыі і гендарных норм. “На жаль, гомасексуальнасць у спорце ўсё яшчэ застаецца тэмаю табу”, тлумачыць Вега. “Вельмі цяжка распавесці, што ты гей. Ты павінен быць маскулінным і мачо, каб не лічыцца слабейшым за іншых, каго ўспрымаюць усур’ёз”.
Калегі па камандзе пасля камінг-аўту цалкам яго падтрымалі, працягвае баскетбаліст. Некаторыя нават папрасілі прабачэння за ранейшыя гамафобныя каментарыі. “Самае файнае з усяго гэтага, што ў камандзе нічога не змянілася ў горшы бок, наадварот, усё стала нашмат лепш”. “У нас стала больш узаемаразумення, чым было раней”. Ён падзякаваў на сваіх сацыяльных каналах за падтрымку: “За незлічоныя допісы з разуменнем і павагай, якія я атрымаў: Дзякуй. Вы мяне вельмі расчулілі”.