Шэф біблейскага атачэння Трампа: Бог паслаў каронавірус, бо ён злуецца на гомасексуалаў
Адзін з самых уплывовых клірыкаў свету назваў адказных за каронавірус: разам з актывістамі – абаронцамі навакольнага асяроддзя таксама геі і лесбіянкі вельмі злуюць Бога.
Пратэстанцкі пастар Ральф Дролінгер як шэф “Групы Белага дому па вывучэнні Бібліі” у першай палове кожнай серады моліцца разам з членамі кабінета, такімі як дзяржсакратар Майк Пампеа, міністр адукацыі Бэсці ДэВос і міністр аховы здароўя Алекс Азар. Паводле ВВС, да таго ж 65-гадовы пастар амаль кожны тыдзень накіроўвае прэзідэнту Дональду Трампу васьмістаронкавы біблейскі часопіс – апошні час ад часу дасылае свае заўвагі ў адказ, кажа Дролінгер.
У апошнім нумары гэтага выдання ад 23-га сакавіка Дролінгер непасрэдна закранае пытанне каронавіруса: былы баскетбаліст-прафесіянал ростам 2,18 метра ўказвае пальцам на тых, хто нібыта вінаваты ў пандэміі. Паводле Дролінгера, Бог паслаў вірус, бо ён злуецца на тры віды людзей: прыхільнікаў “рэлігіі аховы навакольнага асяроддзя”, а таксама людзей, якія маюць “гнілыя думкі” ці “схільнасць да лесбіянства або гомасэксуальнасці”.
Дролінгер: Раззлаваны Бог ненавідзіць усіх нехрысціян
Нашпігаваны біблейскімі цытатамі часопіс утрымлівае загаловак “Ці судзіць Бог сёння Амерыку?” і робіць выснову, што пандэмія каронавіруса можа быць выклікана “раззлаванасцю Бога”. Ва ўсялякім выпадку большасць амерыканцаў усё яшчэ застаюцца “вернымі Богу”. Таму ЗША яшчэ пакуль не дасягнулі статусу Садома і Гаморы”. “Зусім наадварот: Амерыка сёння населеная многімі дзясяткамі мільёнаў верных прыхільнікаў Хрыста”, адзначаецца ў адным урадавым дакуменце. Ёсць толькі “нязначная меншасць”, якая з’яўляецца “непаслухмянай Богу”. Вернікі, аднак, дапусцілі, каб гэтыя бязбожнікі распаўсюдзіліся ва ўрадавым апараце, у сістэме адукацыі і СМІ. Гэта павінна быць зменена “з Божай дапамогай”.
Дролінгер, паводле выдання “The Intercept”, арганізуе падобныя біблейскія курсы ў Кангрэсе ЗША – два разы па тыдні. Да гэтага біблейскага курса належаць 52 сенатара і дэпутата, якія з’яўляюцца сябрамі партыі Трампа, у тым ліку такія высокапастаўленыя палітыкі як старшыня фракцыі рэспубліканцаў у палаце прадстаўнікоў Кэвін МакКарці.
Часопісы Дролінгера выказваюць рэлігійную падтрымку многім праектам урада Трампа. Так, пастар біблейскімі цытатамі абараняў тое, што дзеці мігрантаў мусяць быць прымусова аддзеленыя ад бацькоў, або выказваўся за паніжаныя падаткі для самых заможных амерыканцаў. Асабліва агрэсіўна ён выступае супраць іслама, які, па яго словах, з’яўляецца толькі “плагіятам” хрысціянскай веры і рыхтуе выключна міжнародных тэрарыстаў.
Многія гамафобныя вернікі традыцыйна робяць вінаватымі ў прыродных катастрофах ці іншых негатыўных з’явах квір-людзей. Дролінгер не з’яўляецца першым, хто ўскладае віну за каронавірус на сексуальныя меншасці. Ва ўсялякім выпадку, ён у гэтым плане самы высокапастаўлены.