Альтэрнатыўны КСД у Берліне: “Прайд ва ўмовах пандэміі магчымы”
Новы Крыстафер-Стрыт-Дэй (КДС) мусіць прайсці праз Берлін 27-га чэрвеня. Саарганізатар Насэр Эль-А’хмад – пра прайд у карона-часы і Black-Lives-Matter-Demo.
Цільман Варнэке
Насэр Эль-А’хмад разам з Штэфанам Кушнерам, Вольфгангам Баерам, Крысціянам Пульцам і Анэте С. Дэтэрынг з’яўляецца сябрам каманды арганізатараў альтэрнатыўнага Крыстафер-Стрыт-Дэй (КСД) у Берліне, які адбудзецца 27-га чэрвеня і мусіць прайсці праз цэнтр Берліна.
Яны падалі заяўку на правядзенне ў Берліне альтэрнатыўнага КСД, які мусіць выйсці таксама і на вуліцы – па-іншаму параўнальна з афіцыйным КСД, які месяцам пазней мае прайсці віртуальна. Чаму патрэбны дадатковы КСД?
Насэр Эль-Ахмад: па-першае: віртуальны КСД, натуральна, не з’яўляецца фальшывым. Ён таксама можа быць крэатыўным і ўздзейнічаць пазітыўна. Тым не менш, мы спыталі ў сябе, што мы можам зрабіць замест яго. Бо: Гома- і трансварожасць адбываюцца не ў он-лайне, а менавіта на вуліцы. Колькасць выпадкаў у адкрытай прасторы павялічваецца і павялічваецца. Нават па прычыне карона-пандэміі гома- і трансварожасць не ўзялі паўзу. Таму мы павінны праявіць сябе і на вуліцы.
Дэвіз гучыць так: “Захавайце наш прайд, захавайце нашу супольнасць”. Чаму супольнасць мусіць быць выратавана?
Менавіта па прычыне пандэміі цэлая супольнасць спыніла сваю актыўнасць. Не толькі клубы і бары, але і многія культурніцкія праекты і праекты дапамогі. Праўда, з’яўляюцца пэўныя палёгкі, аднак многія праекты, тым не менш, не ведаюць, як яны цяпер будуць фінансавацца. Нам, як ЛГБТІ-супольнасці, неабходныя гэтыя праекты, у іх мы можам адкрыта рухацца, у іх мы пачуваемся больш надзейна.
Ці варта разумець дэвіз як крытыку афіцыйнага КСД: а менавіта, што ён не выратуе супольнасць?
Наадварот. КСД-аб’яднанне прыйшло да высновы, што вялікая імпрэза з удзелам соцень тысяч людзей не можа быць праведзеная, ужо нават па прычыне правіл адлегласці. Гэта відавочна.
Тое, што мы плануем, непараўнальна: увесь шум вакол гэтага павінен суцішыцца. Мы не жадаем нейкай вечарынкі, але палітычнай дэманстрацыі. Тут не будуць нейкія фірмы, мы ў большай ступені адмаўляемся ад грузавікоў. Гэта павінна стаць знакам: вернемся да каранёў з КСД.
Вы жадаеце дэманстраваць супраць “сексуальнага апартэіда”. Як гэта зразумець?
Гэтае паняцце было выкарыстана пры канцы 90-х гадоў фемінісцкім рухам, каб тэматызаваць сістэматычныя і структурныя ціскі на жанчын. Па прычыне ўзмацнення гвалту ў дачыненні да ЛГБТІ ў Польшчы, Расіі і іншых краінах, які там прасоўваецца дзяржаўнымі структурамі, мы прынялі рашэнне выкарыстаць паняцце сексуальнага апартэіда таксама і для сістэматычнага пераследу ЛГБТ. Трэба нагадваць пра “зоны, свабодныя ад ЛГБТ”, якімі абвясціла сябе траціна Польшчы.
Дагэтуль пра КСД было вядома толькі, што ён адбываецца 27-га чэрвеня а 12-й гадзіне. Ці ёсць ужо больш падрабязныя дэталі, як і дзе павінен прайсці КСД?
Дзеля ўзгаднення мы знаходзімся ў цесным кантакце з упраўленнем масавых мерапрыемстваў, паліцыяй і дэпартаментам аховы здароўя. Мы пакуль не хочам агалошваць тое, што потым можа быць адменена. Таму мы дадаткова яшчэ паведамім дакладны маршрут, але не пазней за тыдзень да мерапрыемства.
Месцам збору мы абралі Нолендорф-плац, на ўскрайку Аляксандэр-плац. Каб падкрэсліць, што гэта менавіта палітычная дэманстрацыя, акцыя павінна прайсці міма пэўных аб’ектаў: расійскай амбасады, помніка знішчаных у часы нацызму гомасексуалаў і польскай амбасады, якая будуецца акурат паблізу ад Брандэнбургскай брамы.
Зараз вядзецца дыскусія, якім чынам на вялікіх дэманстрацыях можна прытрымлівацца такіх антыінфекцыйных ахоўных правіл, як трыманне адлегласці. Як вы можаце гэта выканаць?
Мы распрацавалі гігіенічную канцэпцыю, якую мы найбліжэйшымі днямі прадставім у дэпартамент аховы здароўя і ўпраўленне масавых мерапрыемстваў. Паліцыя дапаможа нам вытрымліваць адлегласць.
Ці можаце вы сказаць нешта больш канкрэтнае пра гігіенічную канцэпцыю?
Калона павінна быць увесь час у руху, мы хочам адмовіцца ад прыпынкаў-мітынгаў. Так прасцей захоўваць адлегласць. Мы таксама адмаўляемся ад выніковага мітынгу. Калі мы прыбудзем на Аляксандэр-плац, дэманстрацыя будзе адразу завершаная. Таксама і на пачатку мы не будзем чакаць апошніх, а адразу пачнём шэсце.
КСД павінен прайсці ад Нолен-плац да Аляксандэр-плац і прайсці ў тым ліку і ўздоўж расійскай амбасады. Сходаў вялікай колькасці людзей, якія мы нядаўна назіралі падчас Black Lives Matter-Demo або рэйву берлінскіх клубаў, мы пастараемся пазбегнуць. Мы жадаем падаць пазітыўную карцінку свету: прайд ва ўмовах пандэміі магчымы.
У грамадскай крытыцы прыводзіліся як прыклад дэманстрацыі берлінскіх клубаў у гарадскім порце, якія прывялі да рэйву без прытрымлівання правіл адлегласці. У выніку ўзнікла гаворка пра калектыўную безадказнасць. Тое самае можа тычыцца і КСД – як вы можаце гэта прадухіліць?
Як ужо сказана: мы падкрэсліваем палітычнасць. Запланаваны два грузавікі, з якіх актывісты будуць трымаць прамовы. Мы да таго ж запрасілі гасцей з Польшчы і Расіі. Але грузавікі мы будзем выкарыстоўваць яшчэ і для таго, каб змусіць людзей пастаянна вытрымліваць адлегласць.
У той жа самы дзень у Берліне мусіць адбыцца і чарговая Black-Lives-Matter-Demo. Не было б больш разумна развесці гэтыя мерапрыемствы па тэрмінах?
Мы планавалі сваю дэманстрацыю загадзя і паведамілі пра гэта. Таму мы крыху здзівіліся, што Black-Lives-Matter-Demo мяркуецца правесці ў той жа самы дзень, і нават запланаваны амаль што такі ж самы маршрут у амаль той жа самы час: згодна іх паведамленняў, акцыя павінна прайсці ад Аляксандэр-плац да Стэлы перамогі.
Ці спрабавалі вы дамовіцца?
Я ўвесь час спрабаваў наладзіць кантакт з Black-Lives-Matter-Demo. Мы прынамсі не хочам, каб людзі вагаліся, на якую дэманстрацыю ім ісці. Але ў нас нічога не атрымалася. Як “каляроваму” чалавеку мне вельмі шкада. “Каляровыя” людзі ў нас таксама прадстаўлены: тэмаю нашай дэманстрацыі з’яўляецца і тое, што ў супольнасці прысутнічае расізм.
На адрас вялікіх КСД выказваецца крытыка, што на іх недастаткова прадстаўлены лесбійскія жанчыны. Таксама і цяпер сярод арганізатараў на чатыры мужчыны даводзіцца толькі адна жанчына. Як вы можаце пацвердзіць, што лесбіянкі і іх праблемы будуць ўзятыя да ўвагі?
У нас ёсць акцэнт на тэме лесбійскай відавочнасці. Яго распрацавала наша лесбійская арганізатарка Анэт С. Дэтэрынг разам з актывісткамі. Як мужчыны мы сказалі: Адны мы не зможам гэта зрабіць – гэта мусяць рабіць лесбійскія жанчыны, яны мусяць паведамляць пра свой досвед і фармуляваць свае патрабаванні. Таксама мы маем і акцэнт на транс-тэме, для якога ў нас ёсць транс-асоба. Тое, што ў нас у аргкамітэце чатыры мужчыны і адна жанчына, з’яўляецца чыста выпадковым.
На якую колькасць удзельнікаў вы разлічваеце?
На фэйсбуку ёсць 400 пацвярджэнняў і 500 зацікаўленняў. Быў пазітыўны рэзананс, быў і негатыўны рэзананс – так адбылося падчас пандэміі. Мы, як каманда арганізатараў, і паліцыя разлічваем пакуль на 1000 удзельнікаў. А ўвогуле магчымую колькасць ацаніць даволі складана.