“New Generation” – апірышча для ЛГБТК-людзей Арменіі
Напаўшляху паміж ЕС і Расіяй, з цяжкім ваенным цяперашнім апынулася маляўнічая і старажытная Арменія. Краіна, у якой улады, нарэшце, ўбачылі ЛГБТК-супольнасць. Аднак і месца, дзе прызыўныя камісіі дагэтуль ставяць гомасэксуалам псіхіятрычны дыягназ.
Арман і Амаяк прадстаўляюць гуманітарную праваабарончую НДА “New Generation” у Арменіі.
Арганізацыя была заснаваная ў 1998 годзе. Перад ёй стаялі чатыры задачы: праваабарона і адвакатаванне прадстаўнікоў уразлівых групаў, забеспячэнне доступу прадстаўнікоў ЛГБТК і іншых уразлівых групаў да медыцынскіх і іншых грамадскіх паслугаў, умацоўванне прадстаўнікоў уразлівых групаў, а таксама стварэнне ўмоў для іх самападтрымкі.
Распавядзіце, калі ласка, пра гісторыю вашай арганізацыі і пра тое, якім чынам змяняліся яе мэты і задачы на працягу часу?
Спачатку “New Generation” была заснаваная ў Гюмры. Гэта другі па велічыні горад у Арменіі. З цягам часу мы вырашылі працаваць па ўсёй краіне і з меркаванняў бяспекі перабраліся ў сталіцу.
Мы надаем юрыдычную дапамогу прадстаўнікам ЛГБТК-супольнасці, дапамагаем у падрыхтоўцы юрыдычных дакументаў, прадстаўляем інтарэсы ЛГБТК-людзей у нядолі ў судах. Сярод іншага, займаемся стратэгічнымі цяжбінамі ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека, абараняючы правы ЛГБТК-людзей. Уваходзім у групу па маніторынгу дзейнасці ўстановаў пенітэнцыярнай сістэмы, адсочваючы ўмовы ўтрымання ў вязніцах прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасці і іншых уразлівых групаў.
Акрамя гэтага, ладзім трэнінгі і надаем дапамогу актывістам ЛГБТК па заснаванні і развіцці праваабарончых суполак і арганізацыяў.
“New Generation” – адзіная НДА ў Арменіі, якая надае бясплатныя паслугі па прадухіленні ВІЧ сярод МСМ, камерцыйных сэкс-работніцаў і трансгендарных людзей.
Таксама арганізацыя займаецца праваабарончай асветніцкай дзейнасцю сярод студэнтаў Акадэміі паліцыі і журналістаў. На сённяшні момант у нас склаўся пул прафесійных журналістаў, якія рыхтуюць публікацыі на тэму ЛГБТК для інтэрнэт-сайту “New Generation”.
Наколькі бяспечна і камфортна ЛГБТК-людзям у Арменіі? Ці маеце вы пэўныя гарантыі бяспекі і недыскрымінацыі з боку дзяржавы?
Пасля “аксамітнай рэвалюцыі” былі спадзяванні, што праз 2-3 гады ўсё зменіцца да лепшага. На жаль, нічога такога амаль не сталася. Так, мы можам выказвацца. Так, нас чуюць улады. Але ўладам бракуе жадання нешта змяняць.
Гэтак трансгендарныя людзі не маюць роўнага доступу да грамадскіх паслугаў. А тэма роўнасці і недыскрымінацыі ЛГБТК-людзей часцяком выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах без належнага выніку. Напрыклад, яе ўзгадваюць, каб паказаць, якім дрэнным быў папярэдні ўрад, які адрываўся ад расійскіх “абаронцаў нашых традыцыяў”.
Ці існуе ў Арменіі антыдыскрымінацыйнае заканадаўства?
На жаль, не. Яно распрацоўваецца, здаецца, з 2013 года, але дагэтуль не прынятае. Захрасла ў міністэрстве юстыцыі. А зараз, як маем пагрозу ўвядзення ваеннага стану, увогуле гэта тэма сышла далёка на задні план. Аднак, так ці іначай, абароны па прыкмеце сэксуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці вы там не знойдзеце. Міністэрства наадрэз адмовілася ўключасць гэтую абарончую характарыстыку ў праект закона. У тым ліку, спасылаючыся на адмоўны досвед Малдовы і Грузіі, дзе прыняцце падобнага прававога акта спрычыніла масавыя акцыі пратэсту кансерватыўных грамадзянаў, якія палічылі яго “законам для ЛГБТ”.
Ці прызываюцца прадстаўнікі ЛГБТК супольнасці ў армянскае войска?
Калі асоба адкрыта кажа пра сваю гома- або бісэксуальную арыентацыю ці трансгендарную ідэнтычнасць, падчас медкамісіі у ваенкамаце выпісваецца накіраванне на псіхіятрычную экспертызу. На падставе яе прызыўніка камісуюць з дыягназам аб наяўнасці псіхічнага захворвання.
Аднойчы быў выпадак, калі пасля такога камісавання ў хлопца анулявалі кіроўчыя правы.
Ён звярнуўся са скаргай у суд. Суддзя распарадзіўся аднавіць правы, прызнаючы, што ён-такі хворы, але не нагэтулькі, каб не быць у стане кіраваць машынай.
На жаль, псіхіятрычная экспертыза – гэта адзіны магчымы шлях для адкрытых ЛГБТК-людзей у Арменіі пазбегнуць фізічнага і псіхалагічнага цкавання па месцы службы. Верагоднасць такога катавання як у войску, так і ў месцах зняволення вельмі высокая. А наступствы надзвычай сур’ёзныя – самагубствы і ментальныя захворванні.
Ці ёсць у Арменіі нейкія публічныя месцы, кавярні, начныя клубы, дзе ЛГБТК-людзі могуць адчуваць сябе бяспечна?
Такіх ЛГБТК-фрэдлі месцаў у Арменіі вобмаль. Найцяжэй для трансгендарных асобаў. Я ведаю толькі адзін напаўпадпольны начны клуб, куды могуць спакойна завітаць трансгендарныя людзі і не хвалявацца за сваю бяспеку.
Аднак мы самі ладзім імпрэзы на Сусветны дзень барацьбы са СНІДам, спалучаючы асветніцкі і забаўляльны бакі ў межах аднога мерапрыемства.
Таксама мы арганізуем летнікі і школы LIFE для прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасці, дзе ЛГБТК-людзі могуць атрымаць карысныя веды па лідарстве і праваабароне і пабыць разам.
Як вы запрашаеце ўдзельнікаў вашых мерапрыемстваў, каб на іх не патрапілі дрэнныя людзі?
Мы надаем адмысловую ўвагу пытанням бяспекі і загадзя дасылаем паведамленне ў паліцыю пра нашы планы, просім ахоўваць месца правядзення імпрэзы. На жаль, не так даўно падчас святкавання IDAHOT Day на месца правядзення нашай сустрэчы адбыўся напад. Гэта было публічнае мерапрыемства з замежнымі гасцямі. Таму, каб пазбегнуць падобных праблемаў надалей, мы вырашылі супрацоўнічаць з дэпартаментам паліцыі.
На жаль, большасць паліцыянтаў не мае ніякага паняцця пра тое, як абараняць прадстаўнікоў уразлівых групаў. Аднак, дзякуючы нашым асветніцкім праваабарончым трэнінгам, супрацоўнікі праваахоўных органаў пачынаюць разумець, што яны маюць абараняць кожнага грамадзяніна краіны.
Мы распачалі праграму доўгатэрміновай супрацы з Акадэміяй паліцыі Арменіі. Адмысловы курс па праблеме дыскрымінацыі і правах ЛГБТК-людзей быў уведзены ў навучальную праграму гэтай навучальнай установы. Цяпер будучыя паліцыянты здаюць іспыт па гэтым прадмеце.
Ці ладзіліся прайды ў гісторыі Арменіі?
Ладзіліся ўсяго пару невялікіх мерапрыемстваў з удзелам 10-15 чалавек, якія наўрад ці можна назваць прайдамі. Мы называлі іх “Шпацыры разнастайнасці”. Аднак удзельнікі прайшліся па горадзе са сцягамі і іншай сімволікай разнастайнасці. Паліцыя шчыльным колам адгароджвала ўдзельнікаў “Шпацыраў”, прадухіляючы магчымыя напады.
Праз 2-3 гады мы плануем зладзіць больш грунтоўнае мрапрыемства з сапраўднай атмасферай прайда.
У двух словах распавядзіце, калі ласка, якое было ваша найвялікшае дасягненне за гады дзейнасці. І найвялікшая перашкода, з якой вам давялося сутыкнуцца.
Найвялікшае дасягенне – гэта бачнасць ЛГБТК-супольнасці ў Арменіі. Цяпер кожны ведае, што гэтыя людзі існуюць. Яшчэ не так даўно гэты факт ставіўся пад сумніў.
Найвялікшае выпрабаванне – гэта ваеннае становішча, пасля якога патрэбны час, каб акрыяць.
Ведаючы сітуацыю ў Беларусі, што б вы маглі параіць беларускім ЛГБТК-праваабаронцам і журналістам, каб не ўпасці ў роспач?
- Як рэлігійны чалавек, я хачу сказаць, што трэба паверыць у тое, што неўзабаве ўсё будзе добра. Каб пазбегнуць дэпрэсіі, не варта маляваць нейкія ідэальныя карцінкі ў галаве, бо самі па сябе яны недасягальныя. Трэба ставіць канкрэтныя мэты і рабіць крокі па іх дасягненні.
Калі адчуваеце, што выгараеце, кідайце ўсё, заставайцеся самімі сабою, жывіце сваім жыццём. Атачайце сябе тымі, хто не заганяе вас у дэпрэсію.
- Узгадайце, колькі ўжо ахвяраў было ў мінулым. Варта зразумець, што, магчыма, вашыя намаганні прынясуць станоўчы вынік толькі наступным пакаленням. Таму нават калі дасягненні невідавочныя, памятайце, праз колькі ўжо давялося прайсці вашым папярэднікам. Стаўце перад сабой новыя мэты. І добрая будучыня для ЛГБТК-людзей з належнай роўнасцю і недыскрымінацыяй будзе не за гарамі.
Чытайце таксама: ВИДЕО! ТОП гей прайдов мая 2021 года 🏳️🌈