Ноер задаволены станоўчай рэакцыяй на вясёлкавую павязку
Капітан нямецкай зборнай перад гульнёй з Англіяй кажа пра заангажаванасць дзеля адкрытага і талерантнага грамадства.
Мануэль Ноер, капітан нямецкай нацыянальнай зборнай па футболе, задаволены станоўчай рэакцыяй на сваю вясёлкавую павязку на еўрапейскім першынстве. У адказ на рэзананс 35-гадовы брамнік заявіў штомесячнаму футбольнаму выданню “Кікер”: “Я лічу, што гэта добра. Такім чынам відаць, дзе мы знаходзімся ў нашым грамадстве, і што мы ў 2021 годзе ў цэнтры Еўропы зайшлі настолькі далёка, што мы як адкрытае, талерантнае грамадства падобную акцыю разглядаем як вельмі пазітыўную”, адзначыў чэмпіён свету 2014 году. “Дарэчы, ад нашага насельніцтва я і не чакаў нічога іншага, і мы як каманда можам толькі сказаць, што мы за гэта вельмі ўдзячныя”.
Ноер паведаміў, што і на наступнай гульні ў аўторак ён будзе насіць стракатую капітанскую павязку. Нацыянальная каманда а 18-й гадзіне выступіць на лонданскім стадыёне Уэмблі супраць зборнай Англіі. Той, хто прайграе ў адной восьмай фіналу, пакідае Чэмпіянат Еўропы.
Ноер вітае таксама заангажаванасць англічан у»Black Lives Matter«
У інтэрв’ю Ноер таксама вітаў той факт, што англійская каманда перад усімі трыма групавымі гульнямі сімвалічна станавілася на адно калена, каб прадэманстраваць салідарнасць з грамадскім рухам «Black Lives Matter». Ён і яго калегі па камандзе палічылі гэта файным і абмяркоўвалі тое. “Часта ў мінулым было так, што мы не пазіцыянавалі сябе палітычна такім чынам, а замест таго следавалі звыклым накірункам. Аднак цяпер – дзякуючы таксама і сацыяльным медыя – кожны мае больш уплыву, каб нешта прасоўваць”, сказаў Ноер. “Мы хочам надаць нацыянальнай камандзе такое аблічча і паказаць людзям, што апроч футбола таксама ёсць вельмі важныя рэчы, на якія мы ўказваем і за якімі мы стаім”. Ва ўсялякім выпадку, гульцы зборнай з’яўляюцца прыкладам для многіх дзяцей і падлеткаў. Ноер мяркуе, што “у гэтым плане мы з’яўляемся акурат добрым прыкладам”.
Ноер падчас трох кваліфікацыйных гульняў супраць Францыі, Партугаліі і Бельгіі выступаў з вясёлкавай павязкай. УЕФА завяло расследаванне супраць Ноера з-за павязкі як забароненага палітычнага сімвала, але спыніла яго пасля грамадскага абурэння. Толькі з “Альтэрнатывы для Германіі” гучала крытыка за “педзікаўскую” павязку.
На гульні з Венгрыяй УЕФА ўсё ж забараніла Мюнхенскаму стадыёну ўключыць вясёлкавую падсветку. Гэта выклікала жорсткую крытыку, многія спонсары загадалі на адказ падсвяціць сваю стужачную рэкламу вясёлкавымі фарбамі.