Хав’ер Бэтэль: Стан цяжкі, але стабільны
Прэм’ер-міністр Люксембургу пасля захворвання на карона-вірус мусіць і надалей заставацца ў шпіталі. Ягоны стан аднак стабільны, і ён можа надалей выконваць свае абавязкі кіраўніка ўраду.
Захварэлы на Ковід-19 кіраўнік ураду Люксембургу Хав’ер Бэтэль, паводле афіцыйных дадзеных ураду, знаходзіцца “у сур’ёзным, аднак стабільным стане”. “Медычны персанал датычна прэм’ер-міністра вырашыў, што на гэты момант знаходжанне ў клініцы яшчэ з’яўляецца неабходным, каб працягнуць назіранне на меркаваны тэрмін 2-4 дні”, паведамляецца ва ўрадзе. 48-гадовы мужчына мае скаргі на дыханне, але няма патрэбы рабіць яму штучную вентыляцыю лёгкіх, даведалася агенцтва навін AFP з бюро Бэтэля.
Бэтэль, які 6 траўня прывіўся вакцынай Астразэнека, каля тыдня таму назад здаў станоўчы тэст на карона-вірус і ў нядзелю быў дастаўлены ў шпіталь. Там у яго была выяўлена недастатковая насычанасць кіслародам. Між тым, Бэтэль знаходзіцца пад пастаянным медычным наглядам.
“Прэм’ер-міністр і надалей будзе каардынаваць працу ўраду”
Міністру фінансаў П’еру Граменья было даручана “найлепшым чынам” працягваць урадавыя мерапрыемствы, адзначаецца далей. Бэтэль, як і раней, усё трымае пад кантролем, падкрэслілі ва ўрадзе: “Прэм’ер-міністр і надалей будзе каардынаваць працу ўраду і выконваць свае абавязкі на адлегласці”.
48-гадовы Хав’ер Бэтэль ад 2013 году з’яўляецца першым адкрытым геем — кіраўніком ураду Люксембургу і лідарам кааліцыі яго Ліберальнай партыі з сацыял-дэмакратамі і Зялёнымі. Пры ягоным прэм’ерстве былі адкрытыя шлюбы для геяў і лесбіянак. У 2015 годзе Бэтэль пабраўся шлюбам са сваім сябрам.