Паспець на West Pride!
Надакучыла восеньская хандра, бясконцая самаізаляцыя і агрэсіўная саўдэпаўская гамафобія? Гайда лавіць апошнія промні ласкавага сонца на яскравым West Pride у Гётэборгу!!!
У Швецыі з 28 верасня 2021 года адмянілі ўсе абмежавальныя захады, звязаныя з каранавірусам. Чым не нагода наведацца на восеньскі West Pride у прыморскім Гётэборгу, які адбываецца ў гэтыя дні?
“Летась прайд быў адменены ў апошні момант з-за кавіду,” — кажа генеральная менеджарка West Pride Эма Гунтэрберг Сахс. “Сёлета таксама давялося некалькі разоў пераносіць фэст, бо санітарныя абмежаванні мяняліся вельмі імкліва, у тым ліку на падарожжы. Аднак цяпер, нягледзячы на некалькі пераносаў, мы надзвычай усцешаныя, бо ўрэшце зноў будзе сапраўдны прайд,” — дадае яна.
Ужо другі год запар Гётэборг атрымоўвае статус найбольш прыязнага да ЛГБТ-людзей горада Швецыі. Такое дасягненне – плён адданай асветніцкай працы каманды West Pride на працягу ўсяго года – у садочках, школах, у вну. Варта заўважыць, што яшчэ ў 1990-х гэты другі па велічыні горад Швецыі адрозніваўся кансерватызмам, што рабіла тут жыццё ЛГБТК-людзей цяжкім выпрабаваннем.
Практычна кожны трамвай і кожны гарадскі аўтобус у Гётэборгу ўпрыгожаны вясёлкавымі сцяжкамі – нагадка месцічам пра ЛГБТК-супольнасць і яе барацьбу за раўнапраўе і недыскрымінацыю. Таксама вялізныя вясёлкавыя палотнішчы лунаюць над будынкамі органаў мясцовых уладаў, школаў, упрыгожваюць гандлёвыя цэнтры, вуліцы і скверы.
Стварэнне атмасферы свята сталася магчымым дзякуючы сталай супрацы каманды West Pride з мясцовым гарадскім самакіраваннем.
Праграма West Pride 2021 вельмі насычаная. Кожны знойдзе сабе нешта на свой густ – фотавыставы, кінапаказы і дыскусіі, літаратурныя вечарыны і праваабарончыя семінары, канцэрты і дыскатэкі ў агромністым крытым Прайд парку і на іншых пляцоўках горада.
Усе мерапрыемствы West Pride 2021 бясплатныя для наведвання.
Кульмінацыяй праграмы традыцыйна станеццца Прайд-парад, які пройдзе па цэнтральных вуліцах Гётэборгу другога кастрычніка.
Сачыце за відэатрансляцыямі на Youtube канале Gaypress!
Калі ў вас ёсць віза Шэнген, патрапіць на West Pride усё яшчэ рэальна!!!
Вось лайфхакі для вас:
- Залятайце ў Швецыю з краінаў ЕС. З Варшавы ў Гётэборг ёсць прывабныя лоўкосты са смешнымі коштамі.
- Для пасадкі на рэйс у Швецыю Вам дастаткова зрабіць танны антыген-тэст. Ніякіх тэстаў не трэба рабіць, калі вы прышчэпленыя адной з супрацькавідных вакцынаў, якія прызнаюцца Сусветнай арганізацыяй па ахове здароўя. У тым ліку Сінафарм, якім прышчапляюць у Беларусі. Захапіце сертыфікат аб вакцынацыі з QR-кодам на ангельскай мове.
- Кошты на пражыванне ў Гётэборгу вагаюцца ад 20 еўра за ноч за койку ў хостэле да 80 еўра ў недарагім гатэлі са сняданкам. На дзіва, за 1-2 дні да паездкі на сэрвісах браніравання вы знойдзеце на парадак болей прывабных прапаноў, чым, скажам, за тыдзень-два да паездкі.
- Кошты на харчаванне ў Швецыі ўжо параўнальныя з беларускімі. Бізнэс-ланч абыдзецца Вам ў 10-15 еўра ў эквіваленце. Вячэра ў рэстарацыі сярэдняй рукі – 20-30 еўра. Практыка паказвае, што найтанней харчавацца ў кавярнях і рэстарацыях фудкортаў мясцовых гандлёвых цэнтраў.
- Раім для вяртання дадому выбіраць першыя транзітныя краіны, у якіх патрабуецца сертыфікат аб вакцынацыі або экспрэс-тэст на антыгены – Польшча, Украіна. ПЦР-тэсты ў Швецыі шалёна дарагія – ад 150 еўра ў эквіваленце.
- З важных фразаў, якія варта ведаць у Швецыі:
Hej-hej (“Хэй-хэй”) – прывітанне,
Tack så mycket (“Так со ‘мюке”) — дзякуй,
Förlåt (“Фё’лот”) — прабачце,
Hej då (“Хэй ‘до”) – пакуль,
Rea (‘Реа) – распродаж. 🙂
VÄLKOMNA TILL WEST PRIDE I SVERIGE! ЛАСКАВА ЗАПРАШАЕМ НА WEST PRIDE У ШВЕЦЫІ!