ТУПІЛАК узнагародзіў культурніцкую ініцыятыву SAQMI “крыламі” ILGCN
Падчас West Pride 2021 у Гётэборгу заснавальнік арганізацыі ЛГБТ-прадстаўнікоў культуры ТУПІЛАК Біл Шылер уручыў ганаровы дыплом Міжнароднай сеткі культурніцкіх ЛГБТ-ініцыятываў ILGCN заснавальніцы культурніцкай платформы SAQMI (Шведскі архіў рухомых квір-выяваў) Ані Ліндар.
Адмысловы дыплом пад назвай “Крылы” быў уручаны за:
…неверагодна вялікі ўнёсак у галіне ЛГБТ-кінематаграфіі ў якасці акторкі, куратаркі, кінарэжысёркі і даследніцы;
… за асаблівую ўвагу да часта ігнараванай культуры народнасці саамаў на скрайняй поўначы нардычнага рэгіёну;
… за выкарыстанне культуры як магутнай зброі ў барацьбе з гамафобіяй, неталерантнасцю, няведаннем, небачнасцю і замоўчваннем;
… за доказ таго, што калі колеры вясёлкі перасякаюць геаграфічныя і псіхалагічныя бар’еры, яны не робяцца больш бляклымі, а робяцца больш зіхоткімі, бачнымі кожнаму, хто ўзіраецца ў неба.
Назва ўзнагароды – “Крылы” паходзіць ад нямога шведскага фільма “Vingarne”, які зняў шведскі кінарэжысёр-гей Морыц Стылер у 1916 годзе. У гэтай карціне распавядаецца пра няўдалую гісторыю кахання паміж скульптарам і яго натуршчыкам, які пазаваў для скульптуры прыгожага маладога юнака Ганімеда са старажытнай Грэцыі. Паводле легенды, у Ганімеда закахаўся Зеўс, спусціўся на зямлю ў вобразе арла (адсюль і крылы) і аднёс юнака на нябёсы. Ці не найбольш старажытная гісторыя гомасексуальнага кахання была пакладзена ў аснову сюжэта гэтага, бадай, найстарэйшага ў свеце фільма пра геяў.
Журналіст Gaypress сустрэўся з лаўрэаткай “Крылаў” Анай Ліндэр і задаў ёй некалькі пытанняў.
— Па-першае, віншаванні з ганаровым дыпломам! Калі ласка, распавядзіце крыху, чаму вы сталі лаўрэаткай?
— Дзякуй! Насамрэч, я атрымала два дыпломы – асабіста мой і ініцыятывы SAQMI. Што тычыцца асабістага, я думаю, што быў заўважаны мой працяглы актывізм у TUPILAK, а таксама тое, што я займаюся папулярызацыяй культуры саамаў. Я нарадзілася на скрайняй поўначы ў Лапландыі, але жыву ў Гётэборгу. Другі дыплом я атрымала ад імя ініцыятывы SAQMI – Шведскага архіву рухомых квір-выяваў, які я заснавала чатыры гады таму. У ім працуе шмат людзей. Таму гэта ўзнагарода не толькі для мяне, але і для ўсёй арганізацыі.
— Як распачалася гэтая ініцыятыва? Каму прыйшло ў галаву збіраць архіў рухомых квір-выяваў?
— Усё распачалося з майго даследавання відэаматэрыялаў на тэматыку ЛГБТК. Я шукала нейкія архівы, але такіх [у Швецыі – заўв. Gaypress] проста не існавала. Тады я пашукала магчымасці, каб стварыць такі архіў і пачала працу над яго складаннем. У мяне ёсць паплечнікі, якія працуюць над падобным архівам у Канадзе. Яны распачалі гэту дзейнасць, здаецца, годам раней за мяне.
— Ці ёсць нейкі станоўчы эфект ад стварэння гэтага архіву, у прыватнасці, для ЛГБТ-супольнасці на скрайняй поўначы Швецыі?
— Так, вядома, была створаная платформа для камунікацыі паміж людзямі на базе архіву. Людзі не ведаюць сваю квір-гісторыю і не ведаюць пра існаванне відэаматэрыялаў, якія яе адлюстроўваюць. Таму была заснаваная гэта камунікацыйная платформа. На сённяшні момант у архіве больш за трыста сюжэтаў. Праўда, не ўсе з іх дасяжныя анлайн. Шмат рэжысёраў і іншых людзей са сферы культуры спрычыньваюцца да развіцця архіву, да рэканструкцыі відэаматэрыялаў. І гэта не робіцца на валанцёрскай аснове. Мы атрымоўваем шмат данатаў на гэту дзейнасць.
— Падчас фэсту West Pride 2021 вы прэзентавалі другую частку Шведскага архіву рухомых квір-выяваў. Чаму частка 2? Ці будзе частка 3? І што наконт часткі 1?
— Гэта праект у рамках архіву, прысвечаны гісторыі квір-руху. Частка 1 складалася з трох шведскіх фільмаў пра жыццё трас-супольнасці за мяжой. Гэта былі першыя ў гісторыі Швецыі дакументальныя стужкі на гэту тэматыку. Частка 2 прысвечаная квір-руху за раўнапраўе ў Швецыі. Яна складаецца з дакументальных відэа пра першыя прайд-парады, якія на той момант, насамрэч, не былі паўнавартаснымі прайд-парадамі. Гэта былі паасобныя актывісты, якія спрычыньваліся да барацьбы ў розных частках Швецыі.
— Ці можна знайсці ваш архіў анлайн?
— Так. У нас ёсць САЙТ. На ім можна знайсці відэаплэер і аўдыёплэер, каб азнаёміцца з нашай архіўнай калекцыяй.
У Беларусі даследаваннем і папулярызацыяй квір-гісторыі краіны ў нядаўнім мінулым займаліся грамадскія ініцыятывы “Makeout” і “DOTYK”
Крыніца: saqmi.se