Гістарычны крок да роўнасці ў Ізраілі: скасаваная забарона на сурагатнае мацярынства для ЛГБТ+

время чтения: 2 мин

З 11 студзеня 2022 года Ізраіль дазваляе аднаполым парам, самотным мужчынам і трансгендарным асобам карыстацца сурагатным мацярынствам. Гэтаму рашэнню папярэднічала дзесяцігоддзе зацятых юрыдычных баталіяў.

Міністр аховы здароўя Ніцан Гаравіц абвясціў надоечы, што новыя правілы, якія робяць сурагатнае мацярынства даступным для ўсіх сем’яў, уступаюць у сілу 11 студзеня 2022 года.

Гістарычны крок да роўнасці ў Ізраілі: скасаваная забарона на сурагатнае мацярынства для ЛГБТ+
Дагэтуль сурагатнае мацярынства ў Ізраілі было законна толькі для гетэрасексуальных сямейных пар і самотных жанчын, якія прасілі сурагатную маці насіць іх біялагічнае дзіця. Аднаполыя пары і самотныя мужчыны павінны былі выязджаць за мяжу, калі жадалі атрымаць доступ да сурагатнага мацярынства, што значна ўскладняла працэс і рабіла яго яшчэ больш дарагім.

У ліпені 2021 года Вярхоўны суд Ізраіля пастанавіў, што адмова аднаполым парам у правах сурагатнага мацярынства з’яўляецца незаконнай, і што гэта забарона павінна быць адменена.

Як паведамляе выданне Times of Israel, абвяшчаючы аб адмене забароны, Гаравіц сказаў: «Сёння мы паклалі канец несправядлівасці і дыскрымінацыі. Кожны мае права на бацькоўства».

Гаравіц – другі міністр у гісторыі Ізраіля – адкрыты гей. Ён падкрэсліў, што новыя правілы сурагатнага мацярынства будуць уключаць трансгендарных бацькоў, і што яны дазволяць «будучым бацькам, гей-парам і, па сутнасці, кожнаму чалавеку ў Ізраілі роўны доступ да сурагатнага мацярынства ў Ізраілі».

«Гэта хвалюючы дзень для мяне, як для міністра-гея, які добра ўсведамляе выключэнне і дыскрымінацыю ў дачыненні да сябе на працягу многіх гадоў. Гэта таксама мая асабістая барацьба», — дадаў ён.
Пастанова суда ў 2021 годзе аб сурагатным мацярынстве была прынятая больш чым праз дзесяць гадоў пасля таго, як хадайніцтва было ўпершыню пададзена ў Вярхоўны суд Ізраіля ў 2010 годзе парай геяў Этаі Пінкас Арад і Ёаў Арад Пінкас.

Арад і Пінкас у сваёй заяве адзначылі, што судовы вердыкт азнаменаваў «гістарычны дзень» і «дзень радасці для ізраільскага грамадства ў цэлым і, у прыватнасці, для ЛГБТ+-супольнасці, таксама з-за ўключэння ў папраўку да закона трансгендарных людзей”.

Aguda – Асацыяцыя роўнасці ЛГБТК у Ізраілі выступіла з заявай у сацыяльных сетках: «Пасля гадоў барацьбы на вуліцах, у судах, у Кнэсеце і ва ўрадзе мы дасягнулі поспеху, і гэта наша агульнае дасягненне.

Права быць бацькамі з’яўляецца базавым правам кожнага чалавека, і сёння мы робім гістарычны крок у барацьбе за роўнасць. Разам з радасцю мы ведаем, што і сёння наша барацьба яшчэ далёкая ад заканчэння. Шлях яшчэ доўгі і пачынаецца перш за ўсё з прадстаўнікоў найбольш уразлівых груп ЛГБТ+-супольнасці. І мы тут, каб працягваць змагацца за правы ўсіх нас дзе б мы ні былі».

Крыніца: www.pinknews.co.uk

 

Также по теме: 7 фильмов ЛГБТ на кинофестивале «Сандэнс» в 2022 году