Таты геі падзяліліся няпростым досведам усынаўлення сваіх «зорачак на ўсе часы»

время чтения: 5 мин

У сусветны Дзень усынаўлення мы гутарым з геем Гарэтам Пітэрам, гордым татам двух дзетак.

Гомасексуальны мужчына Гарэт Пітэр заўсёды хацеў стаць бацькам, але, узгадоўваючыся ў краіне з гамафобнымі законамі, ён не спадзяваўся, што ягоная мара калі-небудзь станецца рэальнасцю.

Цяпер ён шчаслівы тата двух хлопчыкаў, Энтані і Ноя. Гэта была даўняя мара для 40-гадовага Гарэта і яго 38-гадовага партнёра Марка, якія жывуць у Нотынгеме. З моманту знаёмства ў 2004 годзе абодва ведалі, што хочуць даць другі шанец дзецям, якія нарадзіліся ў цяжкіх сямейных умовах.
Іх мара ажыццявілася ў 2015 годзе, калі яны ўсынавілі Энтані. Праз два гады да іх сям’і далучыўся Ной, які ўзбагаціў іх дружнае сямейнае кола. Азіраючыся назад, Гарэт кажа, што стварэнне сям’і з прыёмнымі дзецьмі было найлепшым з іх дасягненняў.

«Я ведаў, што хачу стаць бацькам, калі мне было каля 14 гадоў, і гэта жаданне заставалася са мной заўжды, сапраўды, аж да таго часу, пакуль я не стаў дарослым», — распавядае Гарэт ў інтэрв’ю выданню PinkNews. «…Нам ніколі не распавядалі пра геяў у школе, я ніколі не ведаў ніводнага гея, нікога не было, ніхто не быў адкрыты. У мяне было проста жахлівае пачуццё, што я застануся нейкім дзіўным назаўжды, і што я ніколі не стану татам», — дадае ён.
Ідэя стварэння сям’і ўзнікла ў размове толькі пасля таго, як Гарэт завязаў свае першыя «сурёзныя дарослыя стасункі» ў дваццацігадовым узросце.

Таты геі падзяліліся няпростым досведам усынаўлення сваіх «зорачак на ўсе часы»

«Нашы стасункі пачаліся ў 2004 годзе, а ў 2002 годзе аднаполыя пары [у Вялікабрытаніі — заўвага Gaypress] змаглі законна ўсынаўляць дзяцей. Для нас гэта было не проста рухам за хваляй пераменаў. Гэтая змена была як быццам бы адмыслова для нас. І вось мы змаглі нешта рабіць, каб ажыццявіць нашу мару», — падзяліўся сваімі ўспамінамі Гарэт Пітэр. «Першапачаткова мы з партнёрам абмяркоўвалі розныя спосабы, як можна разбудаваць сям’ю, і нават маракавалі пра сурагатнае мацярынства. Але мой партнёр — сацыяльны работнік, а я проста люблю дзяцей, таму намі апанавала ідэя стварыць дом для дзіцяці, якому патрэбны новы старт, якога крыху груба выхоўвалі, у якога былі бацькі, якія не ўмелі даглядаць за ім. Для нас гэта была важная задума, таму што мы атрымлівалі тое, што хочам, і маглі нешта зрабіць для гэтага малога. Карацей, мы вырашылі ўсынавіць дзіця і звярнуліся ў адну мясцовую дзяржаўную ўстанову ў нашым раёне», — кажа Гарэт Пітэр.
Для Гарэта і Марка ўсё «ўстала на свае месцы», але працэс усынаўлення быў не заўсёды простым. Аднаполая пара павінна была пераадолець шэраг перашкод, каб стварыць сваю сям’ю. Ім давялося мець справу з фінансавымі аўдытамі і праверкамі асабістых гісторыяў. Таксама ў рамках працэсу разгляду заяўкі пара вытрымала іспыт на разуменне «духу бацькоўства».

«…Калі вы пяройдзеце на другі этап, яны размаўляюць з вашай сям’ёй і сябрамі, ладзіцца вельмі дбайная праверка асабістай гісторыі, а таксама адсутнасці правапарушэнняў органамі паліцыі. Яны нават вывучаюць вашыя мінулыя стасункі. Пасля гэтага вы ідзяце на разгляд калегіі, у якую ўваходзяць каля васьмі розных асобаў, дзе прымаецца рашэнне па вашай заяўцы на аснове справаздачаў, складзеных па выніках першага і другога этапаў яе разгляду. Калі ўсё паспяхова, і калегія ўхваляе вашу просьбу, пачынаецца непасрэдная працэдура. Вы працуеце з сацыяльным педагогам, каб быць дапасаваным да дзіцяці, згодна ўпадабанняў прыёмнага дзіцяці, і вашых чаканняў, як новых прыёмных бацькоў», — распавядае Гарэт Пітэр.

Гарэт і Марк двойчы спыняліся на этапе дапасавання, перш чым ім удалося паспяхова ўсынавіць дзіця. «Абодва першыя правалы былі з-за праблем, якія не здолелі вырашыць сацыяльныя работнікі», — кажа Гарэт. «Было крыху сумна, але ўсё ОК, таму што, як я кажу, Бог любіць троіцу. Мы сустрэлі нашага абсалютна цудоўнага сына і правялі з ім два чароўныя гады, перш чым вырашылі ўсынавіць яшчэ адно самотнае дзіця, каб у сына быў брат».
Новаспечаныя бацькі сутыкаюцца з велізарнай перабудовай, калі яны вітаюць дзяцей у сваім жыцці. Аднак Гарэт кажа, што пераход на самай справе быў значна прасцей, чым ён чакаў: «Я ўпэўнены, што ёсць момант, калі кожны з бацькоў кажа: «Божа, у нас цяпер дзіця, што мы будзем рабіць? Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб накарміць яго, апрануць і захаваць жывым. Я ўпэўнены, што кожны з бацькоў так думае. І ў пэўнай ступені так, мы адчувалі гэта, але нам было нашмат лягчэй. У нас не заўсёды былі бяссонныя ночы, калі трэба ўставаць а трэцяй гадзіне, каб даць дзіцяці бутэлечку ці іншыя рэчы». Пара абмінула гэты складаны этап, таму што Энтані быў адзін год, калі яны яго ўсынавілі, а гэта значыць, што ў яго ўжо быў свой расклад. «Усё проста ўстала на свае месцы», — узгадвае Гарэт.

Таты геі падзяліліся няпростым досведам усынаўлення сваіх «зорачак на ўсе часы»

«Калі ты знаходзіш сваю зорачку, ты ведаеш гэта адчуванне. А ў мяне дома іх зараз цэлых дзве.»

Дынаміка змянілася, калі праз два гады яны ўсынавілі Ноя. «У нашага сямейнага кола была пэўная мадэль, пэўны спосаб дзеянняў, і калі вы прыводзіце зусім іншае дзіця з іншымі патрэбамі, вы бачыце, што ёсць сутыкненні і розныя падыходы, якія часам могуць быць крыху складанымі і супярэчлівымі. Але тут гаворка ідзе пра тое, каб уладкавацца ў рытм і спосаб дзеянняў, які добры для ўсіх. Кожнае дзіця рознае, і нават калі б у вас было двое біялагічных дзяцей, не народжаных адначасова, яны былі б вельмі рознымі асобамі з рознымі патрэбамі. Вы вучыцеся расці, развівацца і адаптоўвацца. Я думаю, што выхаванне, насамрэч, — гэта адаптацыя», — падкрэслівае Гарэт.

Многія ЛГБТ+ людзі, як самотныя, так і пары, задумваюцца аб усынаўленні, калі ўваходзяць у дарослае жыццё, і Гарэт ведае, што многія людзі ўсхваляваныя такой перспектывай. Ён лічыць, што некаторым гэта можа здацца непераадольным выклікам, але, на яго погляд, гэты працэс цалкам варты выніку.
«Калі ў вас стабільнае і бяспечнае хатняе жыццё, і вы знаходзіцеся ў адносінах са сваім партнёрам на працягу значнай колькасці часу, вы павінны абавязкова пайсці на гэты крок. Для мяне гэта адказ на адну з маіх мараў, і я ведаю, што ёсць шмат ЛГБТ+ людзей, якія таксама маюць такія мары. Таму не стрымлівайце свае жаданні. Аднак спачатку пераканайцеся, што гэта тое, чаго вы сапраўды прагнеце.

 

«Прычына, па якой я сказаў пра ўстойлівыя і стабільныя стасункі на працягу значнай колькасці часу, заключаецца ў тым, што, наколькі я ведаю, некалькі ЛГБТ+ людзей атрымалі адмову з-за таго, што яны не былі разам дастаткова доўга, што абсалютна шалёна. Я так разумею, што хтосьці можа сустрэць каго-небудзь на адну ноч, зацяжарыць, і літаральна праз дзевяць месяцаў знаёмства ў іх з’явіцца дзіця ў гэтым свеце. А тут яны хочуць, каб у вас былі правераныя адносіны, і каб вы дасканала ведалі адзін аднаго. Яны задаюць вам рэальна шмат пытанняў аб вашым жыцці і вашым мінулым, таму вы павінны добра ведаць адзін аднаго», — падкрэслівае Гарэт. Азіраючыся на свой шлях да бацькоўства, ён кажа, што ні пра што не шкадуе. «Я б зрабіў гэта зноў хоць заўтра, калі б мы захацелі мець яшчэ адно дзіця», — кажа Гарэт. «Вы таксама, усынаўляючы дзіця, даяце яму шанец, дом, пэўную радасць ад таго, што яно можа не патрапіць туды, дзе знаходзілася да гэтага часу», — дадае ён.

 

Гарэт Пітэр напісаў дзіцячую кніжку пра двух бацькоў, якія знайшлі сваю «зорачку назаўсёды».

У дадатак да свайго бацькоўства Гарэт яшчэ і аўтар дзіцячых кніг. Ён напісаў дзве кніжкі, прысвечаныя ўсынаўленню ЛГБТ+ сем’ямі – “Мае таты” і “Зорка назаўсёды». Гарэт сцвярджае, што напісаў абедзве кнігі па неабходнасці.
«Не так шмат існуе кніг пра ўсынаўленне, а яшчэ менш пра усынаўленне ЛГБТ+ сем’ямі. Таму я палічыў, што вельмі важна мець кнігу, у якой распавядалася б пра шлях усынаўлення, ад першапачатковай ідэі да фактычнага знаходжання дзіцяці, пра розныя працэсы, а таксама пра тое, як дзіця жыцьме разам з вамі», — кажа ён.

 

«Тое што робіць гэту кніжку ўнікальнай – гэта пытанне, якое я задаю: «Ці можа ў дзіцяці быць двое бацькаў?» І адказ: «Так, вядома!»

Мой любімы радок: «Дзеці прагнуць бяспекі, ім трэба адчуваць любоў у доме, якая ўтульна ахінае, бы пальчатка на руцэ. Проста не мусіць мець значэння, у якой пары бацькі, калі гэта каханне раздзелена навечна». Гэта мой любімы раздзел, таму што гэта дух самой кнігі», — падкрэслівае Гарэт.

 

“Няважна, хто вы, калі вы можаце даць дзіцяці новы пачатак, любоў, прыхільнасць, увагу і бяспеку. Гэта ўсё, што трэба дзіцяці, каб развівацца. У кнізе «Зорка назаўсёды» вы адпраўляецеся ў касмічнае падарожжа з двума хлопцамі па імені Цім, якія знаходзяць сваю сям’ю назаўсёды, або, як гаворыцца ў маёй кнізе, сваю зорку на ўсе часы, бо мне падабаецца метафара, што ўсе зоркі на небе прадстаўляюць усіх прыгожых дзяцей, якія існуюць у свеце. Калі ты знаходзіш сваю зорачку, ты ведаеш гэта адчуванне. А ў мяне дома іх зараз цэлых дзве», — дадае Гарэт.

Крыніца: pinknews.co.uk