ЛГБТ+ актывіст уцёк з Ярданіі і нарэшце атрымаў «падтрымку і бачнасць» у Аўстраліі
Пасля 18-месячнага змагання ЛГБТ+ актывіст, які ўцёк з Ярданіі нарэшце атрымаў «падтрымку і бачнасць» у сваім новым доме ў Аўстраліі.
25-гадовая Аль-Шаіма Амама Аль-Зубі, якая ідэнтыфікуе сябе як небінарная лесбійка, была «ахвярай згвалтавання, сексуальных дамаганняў, катаванняў, прымусовага шлюбу, прымусовай канверсійнай тэрапіі, прымусовай шпіталізацыі і прымусовага нашэння паранджы, пачынаючы з дзяцінства», — падкрэслівае міжнародная арганізацыя «Міжнародная амністыя».
Абаронца правоў ЛГБТ+ і жанчын Аль-Зубі паходзіць з уплывовай сям’і. Шмат яе сваякоў працуюць ва ўрадавых структурах Ярданіі. Іх уплыў «распаўсюджваецца на Ярданію, Ліван, Сірыю і Ірак».
Спачатку ў ліпені 2020 года Аль-Зубі ўцякла ў Турцыю, а адтуль у Ліван, плануючы далей накіравацца ў Аўстралію па гуманітарнай візе.
Аднак у снежні 2021 года ліванскія ўлады забралі ў яе пашпарт і затрымалі на пяць дзён, сцвярджаючы, што ў адносінах да актывісткі выдадзена «чырвоная картка» Інтэрполу. Арганізацыя «Міжнародная амністыя» западозрыла Амбасаду Ярданіі ў Ліване ў тым, што яны спрабавалі рэпатрыяваць актывістку.
Урэшце, дзякуючы нястомным намаганням розных НДА і аўстралійскіх дыпламатаў 30 снежня Аль-Зубі здолела сесці на самалёт да Аўстраліі.
У інтэрв’ю SBS News актывістка распавяла па прылёце, што яна пачала наведваць тэрапеўта і шукаць сваё месца ў мясцовай ЛГБТ+ супольнасці. «Я адчула, што мяне падтрымліваюць, бачаць, чуюць і ставяцца як да чалавека, нягледзячы на маё веравызнанне, гендарную ідэнтычнасць і сексуальную арыентацыю. Хачу далей рухацца па жыцці, працягваць атрымоўваць адукацыю, рабіць выдатную кар’еру і быць незалежнай. Нарэшце, у мяне ёсць шанець быць самой сабою, калі людзі не саромяць мяне і не спрабуюць мяне забіць за тое, кім я ёсць».
У сваім пасланні «да ўсіх жанчынаў і ЛГБТІК+ супольнасці Блізкага ўсходу», Аль-Зубі дадала: «Заўсёды ёсць шлях да вызвалення. Проста трэба знайсці правільных людзей, якія ў гэтым нам дапамогуць. Ніколі не саромцеся быць самімі сабой, не шкадуйце, што вы такія, якія ёсць. Не дазваляйце рэлігіі або іншым людзям кантраляваць вашае існаванне.»
Нягледзячы на тое, што гомасексуальнасць была дэкрыміналізаваная ў Ярданіі ў 1951 годзе, ЛГБТ+ людзі ў гэтай краіне працягваюць часта сутыкацца з цкаваннем, дыскрымінацыяй і гвалтам.
У Ярданіі не існуе законаў, якія маглі б абараніць квір-людзей ад дыскрымінацыі, няма прызнання аднаполых стасункаў. Паводле даследавання, якое было зладжана ў 2019 годзе, 93 адсоткі яржанцаў лічаць, што грамадства не павінна прымаць гомасексуальнасць.
Крыніца: pinknews.co.uk