Гістарычны вердыкт на Тайвані: суддзя дазволіў гею стаць прыёмным бацькам сына яго мужа
Суддзя на Тайвані вынес рашэнне на карысць гея, які хоча ўсынавіць небіялагічнае дзіця свайго мужа, што стала гістарычным крокам у абарону правоў ЛГБТ+ ў гэтай краіне.
У 2019 годзе Тайвань стаў самай першай краінай у Азіі, якая легалізавала роўнасць шлюбаў. У цяперашні час законы гэтай краіны дазваляюць аднаполым парам усынаўляць дзяцей толькі тады, калі адзін з партнёраў з’яўляецца біялагічным бацькам дзіцяці.
Але 25 снежня 2021 года суд па сямейных справах у горадзе Гаасюн пастанавіў, што дзіця 38-гадовага Ван Чэнь Вэя, якое ён раней усынавіў, таксама можа быць усыноўленае яго 34-гадовым мужам Чэн Чун Чжу.
Аднак пастанова тычыцца толькі іх канкрэтнага выпадку і не ўзаконіла аднаполае ўсынаўленне па ўсёй краіне.
«Я рады, што мой муж таксама юрыдычна прызнаны бацькам нашага дзіцяці… але я не магу адчуваць сябе шчаслівым, бо яшчэ не ўнесеныя папраўкі ў закон”, — падкрэсліў Чэнь Вэй.
«Гэта сапраўды абсурд, што аднаполыя людзі могуць усынавіць дзіця, калі яны самотныя, але не могуць пасля таго, як ажэняцца», — дадаў ён.
Паводле выдання Taipei Times, Чэнь Вэй дадаў на сваёй старонцы ў Facebook: «Мы будзем працягваць змагацца. Галоўнае – перагледзець закон. Калі наша сям’я захоча ўсынавіць яшчэ адно дзіця, ці давядзецца нам яшчэ раз праходзіць тую ж працэдуру і маракаваць, якога судовага супрацоўніка мы атрымаем? Ці ў закон усё ж унясуць папраўкі, каб усім не было так цяжка?»
Не зусім зразумела, як будзе развівацца сітуацыя для іншых аднаполых параў на Тайвані, якія жадаюць усынавіць дзяцей сваіх партнёраў або партнёрак. Мясцовы закон, які легалізаваў аднаполыя шлюбы ў гэтай краіне, не дазваляе і не забараняе аднаполае ўсынаўленне дзяцей, якія не звязаны біялагічна ні з адным з бацькоў, і толькі згадвае, што адзін з аднаполых партнёраў можа ўсынавіць «генетычнае дзіця» другога партнёра.
У той час як у Гаасюне суд пастанавіў, што дзіця, аб якім ідзе гаворка, не павінна зазнаваць дыскрымінацыю і што было б «недарэчна даваць адмоўную або дыскрымінацыйную інтэрпрэтацыю палажэння закона», Тайваньская кампанія за роўнасць заявіла, што падобныя запыты аб усынаўленні, пададзеныя дзвюма іншымі парамі, якія яна падтрымлівае, былі адхіленыя.
Выканаўчая дырэктарка Групы па правах ЛГБТ+ Джэніфер Лу заявіла мясцовай агенцыі навінаў AFP: «Мы спадзяемся, што судовыя пастановы паслужаць напамінам для ўрадавых чыноўнікаў і заканадаўцаў, што цяперашнія несправядлівыя прававыя ўмовы павінны быць зменены».
Крыніца: pinknews.co.uk