ТУПІЛАКАЎЦЫ: РАДЫЁЖУРНАЛІСТ БІЛ ШЫЛЕР

время чтения: 5 мин

Душа шведскай арганізацыі прадстаўнікоў культуры з ЛГБТ-супольнасці з інтрыгуючай назвай “Тупілак” Біл Шылер, яе стваральнік, ганаровы сябра Праваабарончай ініцыятывы “Журналісты за талерантнасць”…

З неверагодна завадатарскім сангвінікам Білам Шылерам беларускія ЛГБТ-журналісты знаёмыя ўжо не менш як дзесяць год, а беларускія ЛГБТ актывісты-першапраходцы ці не ўсе дваццаць.

Гранд-маршал сусветнага руху за правы ЛГБТ-людзей, Біл паспявае паўсюль… Сусветныя прайды, месячнікі культуры ЛГБТ у Швецыі, уручэнне дзясяткаў і дзясяткаў ганаровых дыпломаў выбітным дзеячам культуры з ЛГБТ-супольнасці Скандынавіі, выступы і перформансы на Школах талерантнасці для беларускіх журналістаў, канферэнцыі Міжнароднай сеткі прадстаўнікоў культуры ЛГБТ, да выхаду на пенсію – прафесійная радыёжурналістыка…

ТУПІЛАКАЎЦЫ: РАДЫЁЖУРНАЛІСТ БІЛ ШЫЛЕРЗа шалёным актывісцкім тэмпам бракуе часу паразмаўляць, прарэфлексаваць дасягненні… На дзіва, нават у Вікіпедыі вы не знойдзеце зараз ні-чо-га пра Біла Шылера.. Сціплы, добры чалавек.. А ён варты грунтоўнага артыкула на розных мовах, бо зрабіў для натхнення ЛГБТ-актывістаў і праваабаронцаў па ўсёй Еўропе вельмі шмат.

 — Біл, калі ласка, распавядзіце крыху пра Вашу гісторыю культурніцкага ЛГБТ актывізму ў Швецыі, а таксама пра “Тупілак”…

— Я прыехаў жыць у Швецыю амаль пяцьдзясят год таму. Прыехаў сюды з-за в’етнамскай вайны. І атрымаў прытулак.

Праз некалькі год я пачаў працаваць з ЛГБТ-праблематыкай.

Чаму? Таму што арганізацыі, якія змагаліся за раўнапраўе ЛГБТ-людзей, занадта шмат увагі надзялялі прасоўванню заканадаўства. Таму, як змяніць законы да лепшага.

Што, вядома, вельмі важна. Аднак гэта толькі палова змагання.

Другая палова барацьбы – змяніць адносіны, стаўленне з боку людзей. Як гэта можна зрабіць?

Праз культуру! Што такое культура? Журналістыка, мастацтва, балет, музыка, архітэктура, пісьменніцтва, пераклады… Як змяніць грамадскую думку? Праз асвету пра гісторыю нашага змагання. Таму праз некалькі год важнай працы над заканадаўствам мы вырашылі заснаваць “Тупілак”…

 

 — Як даўно гэта адбылося? І дзе?

 

— Трыццаць год таму ў Стакгольме. Распачалі гэту ініцыятыву, бо мясцовыя арганізацыі, якія займаліся прасоўваннем заканадаўства, лічылі, што культура ім замінае, перашкаджае ў дасягненні прагрэсу. На што мы запярэчылі: прагрэс адбываецца, дзякуючы нам, дзякуючы змене ментальнасці людзей. Таму мы распачалі нашу працу і абралі для нашай новай арганізацыі назву “Тупілак”. Так у Грэнландыі называюць фігурку вуду, якая змагаецца з ворагамі. У нашым выпадку такімі ворагамі выступаюць гамафобія, замоўчванне і нябачнасць. Законы могуць змяняць сітуацыю, але яны не паказваюць, хто вы ёсць на самай справе. Што наконт ЛГБТ-моладзі, што наконт людзей сталага веку? Што наконт вазочнікаў і невідушчых? Што наконт ЛГБТ-уцекачоў і ЛГБТ-людзей у выгнанні?

 

Культура можа паказаць хто мы такія. Фільмы, кінарэжысёры… Паказаць нашу гісторыю, наша сённяшняе існаванне і нашу будучыню.

Калі мы заснавалі “Тупілак”, хтосьці сказаў: “Даваце будзем шведскімі!” Астатнія запярэчылі: “Не! Давайце будзем працаваць з усімі паўночнымі краінамі! Давайце ўключым Нарвегію, Данію, Фінляндыю. Давайце ўключым Прыбалтыку! Яны таксама частка сям’і паўночных народаў!” Пасля хтосьці прамовіў: “Як наконт працы з рэштай свету?” Вядома, чаму не! Тады мы заснавалі ILGCN – Міжнародную сетку культурніцкіх ЛГБТ ініцыятываў, каб уключыць туды Польшчу, Беларусь, Расію, Малайзію, Кітай, іншыя краіны. Мы спрабавалі далучыць усіх жадаючых у гэтую працу, каб паказаць, што можа рабіць мастацтва, культура… Як яны могуць змяніць адмоўныя пачуцці людзей да ЛГБТ-ідэнтычнасці.ТУПІЛАКАЎЦЫ: РАДЫЁЖУРНАЛІСТ БІЛ ШЫЛЕР

 

 — Распавядзіце, калі ласка, трошкі пра актывістаў “Тупілака”. Хто вы? Наколькі вас шмат? Ці гэта буйная арганізацыя? Ці маеце прадстаўніцтвы толькі тут у Стакгольме? Ці дзе яшчэ?

— Мы вельмі маленькая арганізацыя. Пару асобаў у Швецыі, пару асобаў у Даніі, некалькі чалавек у Нарвегіі, некалькі чалавек у Фінляндыі… Шмат хто з іх задзейнічаны ў шырокім ЛГБТ-руху. Але мы – людзі культуры з ЛГБТ-супольнасці. Хоць і маленькія, але вельмі важныя. Не трэба забывацца, што шмат у якіх краінах, як, напрыклад, у Прыбалтыцы, у Беларусі ці Расіі ЛГБТ-людзі не наважваюцца на камінаўт. Чаму? Бо могуць згубіць сваю працу. Могуць згубіць сваю ідэнтычнасць. Могуць пазбавіцца сваіх зубоў. Іх могуць збіць, зняволіць. Іх сем’і могуць адвярнуцца ад іх. У прынцыпе, нялёгка зрабіць камінаўт ЛГБТ-людзям. Асабліва няпроста зрабіць камінаўт людзям культуры – на сцэне, перад тэлекамерай, перад радыёмікрафонам. Ты выходзіш з зоны камфорту. І можаш паплаціцца сваёй працай, сваімі зубамі і сваім жыццём.

 

 — Я ведаю, што вы працавалі радыёжурналістам у мінулым. Як журналіст, ці вы неяк паспрыялі развіццю руху “Тупілака”? І ці ёсць у вас прыхільнікі і група падтрымкі ў медыях?

— Калі я зрабіў камінаўт на Шведскім радыё трыццаць год таму, я быў адзіным журналістам, які пайшоў на такі крок у арганізацыі з тысячай супрацоўнікаў. Чаму? Я ведаў пра існаванне іншых ЛГБТ-журналістаў. Але яны вельмі баяліся згубіць сваю працу, згубіць сваіх сяброў. Адзін пісьменнік зрабіў камінаўт. Напісаў пра гэта ў кнізе. І ён распавёў, што ўсе ад яго адвярнуліся. Не засталося сяброў. Мужчына-гей апынуўся ізаляваным. Мае калегі-геі на Радыё Швецыя пераконвалі мяне: “Не рабі камінаўт! Не рабі камінаўт!” Потым яны пачалі абмяркоўваць паміжсобку: “Біл кліча нас на барыкады. Асцярожней з ім!” Але пасля адзін за адным з цягам часу яны-такі “выйшлі з каморы”. І сёння на Шведскім радыё вельмі шмат геяў і лесбіек, уключаючы найбольш вядомых журналістаў. Але трыццаць год таму людзі былі вельмі напалоханыя. Таму што найбольш жахлівая гамафобія жыве ўнутры нас. Спачатку трэба змагацца з самімі сабой. Толькі пасля вы можаце прасунуцца на пару крокаў наперад і сказаць іншым: “Прывітанне, народ! Вось і я! Вось і я! І я рады быць самім сабою.”

 

 — Якое найбольшае дасягненне “Тупілака”? Чым Вы ганарыцеся, як сапраўдная душа гэтай арганізацыі?

— Я вельмі сціплы чалвек, не хачу нахвальвацца. Мы ўручаем дыпломы розным людзям за пэўныя дасягненні. І для некаторых з іх быў такі вялікі гонар атрымаць дыплом! Не трэба забывацца, што гетэрасексуалы ўручаюць адно адному дыпломы ці не кожныя дзве хвіліны. Нейкія акадэміі, Нобелеўская прэмія… А нашы дыпломы дапамаглі некаторым ЛГБТК-супрацоўнікам сферы культуры падбадзёрыцца. Мы ўручалі дыпломы шмат каму: мастакам, музыкам, журналістам… Я бачыў па іх тварах, што яны з гонарам прымаюць гэтыя дыпломы. У Эстоніі, у Гётэборгу… Для людзей вельмі важна атрымоўваць іх. Пасля ўручэння мы рабілі нейкія кабарэ, перфомансы, музычныя хэпенінгі… Лаўрэаты распраўлялі свае плечы. Яны бачылі, што яны не адны. Праспявайце вашыя песні, давайце спяваць іх разам! Зрабіце нейкі твор мастацтва і пакажыце яго нам! Пакажыце плён вашай творчасці! Людзі ў стане падтрымаць адно аднога. Дзякуючы гэтаму творцы пачынаюць ганарыцца сабой і сваім унёскам у развіццё грамадства.

 

 — Апошняе пытанне. Вы ведаеце сітуацыю ў Беларусі. Вы падтрымліваеце маральна ЛГБТ-людзей са сферы культуры, журналістаў з Беларусі. Якой была б ваша парада ЛГБТ-людзям у Беларусі, якія хаваюцца, баяцца “выйсці з шафы”? Асабліва цяпер, калі частку з іх выціскаюць з краіны, а другая частка апынаецца ў турэмным зняволенні або атрымлівае пагрозы зняволення? Што вы параіце нам у гэтым становішчы? Як не ўпасці ў роспач? Як рухацца наперад?

— Лёгка нешта казаць са Швецыі. Цяжка нешта казаць людзям, якія жывуць у жудаснай сітуацыі ў складаных умовах. Я б сказаў так: “Калі вы – ЛГБТ-асоба ў Беларусі, не забывайцеся, што вы не самотныя. Мы тут – Вашыя сябры. Будзем трымацца за рукі! Не здавайцеся! Бо, калі ў вас ёсць сябры ў Швецыі, у Нарвегіі, у Фінляндыі, у Англіі, у Расіі, вы не адны. Заўтра будзе лепш! І мы дасягнем гэтага разам.

 — Дзякуй, Біл! Няхай жыве “Тупілак”!