Першы ЛГБТ манумент у Гётэборгу

время чтения: 3 мин

«Спадзяюся, што ён будзе магутным, як маўклівы, урачысты прайд-парад», — кажа мастак Сэм Халцін, які задзейнічаны ў падрыхтоўчым даследаванні па стварэнні манумента ЛГБТ.

На працягу некалькіх гадоў звярталася ўвага на тое, што ў Гётэборгу відавочны недахоп  скульптур і помнікаў як жанчынам, так і групам меншасцяў у публічнай прасторы. У горадзе «больш скульптур Эверта Таўбэ [шырока прызнаецца галоўным шведскім трубадурам ХХ стагоддзя], чым гістарычных жанчын», — трапна напісала The Gothenburg Post у 2019 годзе. Даследаванне газеты паказала, што па-за двума выключэннямі – манументы аўтарцы Карын Бойе і акушэрцы Ёхане Хедэн – жанчыны ў публічнай прасторы Гётэборга прадстаўлены альбо як казачныя персанажы, альбо як аголеныя міфалагічныя істоты.

ЛГБТ

Але ўсё пачынае мяняцца. У 2020 годзе Кнут Вестэр завяршыў RomanoParken, які апісваюць як «мазаіку цыганскага досведу», а ў 2021 годзе адбылася прэзентацыя дзвюх работ у памяць пра журналістку Інгрыд Зэгерштэдт Віберг. Таксама на пачатку 2021 года гарадская арганізацыя грамадскага мастацтва Gothenburg Art апублікавала прэс-рэліз, у якім паведаміла, што пачалася праца над першым у горадзе помнікам ЛГБТКІ+. Зараз праводзіцца публічнае падрыхтоўчае даследаванне. Наступным крокам стане вызначэнне таго, хто будзе ствараць помнік і дзе ён будзе размешчаны.

 

Па словах мэнэджэркі па публічным мастацтве Gothenburg Art Клаўдзіі Шапер, «ініцыятыва замовіць твор мастацтва, які мог бы адлюстроўваць і нагадваць пра барацьбу ЛГБТК+ людзей у горадзе, зыходзіць ад Гётэборгскай рады ЛГБТК. Для таго, каб стварыць актуальнасць для большай групы зацікаўленых бакоў і павялічыць веды ў рамках праекта як па гісторыі ЛГБТКІ+ Гётэборга, так і па канцэпцыі і месцы размяшчэння тэматычнага помніка ў горадзе, мы праводзім падрыхтоўчае даследаванне. У ім удзельнічае шэраг мастакоў, арганізацый і іншых людзей, якія робяць свой унёсак розным чынам».

 

Сэм Халцін – адзін з мастакоў, якія займаюцца падрыхтоўчай працай па стварэнні гэтага помніка. Энтузіястамі былі сабраныя квір-зацемкі пра Гётэборг у гістарычнай перспектыве, а таксама былі распрацаваныя лічбавыя і фізічныя пешаходныя экскурсіі, якія ўключаюць каля ста месцаў для наведвання ў горадзе.

 

Спадар Халцін распавёў, што зараз даступны аўдыёгід па ЛГБТК-мясцінах Гётэборгу у Інтэрнэце і ў анлайн-дадатку, але, як толькі гэта стане бяспечна, пешаходныя экскурсіі будуць праводзіцца на месцы людзьмі з розных квір-суполак Гётэборгу. «Акрамя гэтай працы, я шмат думаў пра помнікі і пра тое, што яны маглі б з сябе ўяўляць. Апошнія два гады я працаваў над помнікам Еве-Лізе, прысвечаным транс-актывістцы Еве-Лізе Бенгтсан, якая пайшла з жыцця ў 2018 годзе і чый архіў мне пакінулі ў распараджэнні. Канцэпцыя помніка сталася б важным спосабам зрабіць яе барацьбу бачнай і, у пэўнай ступені, кампенсаваць нябачнасць і прыгнёт транс-актывістаў, якія перажывала сама Ева-Ліза», — распавядае спадар Халцін.

 

Халцін распавёў, што ў мінулым у Гётэборгу былі некалькі злачынстваў на глебе варожасці ў дачыненні да ЛГБТК-людзей. Аднак ён падкрэсліў і тое, што ў горадзе багатая гісторыя актывізму і даследвання квір-гісторыі.

 

На яго погляд, зважаючы на гэтыя адмысловыя акалічнасці, існуюць грунтоўныя прычыны для глыбокай працы па гэтай тэме, чым, напрыклад, займаецца гарадская Рада ЛГБТК.

 

«У той жа час у Швецыі падымае галаву неафашызм. І, хутчэй за ўсё, на ўзвядзенне гэтага помніка будзе рэакцыя з боку пэўных колаў», — дадае сп. Халцін. — «Я выкарыстоўваю прыёмы сторытэлінгу, распавядаю пра тое, што адбываецца ў горадзе з квір-перспектывы – гэта магутны глях па стварэнні адрознай выявы пра агульнае і пра гісторыю. Тэмы, якія я ўздымаю на сваіх майстар-класах, часта звязаныя з важнасцю супольнасці, бо многія яе прадстаўнікі адчувалі сябе вельмі самотнымі на працягу доўгага часу. Таму я спадзяюся, што ў цэнтры гэтага манумента будзе супольнасць, а не асобы, на якіх часта сфакусавыны помнікі. Спадзяюся, што ён будзе магутным, як маўклівы, урачысты прайд-парад», — дадаў мастак Сэм Халцін.

 

Яана Адэбэк каардынуе працэс падрыхтоўкі да ўзвядзення тэматычнага помніка ў Gothenburg Art. «У нас тут адбываецца жывая крытычная размова», — кажа яна. — «Але камерцыялізацыя публічнай прасторы і ўзмацненне акцэнту на тым, што мастацтва павінна выконваць канкрэтную сацыяльную функцыю, мяне хвалюе. Мы хочам, каб публічнае мастацтва было комплексным і самадастатковым і не мелася вырашаць ніякіх праблем», — дадала сп-ня Адэбэк.

 

Вынікі падрыхтоўчага даследавання будуць выкарыстаныя для стварэння сціслага тэхзадання па ўзвядзенні ЛГБТК+ помніка. Gothenburg Art размесціць заказ праз адкрыты конкурс. Скульптары, якія патрапяць у шорт-ліст, будуць запрошаныя да прэзентацыяі сваіх эскізаў манумента перад прыняццем канчатковага рашэння. Чакаецца, што найпазней узвядзенне гэтага помніка будзе завершанае ўвосень 2022 года. Агульны бюджэт па яго стварэнні, уключна з падрыхтоўчым даследаваннем, складае 2 мільёны шведскіх кронаў (каля 200,000 еўра).

 

Крыніца  Паводле Роберта Стасінскага

 

Также по теме: