Дайджэст асвятлення ЛГБТК+ тэматыкі ў беларускіх медыях
17 траўня адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біфобіяй (IDAHOT Day).
Прапануем наш Дайджэст асвятлення ЛГБТК+ тэматыкі ў беларускіх медыях.
Відавочна, што так званыя беларускія ўлады па-свойму падыходзяць да гэтай важнай падзеі для любой супольнасці, якая жадае развівацца і кіравацца агульначалавечымі каштоўнасцямі.
З якімі ж вынікамі прыйшла Беларусь да IDAHOT Day? Калі меркаваць па рыторыцы праўладных медыяў і палітычных дзеячоў, то ў назве гэтага міжнароднага дня трэба замяніць слова “барацьба”. Таму што самаабвешчаныя ўлады робяць усё дзеля распальвання гамафобіі, трансфобіі ды біфобіі.
Мы падрыхтавалі для вас відэаагляд цкавання супольнасці ЛГБТК+ з боку дзяржпрапаганды і рэжыму Лукашэнкі, якое адбываецца ў цяперашні момант часу (на расейскай і ангельскай мове).
Акрамя звычайнай мовы варожасці ў медыях і палітычных заявах, працягваеццца знішчэнне грамадзянскай супольнасці Беларусі і ўкараненне рэпрэсіўнага заканадаўства.
Са студзеня 2022 года сам факт таго, што вы з’яўляецеся лідарам або актывістам ліквідаванай або незарэгістраванай арганізацыі або ініцыятывы грамадзянскай супольнасці, можа прывесці да пазбаўлення волі на тэрмін да 2 год паводле артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі.
Свой унёсак у распальванне нянавісці ўнеслі таксама абмеркаванні зместу новай Канстытуцыі, падчас якіх прапаноўвалася прапісаць забарону прапаганды ЛГБТ у Асноўным законе краіны. На шчасце, гэтага не здарылася. Відаць, улады баяцца нават самой узгадкі скароту ЛГБТ.
Нягледзячы на вымушаную эміграцыю прадстаўнікоў ЛГБТК+ супольнасці Беларусі, мы працягваем актыўную працу, якая скіравана на абарону правоў усіх людзей.
Мы ўпэўненыя, што ў Новай Беларусі Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біфобіяй будзе адзначацца на дзяржаўным узроўні!