Па кім маўчыць Аўшвіц
На ўваходзе ў архіў дзяржаўнага музея Аўшвіц-Біркенаў нас старанна скануюць металашукальнікамі і правяраюць на наяўнасць колюча-рэжучых прадметаў. Потым, гулкімі лабірынтамі з ужо знаёмымі адценнямі фарбы, якая скончваецца дзесьці на ўзроўні сярэдняга росту, вядуць у блок №24 — маленькі і адразу ж трывожна-цесны для групы ў 12 чалавек пакойчык са сталом пасярэдзіне.
На стале — тоўстыя папкі з рэдкімі самаробнымі папяровымі закладкамі сярод бясконцых спісаў імёнаў і аднолькавых сцэнароў фіналу. Дырэктар архіва — пажылы чалавек у патрапаным, як гэтыя самыя тэчкі, гарнітуры-тройцы, паказальна ветліва дзеліцца інфармацыяй, якую, мяркуючы па важнасці тону, відавочна, лічыць канфідэнцыйнай: «Шукайце параграф 175. Імі пазначаныя тыя вязні, якія вам патрэбныя». І ў лекцыі, і зараз, у архіве, ён упарта пазбягае выкарыстоўваць любую іх прамую згадку. ЛГБТК+ людзі ў ягоным свеце – enigmatic information (загадкавая інфармацыя). І гэта дзіўнае словазлучэнне — адзінае, што застанецца ў мяне ў сшытку ад паўтарагадзіннага маналогу.
Тым не менш, як я неўзабаве даведаюся з гутаркі з Ёанай Астроўскай, аўтаркай дысертацыі на тэму прымусовай сэксуальнай працы ў перыяд Другой сусветнай вайны і са-аўтаркай кнігі «Erinnern in Auschwitz – auch an sexuelle Minderheiten» («Успамінаючы Асвенцым – у тым ліку і пра сэксуальныя меншасці»), пад напорам і дзякуючы цярплівасці неабыякавых «загадкавая інфармацыя» ўсё ж здольная скінуць налёт таямніцы і здабыць як годнасць, так і голас.
Але пакуль, у блоку №24, які ванітна ахутвае нас пахам ці то жухлых газет – падобным на той, якім мама калісьці ўцяпляла, уперамешку з ватай, вокны на зіму, – ці то памыйнай анучы савецкіх школьных перапынкаў, без колюча-рэжучых прадметаў і адмысловага разумення наступных крокаў, мне здаецца, што ні пяць, ні нават дваццаць пяць закладак не дапамогуць мне з адказамі.
Не ведаючы, што рабіць з гэтымі тэчкамі з прысудамі па параграфах і колерах трыкутнікаў, я спрабую намацаць хоць бы гэтую пустэчу – асэнсаваць у словах яе знакавую адсутнасць
Адчуць пункцір лёсаў гэтых людзей, прадставіць магчымыя траекторыі іх жыццяў – цяпер замураваных за куленепрабівальныя шыбы музейных вітрын памерам з двухпакаёвую кватэру. Убачыць іх банальна прыгожыя, легкадумныя або трывожныя, у танцы або пасля шпацыраў, раманаў або звыклых сустрэч, дні да лагера. Успомніць і памятаць іх: за іх, за нас, за тых, хто заўтра. Напоўніць гукамі горад, архіў, памяць.
— Вас прывялі працаваць з архівамі ў блок №24? – спытала нас тым жа вечарам Ёана, седзячы ў цэнтры залі, якую нетаропка паглынаў прахалодны змрок. – Уздоўж па калідоры, на першым паверсе, першы пакой налева?
– Так, там яшчэ надпіс «Reading Room» («Чытальная зала») на дзвярах, – удакладніць нехта з групы.
— Менавіта ў гэтым пакоі, як і ў пакоях па абодвух яе баках, у Аўшвіцы быў уладкаваны нацыстамі бардэль.
Два першыя публічныя дамы на тэрыторыі канцлагераў (ці, як іх называлі немцы, Puff) былі арганізаваны ў комплексе Маўтхаўзен/Гузен. Гэта сетка з больш за сотню лагераў прымусовай працы на каменяломнях, надзвычай прыбытковых у першай палове 20 стагоддзя для нацыстаў і іх памагатых. Неўзабаве бардэлі адчынілі і ў іншых месцах, у тым ліку і ў Аўшвіцы, які тады лічылі ўзорным праектам. Недалёка ад брамы з легендарным надпісам Arbeit macht frei (Праца вызваляе), у блоку №24а, пад яго адвялі 19 маленькіх памяшканняў. Традыцыйна дэталёва прадумаўшы і ўвесь функцыянал, нацысты таксама абсталявалі, апроч пакояў для аказання прымусовых сэкс-паслуг, кабінет лекара, пакой чакання, душы і бухгалтэрыю. Сэксуальны кантакт павінен доўжыцца не больш за 15 хвілін і толькі ў місіянерскай пазіцыі – выкананне інструкцый кантралявалася СС ахоўнікам праз дзвярное вочка.
Усяго ў 1942-1945 гадах існавала 10 лагерных публічных дамоў з больш за 300 сэкс-працаўніц, большасць з якіх прывозілі з Равенсбрука — найбуйнейшага жаночага лагера, размешчанага ў 90 км ад Берліна.
Кошт карыстання паслугамі складаў адзін ваўчар (у лагерах дзейнічала свая валюта) і дзве маркі – аналаг кошту пачкі цыгарэт. Нягледзячы на тое, што ўсім зняволеным, акрамя габрэяў, дазвалялася наведваць бардэль раз на тыдзень, насамрэч кліентамі часцей з’яўляліся Kapos – прывілеяваныя вязні, якія супрацоўнічалі з нацыстамі: старасты, наглядальнікі або старэйшыя працоўныя, якія ўзначальвалі каманды.
Праз знясіленне зняволеныя наўрад ці маглі праяўляць сэксуальную цікавасць. Па словах аднаго з тых, хто выжыў, з 30 000 чалавек, якія знаходзіліся ў асноўным лагеры ў Аўшвіцы, патэнцыйных «кліентаў» магло быць не больш за 200. Патрапіўшы ў пакой бардэля, многія не імкнуліся да кантакту: хтосьці проста хацеў паглядзець на жанчыну, іншыя, самыя маладыя, імкнуліся хаця б адзін раз у жыцці атрымаць інтымны вопыт. Але, якія б прычыны ні прывялі мужчын у блок №24а, фізічны і псіхалагічны стан жанчын, змешчаных у гэты канвеер сэксуальнай эксплуатацыі, складана сабе ўявіць…
Нішто ў сістэме нацысцкіх лагераў не паддаецца сістэме чалавечай маралі і логіцы, аднак мы ўсе ведаем, што нацысты, як і пуціністы сёння, лічылі сябе надзвычай рацыянальнымі
Інтымны механічны кантакт яны разглядалі як узнагароду, а цела — як прыладу сістэмы заахвочвання. Дазвол на сэкс у яго самай свабоднай форме быў прапісаны ў Інструкцыі, якая рэгулюе заахвочванне зняволеных. Рэгламент бонусаў / Dienstvorschrift für die Gewährung von Vergünstigungen an Häftlinge. Prämien-Vorschrift [травень 13, 1943], а рэйхсфюрар СС Гімлер тлумачыў такое рашэнне наступным чынам: «Калі задавальненне гэтага натуральнага запатрабавання стымулюе прадукцыйнасць працы, то мы проста абавязаны ім скарыстацца». Да палавога кантакту, паводле дадзеных даследчыкаў, прымушаліся ў якасці «лячэння» і гомасэксуальныя мужчыны.
Тэма сэксуальнай эксплуатацыі доўгі час не гучала ў публічнай сферы ў кантэксце нацысцкіх лагераў – у тым ліку і таму, што пра яе не было дастаткова сведчанняў. Адкрываючы ў Мемарыяльным музеі Равенсбрука ў 2007 годзе выставу, прысвечаную прымусовай сэкс-працы, яго дырэктар Інса Эшэбах (Insa Eschebach) падзялілася адной з прычын: амаль ніхто з былых вязняў, нягледзячы на атрыманыя траўмы, па кампенсацыю афіцыйна не звяртаўся.
Сэксуальнае рабства не было прызнана такім у судовых справах, якія тычацца злачынстваў СС. Жанчыны лічылі, што распавядаць пра падобны досвед зневажальна
Акрамя таго, адна з былых зняволеных Эла Лінгенс (Ella Lingens) узгадвае, што некаторыя з вязняў прымалі ўмовы вярбоўкі «добраахвотна». Як недарэчна гучыць у кантэксце лагера гэта слова, але менавіта так нацысты падавалі рабства. Дзяўчатам абяцалі лепшыя ўмовы зняволення, штодзённы душ, цыгарэты, адзенне і нават датэрміновае вызваленне, пра якое, канешне, у рэальнасці гаворкі не вялося. Застаўшыся пасля такіх выпрабаванняў у жывых, большасць альбо маўчалі, альбо адмаўлялі знаходжанне ў публічным доме – у тым ліку з-за страху абвінавачванняў у калабарацыянізме.
Ці варта дадаваць, што жанчын з грамадзянствам СССР, пасля вяртання на радзіму, нярэдка вінавацілі ў шпіянажы і адпраўлялі ў ГУЛАГ – лагер, мала які адрозніваўся ад тых, у якіх ім цудам атрымалася выжыць…
Працуючы над гэтым матэрыялам, я натыкнулася ў сеціве на адсканаваную брашуру на тэму публічных дамоў Аўшвіца, дзе прыводзіліся амаль унікальныя дадзеныя з дакументаў, выяўленых у архіве лагера.
У мэтах прадухіліць развіццё блізкіх адносін паміж работніцамі і тымі, хто карыстаўся іх паслугамі, нацысты часта перамяшчалі жанчын з бардэля ў бардэль, суправаджаючы кожны пераезд праверкай на наяўнасць венерычных захворванняў. З часам менавіта гэтыя своеасаблівыя медыцынскія дарожныя лісты дазволілі пазней устанавіць асобы вязняў і атрымаць інфармацыю аб часе іх знаходжання ў бардэлях.
Усяго дзяўчат і жанчын у сэксуальным рабстве ў Аўшвіцы было больш за 70: 42 немкі, 22 полькі і 6 украінак: здагадкі аб нацыянальнасцях рабіліся на падставе імёнаў, таму нацыянальная прыналежнасць прыблізная. Тры жанчыны правялі ў рабстве 15 месяцаў – увесь тэрмін існавання лагера. Даследаванне, як і сам дакумент, датуюцца канцом нулявых…
Ці значыць гэта, што тыя, хто прайшоў праз фізічны, маральны і сэксуальны гвалт, — часта зусім маладога веку людзі, бо нацысты звярталі асаблівую ўвагу на вонкавы выгляд жанчын, — дзесяцігоддзямі жылі ў маўчанні? Так і ёсць. Але гэта не адзіная прычына — часам іх гісторыі не гатовы быў слухаць свет.
Вядома, што ў 1970-х мемуары чэшкі Франсі Рабінек Эпштайн (Franci Rabinek Epstein), якая выжыла ў пяці лагерах, не выклікалі ў выдаўцоў вялікай цікавасці. Кнігу, дзякуючы намаганням яе дачкі Элен, упершыню надрукавалі толькі ў 2020 – паўстагоддзя пазней. Сама Франсі ніколі не працавала ў бардэлі, аднак у яе кнізе шмат успамінаў пра іншых жанчын, уцягнутых у сітуацыі, якія, у кантэксце лагернага жыцця, апублічваць не вельмі спяшаліся. Яна піша і пра аднаполыя адносіны, і пра «сэкс-бартэр», і пра выжыванне любой цаной.
«Мая маці прынесла ў гэтую працу несентыментальны прагматызм… Франсі мела свайго роду пагарду да наіўнай дзяўчыны, якой яна была да вайны і цяпер. Пагарду і да тых, хто верыў у тую версію кахання, якую яны бачылі ў галівудскіх фільмах, — прызнавалася дачка Франсі Эпштэйн. – Яе пасланне было дакладным. Быць жанчынай азначала быць уразлівай. Але межы гэтай уразлівасці часам вызначаліся рашэннямі, прынятымі ў долю секунды, а іх коштам магло апынуцца жыццё».
***
Памяць размаўляе шэптам: заражаныя амнезіяй гарады маўчаць ва ўнісон. Абцасамі выстукваю рытм, збіраю абрыўкі гутарак, якія выслізгваюць на маставую з адчыненых вокнаў, спрабую дадумаць прабелы на імёнах дзвярных званкоў. Бо ўсё гэта было, усе яны былі, гэтыя прыгожыя жанчыны з валасамі акуратнымі хвалямі, у паліто, падбітымі норкай, элегантнымі пальчаткамі і сумачкамі, уручную вышытымі бісерам.
Калісьці па гэтых жа вуліцах – сёння ўвечары такіх насцярожана ціхіх, нязвыкла прасторных і пустых, – уздоўж радкоў трамвайных шляхоў і міма кусцістых скраін, раз-пораз заступаючых за контуры пропісаў неахайных паркаў, шпацыравалі і яны, ўсміхаліся, абменьваліся кампліментамі або апошнімі навінамі з незнаёмцамі на выспах прыпынкаў.
Яны былі, і мы гэта ведаем: яшчэ раніцай, у крышталёва чыстых вітрынах музейнага комплексу мы бачылі іх туфлі, іх сумкі, іх валасы.
На сценах, пафарбаваных у колер інфекцыйнай бальніцы, мы разглядалі здымкі іх братоў, бацькоў і мужоў – з лёсамі, падсумаванымі ў дзве даты і тры радкі: прозвішча, нумар зняволенага і прафесія. У палатне лагерных партрэтаў паголеных жанчын са шкляным поглядам радкоў з заняткамі няма.
Але ў дыскурсе пра Халакост і наступствы Другой сусветнай гэты прабел – далёка не адзіны. У амнезіі гістарыяграфіі гэтай краіны ёсць дзве тэмы, цесна звязаныя маральна-ідэалагічнай цэнзурай. Гэта тэмы сэксуальнага гвалту і квір-гісторыі вязняў канцлагераў. «Абедзве паўсюдна лічацца «скандальнымі», «непатрэбнымі», «нерэлевантнымі», – тлумачыць доктарка Ёана Астроўска, амаль адзіная польская даследчыца, якая працягвае настойліва акрэсліваць контуры нязручнага маўчання.
Вольга Бубіч
Тэкст напісаны пры падрымцы n-ost.
***
HUKANNE — спецпроект Gpress про жизнь ЛБК-сообщества. Мы выросли в Беларуси и продолжаем говорить о своем опыте из разных состояний и точек на карте.