“Мы побач, але не разам”. Гей з Менску пра ЛГБТК-камьюніці
Арцемій — малады і прывабны хлопец-гей, які жыве ў Менску. Ён навучаўся на гасцінны сэрвіс, а зараз працуе ў гатэлі. Па-за працай любіць гуляць у відэагульні, хадзіць у музеі, вандраваць па Беларусі і глядзець на розныя цікавосткі.
Як ён сам кажа: “Люблю ўсё беларускае: беларускі тру крайм, беларускія стрымы, беларускую сучасную культуру, беларускія ініцыятывы, беларускую мову, беларус_ак”.
Таксама Арцемій цікавіцца квір-гісторыяй – як жылося ЛГБТК-персонам раней, чым яны займаліся у паўсядзённым і ў грамадскім жыцці. Нам ён расказаў пра тое, як адчуваць сваю ідэнтычнасць у Беларусі цяпер і не сыходзіць з розуму ад колькасці ЛГБТК-дыскрымінацыі.
Пра ўсведамленне
Упершыню я пачаў здагадвацца, што я гей, ва ўзросце 12 год, калі пачаў адчуваць сэксуальнае прыцягненне да аднакласнікаў і старшакласнікаў. На той момант усё, што я ведаў пра ЛГБТК+, было ад гамафобнага грамадства – таму ў мяне былі праблемы з унутранай гамафобіяй.
Для мяне гэта было брыдка, хвора і ганебна. Яшчэ доўга я не мог прыняць сябе такім.
Я спадзяваўся, што гэта з цягам часу ці пры сустрэчы з пэўнай “правільнай” дзяўчынай пройдзе
Відавочна, зараз для мяне небяспечна адкрыта заяўляць аб тым, што я гей, ці дэманстраваць праявы кахання ў грамадскіх месцах. Ну, я, уласна, і не раблю гэтага. Хаця, канешне, бывалі выпадкі, калі людзі даведваліся. У месцах, дзе я навучаўся, як мінімум, чулі чуткі. Але нават мне складана казаць, што я тады сутыкаўся з якой-небудзь дыскрымінацыяй.
Людзі ставіліся да мяне пагардліва, але рабілі гэта за маёй спінаю. Ніхто не лічыў патрэбным рабіць нейкую шкоду з-за гэтага ці выказваць штосьці.
Ці існуе беларускае ЛГБТК-кам’юніці?
Я не адчуваю сябе часткай беларускага ЛГБТК-суполкі, бо я нават не магу адказаць ці яна ўвогуле існуе ў Беларусі.
У беларускіх квіроў ёсць пачуццё салідарнасці, мы намагаемся падтрымаць адзін аднаго, нам прасцей трымацца разам, але гэта не вызначае нас як кам’юніці. Нават ёсць ініцыятывы, якія намагаюцца праводзіць нейкія анлайн і афлайн мерапрыемствы па тыпу квір-пікнікоў і гэтак далей, але гэта не кам’юніці.
Хай патэнцыйная магчымасць сабрацца ў бяспечным і падтрымліваючым асяроддзі людзей, якія цябе разумеюць, мяне натхняе і захапляе, я не магу сказаць, што гэта робіць з нас суполку.
Мы побач, але мы не разам
Я не ўпэўнены, што мы ўвогуле можам сфармаваць кам’юніці ў цяперашняй Беларусі.
Насамрэч, мне цяжка думаць пра тое, якія праблемы ёсць у мяне як у ЛГБТК-чалавека у нашай краіне, бо пакуль ніхто не ведае, што я квір, ніхто мяне і не прыгнятае. І датуль я магу жыць як звычайны чалавек.
Часам мне, вядома, трохі сумна, што я не магу быць сабой, але гэта не самае горшае, што можа адбыцца са мной як з геем у Беларусі.
На маю думку, стаўленне да ЛГБТК ў беларускім грамадстве паляпшаецца, але гэта адбываецца не са ўсімі. Я не магу даць ацэнку ўсяму грамадству наогул паміж значэннямі “добра” і “дрэнна”. Для кожнага фармаванне поглядаў на гендэр і сэксуальнасць адбываецца па-рознаму. Калі б я ацэньваў людзей асабіста, то па шкале талерантнасці сярэднестатыстычны стары мужчына меў бы хутчэй “дрэннае” значэнне, а сярэднестатыстычная маладая дзяўчына – “добрае”.
Асабістае жыццё і думкі пра пераезд
Будучы прыгожым паўналетнім геем, мне вельмі проста знайсці чалавека для стасункаў у праграмах для гей-знаёмстваў. Дагэтуль у мяне ніколі не было нейкіх сур’ёзных стасункаў, ды мне і не вельмі хацелася, насамрэч.
Па большай частцы ў мяне былі толькі сябры з прывілеямі, з якімі бывалі цікавыя размовы, сэкс, часам нейкія рамантычныя ўзаемадзеяніі.
Ды і агулам мы маглі добра бавіць час. Але я ніколі не ўспрымаў іх усур’ёз, хай я і удзячны ім за каштоўны досвед і прыемныя ўспаміны.
Я люблю Беларусь, але з кожным годам мне тут становіцца ўсё больш цяжка і сумна
Пакуль старыя цысгетэра мужчыны не памруць, я не бачу сваёй будучыні тут, бо я альбо здохну, альбо сяду. Я б хацеў, як мінімум, атрымаць нармальную адукацыю за мяжой, а ў ідэале – вядома, застацца там жыць з некім з сябро_вак.
Размаўляла Саша Камко
Выявы згенераваны нейрасеткай. Прамты — Gpress.info
Подписывайтесь на наш Telegram-канал!
ЛГБТК-миграция. Большой путеводитель по переезду в безопасную страну