
Шчыры аповед лесбіянкі пра пошукі сябе і кахання
Беларуска Жэня распавяла пра асабістае жыццё, праблемы ў стасунках і няўдачы ў спатканнях, як адрэагавала сям’я і сябры на яе камінг-аут, чаго яна баіцца і што дапамагае пераадольваць складанасці.
Гэта гісторыя пра шлях ад усведамлення і прыняцця сваёй арыентацыі да пошукаў шчасця ў свеце, які не заўжды гатовы прымаць.
“Калі ў сям’і закладваецца нейкі моцны падмурак, то дзіцяці складана зразумець, чым дакладна яно адрозніваецца”
Жэні (імя змененае на просьбу суразмоўцы) 27 гадоў, жыве ў Польшчы, працуе выхавацелькай у дзіцячым садку і малюе.
“Мастацтва мяне заўсёды цікавіла, мне падабаецца спосаб уражлівасці, якое яно дае. Я працую не па тэмах, а па колерах, вось акурат сканчваю жоўты і пераходжу да аранжавага. Звычайна малюю эмайцыйныя станы, зараз штосьці звязанае з пяшчотаю”.
На пытанне, як прыйшло разуменне, што ты лесбіянка, Жэня ўсьміхаецца і гаворыць:
“Калі б ты ў мяне гэта запыталася гадоў 10 таму, то можа я б табе нешта адказала. Бо маючы 27 год, больш памятаеш, як успрымалі бацькі і людзі навокал, чым я сама сябе”.
У сям’і Жэні выхаванне было такім: трэба выйсці замуж і нарадзіць дзяцей.
“У сем’ях гэта падмурак, гэтаксама як і беларуская культура абапіраецца на такія каштоўнасці. Я ўспрымала ўсё навязванне па змаўчанні, бо няма іншага варыянту, калі ты дзіця. З часам даведваешся, што можа быць інакш, што табе пасуе ці не. Але калі ў сям’і закладваецца нейкі моцны падмурак, то дзіцяці складана зразумець, чым дакладна яно адрозніваецца”.
“У мяне быў доўга краш на маю аднакласніцу”
Жэня прызнаецца, што было страшна, як адрэагуць бацькі, калі даведаюцца пра яе арыентацыю, але дапамагала асяроддзе.
“Я даведалася пра сябе ў падлеткавым узросце, у якім вельмі важна, як твае сябры і сяброўкі зрэагуць, як яны сябе выражаюць. І калі яны гамафобныя, то можа гэта быў бы вельмі складаны этап у маім жыцці, але атрымалася наадварот, таму было прасцей прыняць сябе”.
Дзяўчына кажа, што сябрам і сяброўкам ёй не давялося шмат пра сябе расказваць – усё быццам было зразумела.
“Гэта быццам была частка нашага сталення, камусьці хтосьці падабаецца, не важна, хлопец гэта ці дзяўчына. Свет настолькі розны, што нават калі ты гетэра і ў цябе ўсе сяброўкі гетэра, то ва ўсіх жа розныя крашы! Таму мы проста абмяркоўвалі, што ў каго. У мяне быў доўга краш на маю аднакласніцу, хаця, па-мойму, у нас тады ва ўсіх была эпідэмія з ёй”, – смяецца Жэня.
“У сям’і ведаюць усе”
Для Жэні было вельмі важна распавесці пра сваю арыентацыю, бо ёй хацелася падтрымліваць шчырыя стасункі з блізкімі.
“У сям’і ведаюць усе. Я вельмі сямейны чалавек. Таму як мой брат праводзіць час са сваёй дзяўчынай і запрашае яе на сямейныя сустрэчы, у паездкі, так і я хачу быць са сваёй партнёркай. Гэта ж добра – усім разам бачыцца. Мне не хацелася б выключаць гэта са свайго жыцця”.
Хаця працэс прыняцця Жэні такой, якая яна ёсць, быў складаны.
“Можна ўявіць беларускіх клапатлівых бацькоў, якія: “О не! Прынесла нешта са школы!” Гэтак у мяне было з расейскай мовай, – смяецца Жэня. – “Вось матам дзіця пачынае лаяцца, а пасля яшчэ гэта… Жах які!” Пэўна, такая была спачатку ў іх рэакцыя”.
“Калі прыводзіш дахаты сур’ёзную жачыну, вы бярэце дзяцей на вакацыі, то гэта падкупляе”
Стаўленне моцна змянілася, калі Жэня пачала жыць самастойна.
“Калі ў сям’і бачылі, што я сапраўды з кімсьці сустракаюся і мы вырашаем нейкія фінсавыя і іншыя дарослыя справы, гэта больш за ўсё дапамагло ім прыняць рэчаіснасць. Атрымалася паставіць сябе, маўляў: хэй, я дарослая, глядзіце, мы разам робім дарослыя рэчы, мы можам дапамагчы вам”.
Дзяўчына дадае, спрацавала тое, што дарослыя людзі патрабуюць дарослых рашэнняў.
“Таму сям’я спачатку так і ўспрымала: “Яна гэта перерарасце”. Як такую “эма фазу”, – смяецца Жэня. – А калі пасля ўжо прыводзіш дахаты сур’ёзную жачыну твайго ўзросту, вы бярэце дзяцей да сябе на вакацыі, то гэта падкупляе бацькоў. Магчыма, дарэчы, таму я і думаю: мне трэба сур’ёзная жанчына, тады будзе добра, мяне будуць успрымаць як дарослага чалавека. Мне падаецца, што падобная сітуацыя і ў гетэра стасунках ёсць, бо такая бацькоўская псіхалогія”.
Так было, калі Жэня пазнаёміла сваю сям’ю са сваёй былой дзяўчынай. Яе партнёрка была інфарматыкам, добра зарабляла. Атрымліваецца, сур’ёзнае стаўленне да Жэні сфармавалася праз іншага чалавека.
“Але хацелася б, каб яны любілі і ўспрымалі мяне проста таму, што гэта мой выбар. Я хацела б мець магчымасць паразмаўляць з мамай і сказаць: “Вось я была на спатканні з такой дзяўчынай. Як думаеш, пайсці мне яшчэ раз?” Добра, калі бацькі могуць паразмаўляць пра спатканні. І так яны будуць ведаць, як у цябе насамрэч справы, што чуваць, як сябе адчуваеш, адкуль у цябе фінансы і куды яны ідуць – гэта вельмі важна”.
“Адчуваю сябе вельмі выключанай з гэтага жыцця”
Жэня прызнаецца, што заўсёды баіцца рэакцыі, калі людзі даведаюцца пра яе арыентацыю.
“Я вельмі баюся агрэсіўнай рэакцыі. Напрыклад, на працы мне складана, бо я заўжды думаю: казаць ці не казаць, як зрэагуць? Бо я працую ў дзіцячым садочку, гэта адказная праца з дзецьмі, і я не ўпэўненая, як людзі ўспрымуць мяне”.
Што ты адчуваеш праз тое, што не можаш быць сабой?
“Мне сумна. Я была тры гады таму на вяселлі маіх знаёмых і было адчуванне, што я не змагу гэтак жа, не змагу пабрацца шлюбам у касцёле, бо тут трэба мець хлопца ці дзяўчыну ў залежнасці ад таго, хто ты. Тады падумала, што адчуваю сябе вельмі выключанай з гэтага жыцця. Я запрошаная, але не тое, каб вельмі. І ўсё астатняе так працуе, на жаль. Не бачу, каб гэта змянілася”.
Пра былыя стасункі: “Я хацела цалкам princess treatment”
Распавядаючы пра свае мінулыя стасункі Жэня звяртае ўвагу на размеркаванне фінансаў у пары.
“З былой дзяўчынай мы дзялілі ўсё напалову. Я крыху менш плаціла за жытло, бо ў мяне яшчэ была майстэрня, але я зарабляла ў два разы менш. Мне не падабалася 50/50, бо я хацела цалкам princess treatment, дзе я нічога не плачу, толькі за майстэрню, а мая партнёрка проста рада, што можа са мной быць у адной прасторы. Таксама я заўважала, што ў маіх знаёмых, хто гетэра, то ў іх заўжды хлопец за ўсё плаціць”.
Вядома, усё залежыць ад сітуацыі, у якой знаходзіцца пара, хто кім працуе, дадае дзяўчына.
“Калі за мяне плацяць – гэта клопат, якога мне крыху бракуе, бо з маёй працай вельмі складана за ўсё плаціць. Таксама гэта выбар, з кім ты хочаш быць. Калі ты бярэш у партнёркі маладую мастачку, якая толькі пачынае развівацца, то, вядома, у яе не будзе грошай.
І таму окей, калі плаціць тая партнёрка ці той партнёр, у якога грошы ёсць
Але ў такіх адносінах, у якіх я звычайна, не прынята нават пытацца, бо будзе рэакцыя: “Хочаш, каб я за цябе заплаціла?! Каб я цябе падвозіла на сваёй машыне на працу?! Ваў! Не!””..
Жэня распавядае пра свой досвед мінулых стасункаў з крыўдаю і дадае: “Проста калі б я магла, то я б завозіла на працу”.
“Можа гэта наш нейкі славянскі бэкграўнд, што хочацца, каб за цябе заплацілі. Бо нават калі кудысьці ідзеш на спатканне, то вы заўжды або дзеліце, або хтосьці плаціць зараз, а нехта наступны раз. І гэта окей, калі ў вас абодвух няшмат грошай і вы хочаце кудысьці выйсці. Але гэта не окей, калі мы кажам пра клопат і жаданне чалавека штосьці для цябе рабіць”.
Дзяўчына прызнаецца, што гэта таксама можа быць праблемай у яе пошуку стабільных і сур’ёзных стасункаў зараз.
“Ёсць такі трэнд у TikTok, дзе людзі, якія выйшлі з доўгіх стасункаў, дзеляцца, што ўвогуле не могуць сабе знайсці кагосьці. І я магу з гэтым пагадзіцца, гэта рэчаіснасць. Кажуць, быццам інтэрнэт, хуткія знаёмствы змяняюць хімію ў мозгу чалавека. Але я не ведаю, ці гэта праўда. Ва ўсім свеце гэтыя сітуэйшэншып, усё адно, з кім ты спіш. І мне здаецца, гэта ўсё пра нейкія эмацыйныя арэлі”.
“Сяброўка намовіла, каб я пайшла на спатканне з яе сябрам. Я сказала: “добра, мне ўжо ўсё адно””
Жэня дадае, што пасля доўгіх адносінаў хацела даць сабе час і адпачынак, проста сустракацца з людзьмі.
“Мне патрэбнае было паветра. І вельмі складана нешта збудаваць у свеце, дзе паняцце рамантыкі не існуе. У мяне адчуванне, што зараз вайб такі: ніхто не чытае доўгіх кніжак рамантычных і ніхто не хоча такіх адносінаў. Хочуць проста нейкія стасункі і хадзіць на сустрэчы. Але ёсць вельмі шмат адсутнасці ў прысутнасці”.
У нейкі момант, пасля шэрагу спатканняў, Жэня пайшла на сустрэчу з хлопцам
“Аднойчы мяне сяброўка намовіла, каб я пайшла на спатканне з яе сябрам. Я сказала “добра, мне ўжо ўсё адно”. Але сустрэча трывала дзесяць хвілін. Потым я ехала дахаты і думала: “Што я ўвогуле раблю ў жыцці? Няўжо ўсё так кепска?” Так што вось забаўляюся, як магу”, – усьміхаецца дзяўчына.
Пра цяперашнія стасункі: “Божа, ну што гэта такое?! Я не разумею, у чым справа”
Нашая з Жэняю размова пра стасункі адбываецца акурат своечасова – дзяўчына едзе на спатканне. На дадзены момант сітуацыя з яе адносінамі вельмі непаразумелая, але пакуль Жэня пачуваецца з гэтым нармалёва.
“Спачатку я не ведала, ці гэта сітуэйшэншып, ці не.
Я была на першым спатканні, калі яшчэ не з’ехала ад сваёй былой, хаця мы ўжо разыйшліся
Была дзіўная сітуацыя, я не магла чагосьці чакаць ад чалавека, але ўсё адно напісала вельмі сур’ёзнае паведамленне: “Ці хочаш далей працягваць гэтае знаёмства””.
Жэня смяецца і дадае, што пасля першай сустрэчы амаль нічога не даведалася пра дзяўчыну, акрамя таго, што тая спартоўка.
“Гэта было такое: “Ммм, пакуль не хачу яе выдаляць са свайго календара”. Пасля ў нас была другая сустрэча, пікнік, мне спадабалася. Апынулася, што яна вельмі эмацыйна інтэлігентная і ў яе ёсць свой гарод, яна садзіць памідоры і не толькі! Унутры было: “Ваў, ты ўмееш капаць бульбу? Умееш садзіць агуркі і рабіць закаткі?! Ну ўсё…””.
Жэня весела дадае, што ўсё астатняе ў дзяўчыне таксама спадабалася, але факт пра гарод і закаткі скарыў яе.
“У яе такая тактыка, маўляў, хадзем на спатканне і там будзе, што будзе. А я іншая, мне трэба прадумаць усё, разумець, ці стасункі вартыя маёй увагі. Бо калі мне чалавек сапраўды падабаецца, гэта для мяне сур’ёзна, я не жарты жартую! Ёсць і штосьці добрае ў балансе, калі я хачу ўвесь час бачыцца, а яна – не. Але ёсць і мінусы, бо я ўсім сяброўкам і сябрам потым пішу: “Божа, ну што гэта такое?! Я не разумею, у чым справа””.
Такія адносіны таксама могуць быць, але важна, каб людзі былі стабільнымі ў сваіх паводзінах і былі адкрытымі, тады эмацыйным арэлям няма дзе разгушкацца, тлумачыць Жэня.
“Таму калі ты сапраўды стабільная, калі ласка, не падманвай, заставайся такой жа. І будзе добра. Ну і таксама важна прыносіць слоікі з агуркамі кожны раз, як мы бачымся, тады будзе сапраўдным пацверджаннем сур’ёзнасці намераў”.
Жэня прызнаецца, што размовы пра стасункі ёй даюцца вельмі цяжка
“Перад тым, каб спытацца, ці будзе ў нас нешта сур’ёзнае, я вельмі стрэсую. На дадзены момант я стараюся, каб не было такіх размоваў, калі гэта не варта таго. Агулам на пачатку адносінаў я стараюся даць чалавеку ад сябе ўсё, а калі гэта не пасуе, калі адчуваю несупольны вайб, то сыходжу”.
Як маюць выглядаць ідэальныя стасункі, Жэня пакуль не вызначылася, але адно ведае дакладна:
“Галоўнае, каб у стасунках не было стрэсу. Мне ўжо 27 год, куды стрэсаваць? Я хачу, каб нам з партнёркай было цікава, каб мы больш дапамагалі адна адной, а не перашкаджалі. Ну і пакуль мне б не хацелася жыць ні з кім разам”.
Дзе шукаеш сілы?
“Сябры, сям’я больш за ўсё мяне падтрымліваюць. Памятаю, калі я разыйшлася з былой, мой брат прыехаў са сваёй дзяўчынай да мяне ў іншы горад, мы ўвесь тыдзень правялі разам. Таксама я ездзіла да сваіх сяброў і жыла ў іх. Вельмі класна, калі хтосьці можа стабільна з табою правесці час”.
Што б ты параіла людзям, якія шукаюць кахання, але церпяць няўдачу?
“Выдаліць Tinder, пайсці вучыцца, вандраваць з сябрамі і ўвогуле праводзіць з імі больш часу, каб пераключыцца. Даваць свае эмоцыі і свой час тым, хто гэта цэніць. Бо са свайго досведу я зразумела, што ў мяне шмат добрых людзей побач, з некаторымі нават я быццам другі раз пазнаёмілася”.
Васіліна Сакалоўская
Выявы згенераваны нейрасеткай. Прамты — Gpress.info
***
Подписывайтесь на наш Telegram-канал!
ЛГБТК-миграция. Большой путеводитель по переезду в безопасную страну
Смотрите интересные видео на нашем YouTube-канале