
Беларусы стварылі па-ангельску падкаст пра квір-гісторыю
Eastern Queerope: Belarus – так назвалі даследчыкі Ула і Вікця свой падкаст пра квір-гісторыю.
У апісанні да падкаста азначана, што стваральнікі даследуюць квір-гісторыю Беларусі. Ад Сярэднявечча і хрысціянства да СССР і гей-маршаў 2010-х гадоў.
Ужо выйшлі два выданні: першы – агульны – пра тэму такога напрамку як квір-гісторыя і яе спецыфікі (ад адсутнасьці зьвестак да квірфобіі аўтараў крыніц).
У другім выданні аўтары пераходзяць да канкрэтных прыкладаў з беларускай гісторыі як часткі гісторыі Ўсходняй Эўропы ў Сярэднявечча. Гаворыцца пра тое, як сэксуальнасьць разумелася як маральная катэгорыя.
Усяго ў сэзоне 6 выпускаў, наступны – пра гісторыю перасьледу гамасэксуалаў і гамасэксуалак у СССР
Таксама ў наступных выпусках даследчыкі анансуюць расповед пра фальклор, Статут ВКЛ і квір-пратэсты 1990-х і 2000-х.
Ула займаецца мастацтвам, разам з гэтым піша дасьледчыя праекты пра квірнасьць у беларускай гісторыі цяпер факусуючыся на актывізме 1990-х і 2000-х.
Вікця займаецца скандынавістыкай і шмат працуе з літаратурным кантэкстам, яна даўно цікаваліся тэмай гэндырных дасьледваньняў у філялёгіі.
Вось як распавядае пра падкаст Ула:
«Мы разам зразумелі, што нам не хапае пляцовак і прастораў, каб гаварыць пра сучасныя гуманітарныя дасьледваньні Беларусі з фокусам на групы, якія часта падпадалі пад тую ці іншую форму сістэмнага ціску.
Нам хочацца будаваць сувязі з дасьледчыкамі й дасьледчыцамі з іншых Усходнеэўрапейскіх ды й агульных сусьветных акадэмій, праз гэтае вырашылі рабіць выпускі на ангельскай мове».
Якія мэты ў вашага падкаста?
«Для мяне вельмі важна артыкуляваць беларускі погляд на сваю асабістую гісторыю. Гэта ўключае й бок эпістэмалёгіі (як беларусы ды беларускі бычылі свае каштоўнасьці й разумелі навакольле) і бок гісторыі простых людзей, тых, каго звычайна праз розныя гвалтоўныя механізмы выцясьнялі з гісторыі.
У гэтым сэнсе й беларуская ідэнтычнасьць, і любая негетэранарматыўная ідэнтычнасьць не мелі магчымасьць трапляць у гістарычныя ці этнаграфічныя манаграфіі самастойна, заўсёды апісыаліся звонку, звычайна праз расейскую ці польскую оптыкі.
Ёсьць надзея, што дасьледваньні квір-гісторыі краіны змогуць дапамагчы нам убачыць гісторыю ў большай складанасьці, падсьвяціць перадузятасьці крыніц і павярнуць оптыку на гісторыі звычайных людзей».

Вікця і Ула. Фота з архіву герояў
Вікця кажа пра ідэю падкаста і абгрунтоўвае выбар мовы для яго:
«Ідэя рабіць такі падкаст узнікла, таму што квір-гісторыя, на жаль, усё яшчэ з’яўляецца часткова табуяванай тэмай, асабліва ў сферы ўсходнееўрапейскай гісторыі і гістарыяграфіі.
Мне й самой часта не хапае крытычных абмеркаванняў і спосабаў/фрэймаў для яе асэнсавання. Пры гэтым, паколькі я, у першую чаргу, працую з літаратурнымі тэкстамі, я заўсёды сутыкаюся з бясконцымі магчымасцямі іх інтэрпрэтацый.
Больш за тое, людзі заўсёды звяртаюцца да гісторыі, каб спазнаць сябе, звяртаюцца з праблемамі, якія іх турбуюць у цяперашнім часе, таму нашая праца мне падаецца абсалютна заканамернай ў гэтым сэнсе.
Мы вырашылі рабіць падкаст на англійскай, каб пашырыць магчымы абхват аудыторыі, якая можа даведацца штосьці пра гісторыю Беларусі. Да таго ж для нас гэта быў досвед адзіўнення: мы маглі гаварыць на ўразлівыя тэмы, адхіліўшыся ад звычайнай і знаёмай нам перспектывы і мовы, гэта быў і вельмі асабісты эксперымент».
Падкаст можна слухаць на розных пляцоўках.
***
Падпісвайцеся на наш Telegram-канал!
ЛГБТК-міграцыя. Вялікі даведнік па пераездзе ў бяспечную краіну