
Як ЛГБТК+ людзям абраць тэрапеўт:ку
Беларуска Марыя, якая сутыкнулася з непрафесійнай псіхалагічнай дапамогай, распавяла пра свой шлях у тэрапіі, якія складансці напаткала і што ёй дапамагло. Псіхалагіня Надзея Гарадніцкая дала рэкамендацыі, як абраць псіхолага, а таксама на якія рэд і грын флэгі звяртаць увагу.
“Я звярнулася да мамы з просьбай пра дапамогу і яна знайшла мне псіхалагіню”
Вялікія ментальныя праблемы былі ўсё жыццё, прыгадвае Марыя (імя змененае на просьбу суразмоўцы). Няпростае дзяцінства, сямейныя траўмы, цкаванне ў школе моцна паўплывалі на дзяўчыну і прымусілі рана пасталець. Мама ініцыявала спробы сямейнай тэрапіі, калі Марыі было 9-10 гадоў, але першая сур’ёзная спроба адбылася ўжо ў 18.
“Мяне на працягу 5 месяцаў пераследваў чалавек, з якім я раней мела нядоўгія стасункі. Я правалілася ў анарэксію. Тады я не ўсведамляла, што гэта хвароба, але вельмі мала ела і шмат займалася фізічнай актыўнасцю, бо мне было вельмі брыдка, што чалавек дакранаўся да мяне. Я прыдумала сабе, што калі схуднею і змяню сваё цела, яно стане нібы іншым, не тым, да якога той чалавек дакранаўся”.
Сітуацыя пагоршылася, Марыя пачала есці па 700 калорый на дзень, захоўваючы шмат актыўнасці, тады дадаліся панічныя атакі і бессань. Потым стан змяніўся на моцнае пераяданне.
“Я звярнулася да мамы з просьбай пра дапамогу і яна знайшла мне псіхалагіню. Тады ў мяне не было ніякага досведу тэрапіі і я была ў вельмі крохкім стане, насамрэч, трэба было мяне весці да псіхатэрапеўткі ці да псіхіятра. Але мама была вельмі супраць медыкаментозных рашэнняў”.
Марыя прыгадвае, што з псіхалагіняю яны шмат разаўлялі пра будучыню і яе адносіны з бацькам, замест таго, каб працаваць з адносінамі з ежай, з сітуацыяй у сям’і і асабістых стасунках. У нейкі момант у дзяўчыны скалалася ўражанне, што сесіі працягваюцца, толькі каб цягнуць грошы.

“Я лічу, гэта было непрафесійна, што псіхалагіня не накіравала мяне да псіхіятра, бо я дакладна была ў дэпрэсіўным стане і з разладам харчовых паводзінаў. На той момант тэрапія была хоць нейкай падтрымкай і гэта трохі мне дапамагло, я была задаволеная. Але праз нейкі час у мяне атрымалася пераехаць у іншую краіну, дзе было некалькі спробаў тэрапіі, з якіх я зразумела, што тое, што адбывалася тады было не окей”.
Калі пазней у Марыі былі пагаршэнні стану, яна звярталася адразу па псіхіятрычную дапамогу.
“Важны баланс: быць і адкрытай, і мець долю крытычнай ацэнкі”
Пасля Марыя зразумела, што найлепшы варыянт пошуку спецыялістаў і спецыялістак – па рэкамендацыях. Так дзяўчына і знайшла сваю тэрапеўтку, з якой яны працуюць разам ужо больш за чатыры гады. Таксама Марыя падкрэслівае, што для яе вельмі важная наяўнасць медыцынскай адукацыі.
“На жаль, зразумець, хто табе падыходзіць, можна толькі метадам спробаў і памылак. Паўстае яшчэ і пытанне грошай. Я б раіла людзям спрабаваць дзве-тры сесіі, і калі адчуваеце, што не ідзе, то шукаць некага іншага. Трэба мець здаровую долю скепсісу, але таксама не зашмат, бо калі ты недастаткова адкрываешся на сесіі, гэта можа нашкодзіць, таму важны баланс: быць і адкрытай, і мець долю крытычнай ацэнкі”.
Адносіны з тэрапеўтам ці тэрапеўткай у ідэале – гэта такія адносіны, як і любыя іншыя, але ў якіх ёсць пэўныя рамкі, мусіць быць шмат бяспекі, кажа Марыя.
“Гэты пошук падобны да таго, як мы знаходзім блізкіх людзей, з якімі ў нас усталёўваецца душэўны кантакт. Таксама я раю зрабіць папярэдні самастойны рэсёрч пра падыходы, спытаць у знаёмых з гэтай сферы, паслухаць досвед іншых людзей у тэрапіі, гэта вельмі дапамагае”.

“Калі раяць “знайсці нармальнага мужыка”, “нарадзіць дзяцей””
Марыя рэкамендуе звяртаць увагу на наступныя рэдфлэгі ў тэрапеўт:кі.:
“Калі чалавек кажа, што вашыя пачуцці невалідныя, што ўсё фігня і вам трэба пайсці заняцца справай. Калі ёсць раяць “знайсці нармальнага мужыка”, “нарадзіць дзяцей”. Таксама калі гэта спецыяліст, які/якая не працуе з медыкаментамі, але бачаць, што да іх прыходзіць чалавек, якому трэба псіхіятрычная дапамога, і не накіроўвае на яе. Але далёка не заўжды чалавек, які ў такім стане прыходзіць, можа гэта ацаніць у моманце”.
З чаго пачаць пошук спецыяліст:кі
Праз некаторы час тэрапеўт будзе ведаць пра чалавека столькі, колькі не ведаюць нават самыя блізкія людзі ў асяроддзі. Таму, вядома, хочацца выбраць “таго самага” з першага разу, але гэта вельмі няпроста, тлумачыць логатэрапеўтка і аналітычная псіхалагіня Надзея Гарадніцкая.
“Псіхааналітыкі звычайна шмат слухаюць і ківаюць галавой, размаўляюць пра мінулае, вывучаюць глыбінныя ўнутраныя працэсы. Часам людзі лічаць, што тэрапеўт “дрэнны”, бо шмат маўчыць, але гэта проста асаблівасці псіхааналізу. Кагнітыўна-паводзінавыя тэрапеўты, наадварот не пойдуць у мінулае і глыбіню, а будуць дапамагаць змяніць канкрэтныя думкі і паводзіны тут і цяпер”.

Псіхалагіня Надзея Гарадніцкая. Фатографка Вераніка Маляўка (malyavka_photo)
Напрамкаў шмат, і каб зразумець, што вам бліжэй, лепш загадзя пачытаць пра розныя школы. Але гэты падзел даволі умоўны, бо многія псіхолагі сумяшчаюць некалькі падыходаў і могуць працаваць у розных напрамках адразу, тлумачыць спецыялістка.
Варта разумець, што ў тэрапеўта можа быць шмат дыпломаў, але можа не адбыцца пэўнай “хіміі” – і гэта нармальна.
“І вось тут сацсеткі, Instagram – добрая платформа, каб паназіраць, ці адгукаецца вам чалавек, з якім вы будзеце працаваць. Бо тэрапеўты працуюць праз сябе і вы будзеце дзяліцца самым запаветным, таму чалавек вам павінен быць прыемным. Але, на жаль, не ўсе добрыя тэрапеўты вядуць сацсеткі”.
Надзея папярэджвае: “Сарафаннае радыё добрая справа. Але майце на ўвазе, што вы і вашыя блізкія не можаце хадзіць да аднаго псіхолага”.
Праз некалькі сесій можа адбыцца такое, што чалавек не захоча працягваць тэрапію, але як адрозніць: ці я хачу саскочыць ці тэрапеўт не падыходзіць?
“Калі вы кожны раз сыходзіце ад кожнага тэрапеўта, то тут ужо ёсць нагода задумацца: ці я бягу ад чагосці, ці я проста зноў знайшла не таго тэрапеўта. Але дасведчаны тэрапеўт заўважыць, калі ў вас ёсць супраціў да тэрапіі. Я раю таксама гэтую тэму падымаць, агучваць, тады ў працэсе вашага абмеркавання будзе больш ясна, што адбываецца паміж вамі”.
Надзея заклікае абавязкова задаваць любыя пытанні тэрапеўту, усё што турбуе ці не зразумела, – гэта будзе толькі на карысць вашай тэрапіі.

Як зразумець: ісці да псіхолага ці псіхіятра
“Я б раіла пайсці да псіхолага, а ён ці яна ўжо будзе бачыць, што з чалавекам, і параіць свайго калегу ці каляжанку з адмысловай падрыхтоўкай, ці перанакіруе да псіхіятра, або будзе працаваць разам з псіхіятрам. Чалавеку самому можа быць складана зразумець, што з ім адбываецца”.
Страхі і стэрэатыпы ў тэрапіі
“Адзін з папулярных варыянтаў “я сама магу справіцца” — калі прасіць дапамогі азначае прызнаць свае страхі і слабасць. Калі справа даходзіць да таблетак, людзі робяць усё магчымае, каб пазбегнуць гэтага, бо ёсць стыгма дыягназаў плюс дадаецца таксама страх залежнасці ад медыкаментаў”.
Тут варта ўлічваць, што кожная асоба ўнікальная, таму і страхі будуць унікальнымі таксама, дадае псіхалагіня.
“Напрыклад, я чалавек з хранічным болем, для мяне незразумела, наколькі тэрапеўт у тэме, ці ён будзе псіхалагізаваць мой стан, думаць катэгорыямі другасных выгодаў, псіхасаматыкі. І вось, як патэнцыная кліентка, я б баялася гэтага”.
Рэд флэгі, на якія варта звярнуць увагу:
- Абяцанні “вылечыць” за нейкую колькасць сесій.
- Існуе меркаванне, што тэрапеўт не можа даваць парады, на самой справе ён можа прапаноўваць розныя стратэгіі — напрыклад, тэхнікі дыхання або іншыя паводніцкія інструменты. Але тэрапеўт не прымае рашэнні за вас. Калі тэрапеўт кажа нешта накшталт “вам трэба разысціся з мужам” – гэта трывожны знак. Такія парады магчымыя толькі калі толькі існуе пагроза фізічнай бяспецы.
- Парушэнне канфедынцыйнасці (нават у дробязях).
- Калі тэрапеўт навязвае свае каштоўнасці, рэлігію і погляды.
- Калі рэгулярна спазняецца ці адмяняе сустрэчы ў апошні момант. Вядома, трэба мець на ўвазе ўнікальнасць сітуацыі, што насамрэч адбываецца, бо мы ўсе людзі. Але калі рэгулярна – гэта недапушчальна.
- Водгукаў індывідуальных кансультацый не павінна быць, выключэнне – тэматычныя групы.
- Усе “-ізмы” – расізм, сэксізм і іншае. Тэрапеўт можа і нават павінен адмовіцца і не працаваць з кліентам, калі разумее, што не вытрымлівае нейкую парадыгму, у якой жыве чалавек, у іх разыходзяцца палітычныя погляды і іншае.
- Тэрапеўт заўжды гладзіць кліента па галаве. Існуе паняцце “фрустрацыі кліента” – гэта важны этап у тэрапіі, каб кліент разумеў, што адбываецца ў яго жыцці і паглядзеў на сябе вачыма не толькі любячай маці.
- Псіхолаг асуджае, крытыкуе або маніпулюе пачуццямі віны або сораму.
- Недарэчныя дотыкі (абдымкі без згоды, пагладжванні).
- Прапануе асабістыя зносіны па-за сесіямі.

Як вярнуць давер да тэрапіі пасля негатыўнага досведу
Трэба разумець, што перад вамі жывы чалавек, і нават дыпломы з рэгаліямі не даюць абсалютнай гарантыі, тлумачыць Надзея.
“Вы можаце памыліцца з выбарам цырульніка, але гэта ж не значыць, што ўсе цырульнікі дрэнныя? Тое самае — з тэрапеўтамі. На жаль, сярод псіхолагаў таксама сустракаюцца людзі з уласнымі невырашанымі праблемамі і асобаснымі разладамі. Пакуль псіхолагі — людзі, ніхто не застрахаваны ад памылак. Але негатыўны досвед з адным спецыялістам не азначае, що тэрапія як метад не працуе. Гэта азначае, што канкрэтны чалавек не падышоў. І гэта нармальна — шукаць далей”.
Размовы з ChatGPT – замена тэрапіі?
Гэта вельмі небяспечная ілюзія, папярэджвае псіхалагіня, і прыводзіць цытату Пітэра Левіна, стваральніка метаду працы з траўмай праз цела: “Траўма адбываецца там, дзе не было эмпатычнага сведкі”.
“Нам патрэбны жывы чалавек, які будзе глядзець нам у вочы, назіраць за нашым целам, інтанацыямі, эмоцыямі. З машынай — гэта небяспечная ілюзія. Людзі блытаюць тэрапію з механічным працэсам атрымання парадаў і пагладжвання па галаве. Так, я дапускаю, што ChatGPT можа быць карысным як інструмент — напрыклад, даваць канкрэтныя парады ў стылі кагнітыўна-паводніцкай тэрапіі. Але гэта не тэрапія. Тэрапія — гэта значна больш”.

Офлайн ці онлайн?
“Жывыя сустрэчы з тэрапеўтам могуць быць асабліва карыснымі: можна ўбачыць поўную карціну кліента, заўважыць дробныя сігналы, больш яскрава адчуць прысутнасць Іншага. У той жа час даследаванні паказваюць, што онлайн-тэрапія не саступае па выніках. Але ёсць кліенты, для якіх онлайн — больш бяспечны і камфортны фармат. Таму выбар формы працы залежыць ад вашых патрэб і магчымасцяў”.
Васіліна Сакалоўская
Падпісвайцеся на наш Telegram-канал!
ЛГБТК-міграцыя. Вялікі даведнік па пераездзе ў бяспечную краіну




