
Святочныя рэцэпты ад ЛГБТК+ беларусак і беларусаў
Калі набліжаецца Свята, то першае, аб чым я нагадваю сабе – мінулыя цёплыя і ўтульныя хвіліны праведзеныя сярод блізкіх мне людзей. Акрамя таго, успамінаюцца і гатаванне страў разам, а перад тым блуканне па магазінах і спрэчкі пра тое, што неабходна купіць і што неабходна прыгатаваць.
Салат “Купэйны” або Новы год у цягніку
Ігар М.
У мінулым настаўнік беларускай мовы і літартуры,
настаўнік пачатковых класаў. У цяперашні час праектант кухоннай мэблі, блогер, аўтар GPress.info
Асабіста мяне заўсёды кранае гісторыя пра святкаванне Новага году ў цягніку “Мурманск -Мінск”. Я вучыўся завочна і пасля свят адразу ў мяне пачыналася сесія на факультэце беларускай мовы БГПУ імя Максіма Танка. Святкаваць у цягніку не збіраўся – купіў пачак “Кірыешкаў” і зварыў яйкі “укрутую”, каб павячэраць. Тэлефоны тады не былі смартфонамі, таму адзінае амаль што можна было рабіць – гэта чытаць кнігі. У тую сесію я павінен быў “здаваць” беларускую літаратуру і таму загадзя паклаў у заплечнік кнігу Васіля Быкава (іншых аўтараў у далёкім расійскім гарадку знайсці было немагчыма). Але суседзі па купэ відаць “падрыхтаваліся” да свята лепей. Пазнаёміўся я тады з парай хлапцоў, якія ехалі ў Ноўгарад (праз гэты горад ішоў цягнік на Мінск). Я не быў адкрытым геем тады, але хутка зразумеў, што аб’ядноўвала гэтых хлапцоў. Мы “раззнаёміліся” і вырашылі пачаць святкаваць разам. Запомніў назаўсёды ўзаемаадносіны паміж імі – павагу адзін да аднаго, узаемападтрымку, іх вочы свяціліся “каханнем”.

Я змог прапанаваць ад сябе толькі … Салат з сухарыкамі “Купэйны”
- пачак сухарыкаў
- 3 звараныя “укрутую” яйкі
- пачак маянэзу (куплены недзе на маршруце паміж Аленегорскам і Кандалакшай)
- 2 вараныя бульбіны (ад маіх суседзяў па купэ)
- банка фасолі кансерваванай і
пачак крабавых палачак (куплены ў кіёску чыгуначным вакзале ў Кандалакшы)
Ніколі болей не рабіў гэты салат. Але хіба праз амаль праз 20 гадоў паспрабую зноў зрабіць у гэтыя святочныя дні. Не атрымаецца вярнуцца ў мінулае, але спрабую рабіць утульнасць вакол сябе, каб каханаму чалавеку побач са мной было таксама ўтульна.

Тырамісу або першы Новы год пасля пераезду
(хуткі варыянт паводле Джына Дэкампа)
Ігар Іваноў, выдаўца SKARYNAPRESS
Калі дваццаць зь нечым гадоў таму я патрапіў у Брытанію як студэнт, тырамісу было аднай з самых дзіўных страваў, што я пакаштаваў — падавалася невераемна смачным, але і складаным, да таго ж — з алкаголем (а хто з нас тады ўжываў алкаголь для гатоўкі?! — Ён быў толькі для піцьця). Таму я“ доўгі час не спрабаваў зрабіць яго сам.
Тырамісу заўсёды было сьвяточнай стравай у нашым студэнцкім доме. Мы радаваліся яму і аб’ядаліся — на сьвятах ня варта эканоміць. Гэта быў дом, дзе я пачаў свой шлях да паўнавартаснага жыцьця як гей — адкрытага, бессаромнага. Я люблю рабіць просты рэцэпт Джына Дэкампа (толькі не замарочваюся з паасобнымі шклянкамі — усё складаю ў адну простакутную місу).
- 3 філіжанкі эспрэса або моцнай чорнай кавы (астудзіць)
- 3 сталовые лыжкі цукровай пудры
- 6 сталовых лыжак лікёра Амарэтта
- 2 яйкі
- 250 г маскарпонэ
- 250 мл вяршкоў (узбіць)
- какава для пасыпкі
- 1 пачак Savoiardi (бісквітнае печыва).
- Дадайце халодную каву ў міску, затым тры сталовыя лыжкі амарэта і адкладзіце ўбок.
- У асобнай місцы ўзбівайце жаўткі яек і цукар каля трох хвілін, пакуль яны не стануць густымі і светлымі.
- Дадайце маскарпоне і ўзбівайце да поўнага змешвання. Акуратна дадайце ўзбітыя вяршкі металічнай лыжкай.
- У асобнай місцы ўзбівайце бялкі да ўтварэння мяккіх пікаў. Хутка, але акуратна змяшайце белкі з вяршковай сумессю. Дадайце астатні лікёр, стараючыся не страціць аб’ём.
- Паккладзіце кожны бісквіт на каля дзвюх секунд з кожнага боку ў кава-лікёрную сумесь абтрасаючы лішак.
- Нанясіце крыху крэмавой сумесі на печыва, затым паўтарыце працэс зноў, выкарыстоўваючы печыва і скончыўшы слоям крэму.
- Разгладзьце паверхню і пасыпце зверху какава-парашком.
- Пакладзіце у халоднае месца мінімальна на дзве гадзіны. Чым даўжэй ён застанецца, тым больш будзе насычаным.
Працэс займае 20 хвілінаў, а вынік — на сто рублёў! Гэта нагадвае мне, што многія рэчы застаюцца складанымі толькі таму, што я сам іх бачу такімі. А насамрэч многія смакоцьці і дзівосы не такія ўжо і страшныя.
Мінск-Тбілісі-Варшава: новы год паміж дамамі
Паліна Саук, квір-актывістка, пісьменніца, мастачка
Першы Новы год у эміграцыі напэўна ва ўсіх асаблівы. Ён пра тое, як рабіць свята з таго, што ёсць і ў кухні, і ў сэрцы.
Гэта адчувалася як крок у невядомае, і нават самыя звыклыя рэчы раптам пачалі набываць новы смак і новы сэнс. І Новы Год у новым месцы быў іншым. Ён быў ужо не пра шумную вечарыну з самымі блізкімі, а пра тое, каб з невялікіх дэталяў і новых уражанняў сабраць свой маленькі, але не менш дарагі скарб.
Мы сустракалі яго з мужам у Тбілісі, удваіх. Была лёгкая журба ад адсутнасці сяброў і бацькоў, але было і вельмі цікава ўбачыць як святкуюць у іншай краіне, бо дагэтуль нідзе не былі.
Мы пазванілі бацькам па відэасувязі і апынуліся ў двух часавых паясах адразу: спачатку ўвайшлі ў новы год у Грузіі, а праз гадзіну, не адкладаючы кубкаў, сустрэлі яго зноў, разам з Мінскам.
Грошай на багаты стол не было, таму мы вырашылі стварыць пачуццё дому з прывычных смакаў: прыгатавалі салат аліў’е і курыцу з ананасамі, менавіта тыя стравы, ад запаху якіх раней у хаце і пачыналася святочная казка. Гэта быў наш маленькі рытуал супраць тугі.
Але сапраўдным адкрыццём таго вечара стала зусім новая страва, якой ніколі не было на нашым навагоднім стале.
Грузінскія рулецікі з баклажанаў і тварожнага сыру
- Баклажан
- Тварожны сыр
- Часнок
- Зеляніна
Яны не былі часткай нашай мінулай традыцыі, але ў той вечар сталі сімвалам новага — прыгоды, адкрыцця, смеласці паспрабаваць жыць інакш. Яны былі прастыя, як і ўсё геніяльнае: смажаныя палоскі баклажана ды тварожны сыр з часнаком і зелянінай. Але гэтае спалучэнне дало нейкі неверагодны, поўны смак.

Паліна з мужам
Гэты Новы год мы будзем сустракаць ужо ў іншай сталіцы — у Варшаве. Жыццё за апошнія гады моцна нас паматала: Мінск — Тбілісі — Варшава. Але думаю на нашым святочным стале, побач з традыцыйнымі стравамі, абавязкова з’явяцца тыя самыя грузінскія баклажанныя рулетыкі. І ўжо не таму, што мы не маем грошай на іншае, а таму, што гэта цяпер як частка нашай асабістай эмігранцкай гісторыі.
“Эмігранцкае аліўе”
Аліса Сармант
беларуская палітычная і грамадская дзеячка, журналістка, дырэктарка беларускай квір-арганізацыі TG House
Я хачу распавесці пра мой Новы год у першай эміграцыі, які я сустрэла ў Вільні, у Доме правоў чалавека. Гэта быў вялікі прасторны дом, куды ў канцы 2010 года прыязджалі беларусы, якія ўцякалі ад рэпрэсій пасля выбараў 19 снежня. Разам са мной там былі калегі і іншыя эмігранты — людзі, якія апынуліся ў вельмі падобнай сітуацыі: чужая краіна, мала рэчаў, шмат трывогі і поўная невядомасць, што будзе далей.

Аліса Сармант
Мы ўсе былі стомленыя і эмацыйна вычарпаныя. Ніхто асабліва не планаваў святкаваць Новы год. Але калі падышоў 31 снежня, стала зразумела, што правесці вечар кожны ў сваім пакоі — гэта значыць проста праваліцца ў думкі і страхі. Таму мы вырашылі сабрацца разам у вялікай залі Дома. Нават не дзеля «свята», а дзеля падтрымкі.
Схадзілі ў краму і купілі тое, што трапілася: калбасу, бульбу, яйкі, агуркі. З гэтага зрабілі просты салат аліўе — такі, якім дома нават не пахвалішся, але тады ён быў сімвалам таго, што жыццё яшчэ не скончылася.
Мы сядзелі, размаўлялі ціха, часам маўчалі. У нас не было ні ёлкі, ні гірлянд, затое былі тэлефоны і ноўтбукі, праз якія мы званілі родным. Хтосьці паказваў ім наш «святочны стол», хтосьці проста пакідаў відэа ў фонавым рэжыме, каб чуць галасы з дому. Гэта было цёплае і крыху балючае адчуванне — быццам бы ты дома, але не дома.
Той самае «эмігранцкае аліўе»:
- вараная калбаса,
- вараная бульба,
- яйкі «укрутую»,
- агуркі марынаваныя
- трохі зялёнага гарошку,
- маянэз беларускі, соль, перац.
Проста ўсё парэзалі кубікамі, змяшалі й паставілі на стол.
На смак — самы звычайны салат.
Але для нас тады ён быў пра нешта большае: пра тое, што нават у выгнанні можна стварыць маленькі кавалачак «дома».
“Піца на Каляды”
Уладзь Гарбацкі, адзін з рэдактараў выдавецтва «Скарына»,
сацыялінгвіст, палітоляг, гендарны дасьледнік,
гей-актывіст і пісьменьнік. Аптымістычны віцяблянін, цяпер вілянчук.
Піца «cьфінчыёні» ці «cьфінчуні» (рэцэпт ад майго сыцылійскага каханка). Гэта не зусім калядная страва, але і на Калядкі яе гатуюць з пэўным сьвяточным дадаткам. Так, замест анчоўсаў кладуць сардынкі і грыбы. У адрозьненьне ад іншых відаў піцы, сыр (паводле клясычнага рэцэпту, гэта італійскі сыр пэкарына) кладзецца пад соўс, а таксама ў ейнай падрыхтоўцы выкарыстоўваюцца анчоўсы (а часам сардынкі). У сеціве вы лёгка знойдзеце рэцэпт сыцылійскай піцы sfincione. Піца-рай на талерцы!
З гэтай піцай зьвязаная цэлая гісторыя, апісаная ў апавяданьні «Адорна»: «Каб не Адорна, італійскія піцы засталіся б для мяне нясмачнай стравай, засталіся б для мяне простымі сухімі цацнямі, як называла піцы ў віцебскай выгатоўцы мая бабуля. Каб не Адорна, я б не даведаўся, што найсмачнюткай італійскай піцай зьяўляецца сыцылійская піца – сьфінчыні, абавязкова з анчоўсамі! Падаецца, да і пасьля Адорна я ня еў нічога смачнейшага… Каб ня мой Адорна, я б застаўся жудасным скептыкам у дачыненьні да італійскай кухні. Бочачкі к’янці і камплімэнты Адорна закахалі мяне ў Італію канчаткова».
Цалкам гісторыя даступная ў аўдыёфармаце:
«Мальцы выходзяць з-пад кантролю» падкаст
а таксама ў анталёгіі «Мальцы выходзяць з-пад кантролю», Лёндан, Скарына Прэс, 2023.

Салат “Гняздо глухара” або як стварыць святочны настрой для свайго партнёр(-а/-кі)
Аляксандр з горада М.
(імя зменена праз пэўныя абставіны)
Я ў тыя часы жыў у Мінску, а мой хлопец жыў у іншым горадзе. У нас былі стасункі на адлегласці. Раз у тыдзень мой хлопец прыязджаў да мяне ў Мінск, звычайна ў выходныя. Мне хацелася стварыць для яго адчуванне свята. Каб схадзіць у рэстаран патрэбны былі грошы, а ў той час даходы не дазвалялі сабе такія “святы” на кожны прыезд. Таму я вырашыў прыгатаваць нешта асаблівае. У сеціве знайшоў гэты рэцэпт:
Салат «Гняздо глухара»
Салат «Гняздо глухара» — гэта святочны салат, у выглядзе гнязда з яйкамі, прыгатаваны з курыцы, звараных яек, агуркоў, цыбулі і бульбянога “хворасту” — сеткі для дэкору.
- Курынае філе (варанае ці вэнджанае) — 300-400 г
- Яйкі курыныя — 4-5 шт.
- Яйкі перапяліныя (для ўпрыгожвання) — 5 шт.
- Бульба — 3-4 шт. (для хворасту)
- Агуркі — 2-3 шт.
- Цыбуля — 1 шт.
- Майянэз — 150-200 г
- Яблычны воцат — 2 ст. л.
- Цукар і соль — па смаку
- Алей— для смажэння
- Зелень (укроп) — для ўпрыгожвання
Калі мой хлопец у той раз прыехаў, то быў моцна ўражаны
Дагэтуль не спрабаваў ён такой стравы і мы атрымлівалі асалоду ад новага рэцэпта і ,вядома ж, адзін ад аднаго.
Як сведчаць гісторыі нашых герояў, самае каштоўнае – заставацца самім сабой у розных абставінах, шанваць блізкіх і каханых, а калі настрою святкаваць мала – то ствараць свята для тых, хто побач. Жадаю чытачам у надыходзячым годзе, каб абставіны дазвалялі адчуваць свята часцей, а сум і непакой адышлі на далей ад вашых дамоў, няхай Новы год проста будзе ціхі, утульны, дамашні…
Ігар М.
Падпісвайцеся на наш Telegram-канал!
ЛГБТК-міграцыя. Вялікі даведнік па пераездзе ў бяспечную краіну




