
Вобшук у блізкіх: як падрыхтавацца і падтрымаць
Блізкія ЛГБТК+ людзей становяцца закладнікамі сітуацыі, сутыкаючыся з вобшукамі і ціскам як спосабам уплыву на тых, хто з’ехаў.
Разам з юрыстам і псіхолагам разбіраемся, як падрыхтаваць сям’ю да магчымага візіту сілавікоў, як захаваць спакой падчас допытаў, і, галоўнае, як справіцца з пачуццём віны, якое спрабуюць навязаць.
Як размаўляць з блізкімі пра магчымыя вобшук і допыт
Першае, на што варта звярнуць увагу, — гэта ваш псіхалагічны стан, а таксама стан таго, каму вы паведамляеце пра магчымы прыход сілавікоў і вобшук, кажа псіхолаг Вера Я.
“Гэта мусіць быць момант, калі вы самі не знаходзіцеся ў трывозе ці паніцы, і калі ваш суразмоўца таксама больш-менш спакойны, не стомлены. Таксама важна, каб на момант размовы вы не былі ў канфлікце і не на моцных эмоцыях. Па магчымасці не рабіце гэта позна ўвечары, уначы альбо з самай раніцы, бо абстаноўка і псіхічны стан чалавека, у якіх ён атрымлівае інфармацыю, мусяць быць максімальна спакойнымі”.

Не з самай раніцы — таму што псіхіка яшчэ “не прачнулася”, не пасярод ночы — калі яна спіць, і не позна ўвечары — калі чалавек рыхтуецца да адпачынку, тлумачыць Вера.
“Варта гаварыць коратка і канкрэтна, без залішніх дэталяў і катастрафізацыі. Напрыклад: “Ёсць невялікая верагоднасць, што да нас могуць прыйсці з праверкай. Гэта не абавязкова адбудзецца, але лепш ведаць загадзя, што рабіць”.
Важна пазбягаць драматычных фармулёвак і не перагружаць суразмоўцу падрабязнасцямі
Варта загадзя абмеркаваць канкрэтны план дзеянняў на выпадак, калі ўсё ж такі “ў дзверы пагрукаюць”. Гэта зніжае трывогу, бо вяртае чалавеку адчуванне хаця б частковага кантролю над сітуацыяй”.
Не варта таксама занадта супакойваць і казаць: “не хвалюйся”, “усё будзе добра” — такога кшталту клішэ, падкрэслівае псіхолаг.
“Бо чалавек у любым выпадку будзе хвалявацца, і ці ўсё насамрэч будзе добра — таксама невядома. Лепш “легалізаваць” непрыемнасць сітуацыі і скіраваць увагу на тое, што так, гэта можа быць вельмі балюча і непрыемна, але разам мы справімся”.
З дарослымі і пажылымі людзьмі варта называць рэчы сваімі імёнамі. З падлеткамі таксама можна гаварыць адкрыта і прама, тлумачыць Вера.
“Дзецям можна сказаць нешта такое: “Могуць прыйсці людзі, якія будуць нешта правяраць у нашай кватэры. Гэта можа быць непрыемна, але мы ведаем, што рабіць”. То бок дзецям важна даць зразумець, што яны ў бяспецы і дарослыя пра іх паклапоцяцца. Для іх галоўнае — адчуванне абароненасці, а не падрабязнае разуменне сітуацыі”.

Страх чакання, калі пра пагрозу ўжо вядома
Страх чакання часта становіцца пастаянным фонам, які выцясняе звычайнае жыццё, тлумачыць псіхолаг. Таму вельмі важна мець простыя інструменты, якія дапамагаюць вяртаць сябе ў цяперашні момант.
Практыка “5–4–3–2–1”. Яна зойме ў вас усяго 2–3 хвіліны, але можа сапраўды вярнуць самаўладанне і адчуць сябе лепей, дадае Вера. Вось, як яе выконваць:
Знайдзіце вакол сябе пяць прадметаў. Яны павінны быць рознага колеру, памеру і формы. Назавіце пра сябе кожны прадмет і яго колер. Напрыклад: кветка — чырвоная; сшытак — блакітны; плед — зялёны.
Знайдзіце чатыры прадметы і паспрабуйце адчуць іх тактыльна. Гэта павінны быць прадметы рознай фактуры, тэмпературы, цвёрдасці або мяккасці. Напрыклад: стол — шурпаты і халодны; кубак гарбаты — гладкі і гарачы; фатэль — мяккі і прыемны. Мы кранаемся гэтых прадметаў і называем іх уласцівасці.
Вылучыце тры гукі вакол сябе. Напрыклад: я чую шум машын з вуліцы; чую, як размаўляюць людзі за вакном; чую, як працуе лядоўня. Калі вы днём у парку, вы можаце пачуць, як спяваюць птушкі або шуміць вецер.
Вылучыце два пахі. Напрыклад, можа пахнуць ежай, кветкамі або парфумай. Калі нічога не ўдаецца адчуць, можна панюхаць сваю скуру, валасы або вопратку.
І апошні пункт — смак. Калі вы дома, можна з’есці нешта з яскравым смакам — напрыклад, кавалак цытрыны, трошкі цукру або солі. Калі нічога пад рукой няма, можна проста правесці языком па дзяснах і адчуць уласны смак.

“Гэта практыкаванне дапамагае вярнуць кантроль над увагай і целам, калі трывога становіцца занадта моцнай, і не дазваляе страху поўнасцю захапіць чалавека”, – апавядае псіхолаг.
Практыка “сканаванне цела” таксама вельмі простая і яе можна рабіць нават у цемры ў ложку, калі вы не можаце заснуць, кажа Вера.
“Вы сядзіце або ляжыце і пачынаеце павольна назіраць за адчуваннямі ад кончыкаў пальцаў ног да макаўкі галавы — сантыметр за сантыметрам. Чым даўжэй выконваеце — тым лепш. Ёсць і дыхальныя практыкі для зняцця напружання і стрэсу — напрыклад, дыханне “па квадраце” або дыяфрагмальнае дыханне (дыханне жыватом). Таксама ёсць вельмі просты жэст, які можа дапамагчы ў момант трывогі: пакласці руку на грудную клетку і супакоіць сябе словамі — “усё добра, я з табой, ты справішся””.
Рэгулярнае выкарыстанне такіх практык дапамагае не толькі супакоіцца ў момант трывогі, але і паступова вяртаць адчуванне стабільнасці ў паўсядзённым жыцці, падкрэслівае псіхолаг.

Як падрыхтаваць дом да вобшуку
Важна не толькі падрыхтаваць блізкіх псіхалагічна да магчымага вобшуку, але і праінструктаваць, што варта трымаць дома, а чаго не. І першае, ад чаго трэба пазбавіцца і пераправерыць – матэрыялы, якія прызнаныя экстрэмісцкімі або могуць быць расцэненыя такімі: сімволіка, кнігі, дробныя сувеніры і іншае, тлумачыць юрыст Дзмітрый Лепрэтар.
“Таксама варта прагледзець усе свае электронныя носьбіты. Першае, што адбіраюць – камп’ютарную тэхніку і мабільныя тэлефоны. Таксама не рэкамендуецца дома захоўваць буйныя сумы гатоўкай. Пажадана мець запасны плацежны сродак (банкаўскую карту) – [захоўваць яе не дома – рэд.] –, бо і іх любяць адбіраць падчас вобшукаў. Па дакументах – зараз ёсць магчымасць аформіць два пашпарты. Другі можна схаваць у зацішным месцы”.
Дакументы павінны быць у доступе, але ў бяспечным месцы, каб у выпадку экстранай эвакуацыі з краіны можна было забраць усё адной тэчкай.
Памятайце, што некаторыя парады ў інтэрнэце могуць быць міфамі, якія толькі вам нашкодзяць. Напрыклад, схаваць тэлефон у маразілку ці бачок ад унітаза. Па-першае, там яго знойдуць, па-другое – адсутнасць тэлефону выкліча больш падазрэнняў. Таму варта падрыхтаваць загадзя ўсю тэхніку – зачысціць небяспечныя файлы, выдаліць падпіскі на так званыя “экстрэміскія” рэсурсы, змяніць паролі і паставіць двухфактарную аўтэнтыфікацыю.
Васіліна Сакалоўская
Чытайце наш матэрыял на гэтую тэму: “Бяспека смартфона для ЛГБТК+: што рэальна дапамагае”.
Тэкст напісаны ў рамках Gpress.info Special Safety Project
Выявы згенераваны нейрасеткай. Прамты – Gpress.info
Падпісвайцеся на наш Telegram-канал!
ЛГБТК-міграцыя. Вялікі даведнік па пераездзе ў бяспечную краіну



