
Гайд па ратаванні: што рабіць, калі за вамі сочаць? Частка 2
Як падрыхтавацца да эвакуацыі, што мець у трывожным заплечніку, куды звяртацца і на якую дапамогу можна разлічваць, як сябе падтрымаць, знаходзячыся ў Беларусі – распавядае Аліса Сармант – прадстаўніцай арганізацыі TG House, якая займаецца падтрымкай транс- і квір-асобаў у Беларусі і за яе межамі. Напрыканцы матэрыяла – чэк-ліст вашай бяспекі.
Чытайце таксама: Гайд па ратаванні: што рабіць, калі за вамі сочаць? Частка 1

Аліса Сармант
Трывожны заплечнік: што варта падрыхтаваць?
Калі нешта сур’ёзнае адбылося, калі ўжо няма іншага шляху, чым эміграцыя, вядома, трэба падумаць і пра тое, што мець пад рукой.
“Пратаколы, доказы, асабістыя дакументы, атэстат, дыплом і іншыя дакументы аб адукацыі. Яшчэ мы вельмі рэкамендуем рабіць даверанасць на блізкую асобу (маму, тату ці каму вы давяраеце), каб яна магла дзейнічаць ад вашага імя, калі вас не будзе ў краіне: вырашыць пытанні з маёмасцю, закрыць банкаўскі рахунак, нумар тэлефону. Варта аформіць даверанасць на ўсе дзеянні, якія могуць спатрэбіцца, калі асоба выедзе за мяжу. Пазней гэта ўжо не зробіш, таму варта паклапаціцца загадзя”, – кажа Аліса Сармант.
Варта мець з сабой і мінімальны запас наяўных грошай, а таксама доступ да банкаўскіх рахункаў анлайн, тлумачыць Аліса.
Калі вы ведаеце, што паедзеце ў нейкую канкрэтную краіну, варта знайсці кантакты арганізацый, якія дапамогуць з эвакуацыяй з Беларусі і з адаптацыяй у першы час у эміграцыі (прадаставяць шэлтар, неабходныя рэчы і іншае).

“Мне не дапамогуць, бо я не займа:лася актывісцкай дзейнасцю”
“Гэта абсалютна абгрунтаваны страх, бо фонды, арганізацыі пішуць усюды: “дапамога журналістам, актывістам, праваабарончым дзеячам”, – кажа Аліса. – Для “звычайных” людзей дапамогі няшмат не таму, што фонды ня могуць, а таму, што ёсць пэўныя крытэры, што большасць, якая сутыкаецца з пераследам, – гэта актыўныя людзі, якія займаюцца нейкай дзейнасцю. Трэба рыхтавацца, што ня будзе лёгка ў эміграцыі асобам, якія да гэтага нічым не займаліся актывісцкім.”
Ці займаўся чалавек нейкай дзейнасцю ўплывае на ўзровень дапамогі, які асоба можа атрымаць у працэсе рэлакацыі ці пазней. Але гэта не значыць, што асобе, якая не займалася актывізмам адмовяць ці не дапамогуць, тлумачыць Аліса.
“У большасці выпадкаў выйсце для атрымання фінансавай дапамогі – гэта адкрыць нейкі збор на платформе, каб сабраць грошы на першы час. Таму чакаць нейкія вялікія грошы на жыццё, калі асоба не займалася актывізмам, будзе цяжка. Але падкрэслю, што ніхто з людзей, якія патрапілі пад пераслед, не застануцца без дапамогі. Розніца выключна ў яе ўзроўні”.

Як дапамагае TG House
TG House аказвае коплексную падтрымку ў крызісных сітуацыях – гэта псіхалагічная дапамога, юрыдычныя кансультацыі, рэкамендацыі, у якія арганізацыі звяртацца, як дзейнічаць у розных умовах (напрыклад, пераследу). Таксама TG House можа дапамагчы як з экстраным выездам у бяспечную краіну, так і больш падрыхтаванай рэлакацыяй.
“Калі асоба апынецца ў бяспечнай краіне і напіша нам, то мы можам дапамагчы знайсці шэлтар, гуманітарную падтрымку, даць кансультацыю, як дзейнічаць”.
У выпадку калі асоба хоча падаць заяву на міжнародную абарону, TG House можа даць прававое заключэнне. У такім дакуменце зафіксавана ўсё, што адбываецца ў краіне, актуальная інфармацыя пра змены ў заканадаўстве, што можа пагражаць асобе па артыкулах крымінальнага ці адміністрацыйнага кодэксу.

“Шмат выпадкаў, калі гэты дакумент дапамагаў асобе атрымаць міжнародную абарону ў нейкай краіне.
Мы пісалі шмат заключэнняў асобам, якія просяць абарону ў Іспаніі, Францыі, Польшчы, і з таго, што мы ведаем, – усім далі абарону ў гэтых краінах.
Але падкрэслю, што ў гэтых асобаў быў пераслед, доказы, было на што абапірацца”.
TG House пры наяўнасці сродкаў аказвае і фінансавую дапамогу. Калі ў арганізацыі такой магчымасці няма, то каманда шукае падтрымку для асобы ў сваіх партнёраў. Але фінансавая дапамога зараз прадугледжаная толькі для асобаў па-за межамі Беларусі.
Таксама важна разумець, што наўпроставая фінансавая дапамога абмежаваная ў розных арганізацыях, дадае Аліса.
“Арганізацыі гатовыя дапамагчы шэлтарам, з легалізацыйнымі і юрыдычнымі пытаннямі, прадаставіць адваката. Фактычна ўсе віды дапамогі аказваюцца, але калі размова даходзіць да грошай, тут узнікаюць складанасці, нават калі чалавек пераследуецца і ёсць усе доказы. Часта няма магчымасці ў арганізацый, таксама шмат хто з іх выбірае дзейнасць без наўпроставай фінансавай дапамогі”.
Калі вы рыхтуецеся да магчымай рэлакацыі, то варта разумець, што ўмовы пражывання будуць не ідэальнымі.
“Шмат асобаў кажа, што ім патрэбны прыватны пакой з псіхалагіных прычынаў. Але трэба рыхтавацца, што арганізацыі не могуць даць супер умовы ў шэлтарах, яны пакуль больш сціплыя”.

Куды яшчэ можна звярнуцца па дапамогу
“Францыя, Літва і Польшча – краіны, куды выязджаюць 90% асобаў. Вядома, гэта не дакладныя лічбы, але гэта тыя краіны, адкуль нам пішуць найбольш”, – кажа актывістка і дзеліцца спісам арганізацый, куды яшчэ можна звярнуцца, калі вы патрабуеце дапамогі.
Літва:
“Транс Автономия”, “TramBaltic” – дапамога транс-асобам;
LGL – “Нацыянальная асацыяцыя правоў ЛГБТ у Літве”, можна звяртацца ў выпадку рэлакацыі;
“Freedom House” – дапамога ў легалізацыі;
“BySOL” – комплексная дапамога;
Офіс амбудсмэна па правах чалавека ў Літве – дапамога ў легалізацыі і іншых пытаннях.
Польшча:
“Fundacja Ocalenie” – комплексная дапамога квір-асобам;
“Warsaw House Foundation” – дапамога моладзі квір-асобам – 19-28 гадоў;
“Kuchnia Konfliktu” – дапамагаюць шэлтэрам;
“Lambda Warszawa”, – мае добры шэлтар для квір-асобаў, дзе можна затрымацца на адзін-два месяцы.
Францыя:
“Urgence Homophobie” – комплексная дапамога квір-асобам;
“Ça va” – арганізацыя дапамогі ЛГБТ-мігрантам.
Калі вы ў Беларусі і адчуваеце моцную трывогу і страх
Памятайце, самае галоўнае – вы не адны. Калі будзе крызісная сітуацыя, ёсць профільныя арганізацыі, ёсць алгарытмы, правераныя кантакты, якія прыйдуць на дапамогу, не трэба баяцца звяртацца, кажа Аліса і дадае: “Вядома, не трэба забывацца пра лічбавую бяспеку і выдаляць перапіскі пасля зваротаў”.
“Таксама можна шукаць такіх людзей, як ты, у Беларусі, каб не адчуваць сябе самотным. Такія людзі ёсць, іх шмат. Мы можам падзяліцца кантактамі, калі чалавек самотны, мы можам дапамагчы. Але галоўнае – не адчуваць сябе сам насам са сваімі праблемамі. Заўжды памятаць, што ёсць арганізацыі, ініцыятывы, якія працуюць, яны маюць досвед і могуць прыйсці на дапамогу”.

ЧЭК-ЛІСТ ТВАЁЙ БЯСПЕКІ
- Звярні ўвагу на прыкметы, якія сведчаць, што ты трапі:ла ў поле зроку сілавікоў: ці былі дзіўныя паведамленні і званкі табе ці тваім сябрам? ці пыталіся пра тваё асабістае жыццё ў тваіх блізкіх? ці ты заўваж:ала, што нехта часта з’яўляецца побач з табой у публічных месцах?
- Правер бяспеку сваіх акаўнтаў. Ці былі дзіўныя апавяшчэнні пра ўваход у твае акаўнты (мэйл, сацсеткі)? Правер у наладах, з якіх прыладаў і месцаў быў зроблены ўваход, завяршы ўсе падазроныя сесіі і змяні паролі.
- Прааналізуй, што змянілася з таго часу, калі затрымлівалі кагосьці звязанага з табой.
- Давярай сабе. Калі табе толькі здаецца, што за табой могуць сачыць, лепш усё пераправерыць і падрыхтавацца. Недаацэньванне рызыкі можа прывесці да сур’ёзных праблемаў.
- Звярніся па юрыдычную дапамогу. Арганізацыі могуць пракансультаваць і дапамагчы падрыхтавацца, як дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі, як сабе не нашкодзіць і як сябе абараніць.
- Заўжды дбай пра лічбавую бяспеку: змяні паролі, усталюй двухфактарную аўтэнтыфікацыю, “пачысці” падпіскі на так званыя “экстрэмісцкія” рэсурсы, выдалі небяспечныя фота і відэа.
- Фіксуй усё, што толькі можаш: скрыншоты паведамленняў, запісы званкоў, позвы і іншае. Усё гэта спатрэбіцца далей як доказ твайго пераследу, у выпадку эвакуацыі і атрыманні аховы ў іншай краіне.
- Рэзервовыя копіі. Зрабі копіі важных дакументаў і захоўвай іх у бяспечным месцы (напрыклад, у воблаку або ў блізкіх).
- Патрабуй фіксацыі ад органаў: калі табе тэлефануюць і запрашаюць на “размову”, патрабуй, каб даслалі афіцыйную позву. Калі пойдзеш без яе, даказаць, што ты там бы:ла будзе амаль немагчыма.
- Раскажы блізкім, што адбываецца. Хадзі на сустрэчы з органамі толькі разам з даверанай асобай.
- Падрыхтуй інструкцыю для блізкіх, што рабіць і куды звяртацца ў выпадку твайго затрымання. Папярэдзь і пракансультуй блізкіх пра іх бяспеку – фізічную і лічбавую.
- Зрабі даверанасць на блізкую асобу і падрыхтуй усе неабходныя дакументы, рэчы і лекі на выпадак эвакуацыі.
- Памятай, што ты не адзін і не адна. Ёсць арганізацыі і людзі, якія табе дапамогуць.
Васіліна Сакалоўская
Тэкст напісаны ў рамках Gpress.info Special Safety Project
Выявы згенераваны нейрасеткай. Прамты – Gpress.info
Падпісвайцеся на наш Telegram-канал!
ЛГБТК-міграцыя. Вялікі даведнік па пераездзе ў бяспечную краіну




