Гайд па ратаванні: што рабіць, калі за вамі сочаць? Частка 1

Гайд па ратаванні: што рабіць, калі за вамі сочаць? Частка 1

время чтения: 5 мин

Расказваем, што рабіць і куды звяртацца ў выпадку, калі вас пераследуюць, прыйшла позва, або вам здаецца, што за вамі сочаць. Паразмаўлялі з Алісай Сармант – прадстаўніцай арганізацыі TG House, якая займаецца падтрымкай транс- і квір-асобаў у Беларусі і за яе межамі.

Прыкметы, якія могуць сведчыць, што вы трапілі у поле зроку сілавікоў ці радыкальных групаў 

Першае, што мусіць насцярожыць: адбываецца тое, чаго раней не было, заўважае Аліса.

Гайд па ратаванні: што рабіць, калі за вамі сочаць? Частка 1

Аліса Сармант

“Могуць пісаць у сацсетках незнаёмыя людзі, пытаць нешта дзіўнае, могуць тэлефанаваць незнаёмыя нумары. У сяброў могуць пытацца пра вашае прыватнае жыццё. Таксама чалавек можа убачыць, што хтосьці за ім ідзе ці ў публічных месцах нехта з’яўляецца побач, хаця і рэдка такое адбываецца”.

Аліса таксама прыгадвае, што падчас хвалі затрыманняў квір-асобаў ў 2024-м, у TG House было шмат зваротаў і запытаў на эвакуацыю, бо людзі лічылі, што могуць апынуцца на фотаздымках і ў спісах удзельнікаў чатаў і суполак. У такім выпадку, падкрэслівае актывістка, варта абавязкова падумаць пра наступствы эміграцыі, узважыць усе “за” і “супраць”.

“Эвакуацыя ці рэлакацыя можа быць як вымушаным, так і крокам папярэджання

У некаторых выпадках гэта сапраўды апошні варыянт, калі ўжо бачна, што пераслед непазбежны і іншага шляху няма. Але бываюць сітуацыі, калі чалавек прымае рашэнне з’ехаць загадзя – каб не даводзіць да крытычнага моманту і захаваць сваю бяспеку. Трэба ацаніць усе рызыкі: ці гэта стоадсоткавая інфармацыя, што той здымак мог апынуцца ў сілавікоў, ці ёсць прыкметы, што нешта дзіўнае адбываецца ў лічбавым плане – напрыклад, акаўнт асобы хочуць узламаць”.

Варта падумаць, што змянілася з таго часу, калі кагосьці затрымалі, дадае Аліса: ці нейкая інфармацыя магла апынуцца ў сілавікоў, ці нехта грукае ў дзьверы, звоніць у дамафон, ці нехта прыходзіць.

Гайд па ратаванні: што рабіць, калі за вамі сочаць? Частка 1

Недаацэньванне рызыкі: “Я не актывіст:ка, мяне чапаць не будуць”

“У тую хвалю ў 2024-м затрымалі шмат звычайных людзей, не актывістаў, якія можа толькі аднойчы хадзілі на нейкія мерапрыемствы. Вядома, актывізм і праваабарончая дзейнасць – гэта большая рызыка, што адбудзецца нейкі пераслед. Але зараз, калі асоба квір- або транс-, гэтага ўжо дастаткова”.

Аліса дадае, што літаральна ў студзені ў TG House пісала асоба, якую затрымалі на вуліцы ў Беларусі проста за знешні выгляд.

“Гэта транс-асоба, да якой падыйшлі міліцыянты, запыталі дакументы, маўляў “ты выглядаеш не так, як трэба”. Асоба паказала дакументы, гендэр і імя не супадаюць з яе знешнім выглядам. І міліцыянты за гэта затрымалі і тры гадзіны трымалі ў пастарунку. Гэты выпадак не азначае, што да асобы зноў прыйдуць, але ў той жа час гэта і не гарантыя”.

Аліса дадае, што ніякая арганізацыя не можа гарантаваць, што ўсё будзе добра, пры тых умовах, якія зараз адбываюцца ў краіне.

“Але можна пракансультаваць асобу, абгрунтаваць, што адбываецца, па якіх прыкметах яна можа разумець, што трэба выязджаць, як заўважыць прызнакі лічбавага ці фізічнага пераследу. Часам такія рэкамендацыі могуць дапамагчы асобе заставацца далей жыць у Беларусі, але проста бяспечней сябе адчуваць і прадпрымаць пэўныя захады, каб нічога дрэннага не адбылося”.

Гайд па ратаванні: што рабіць, калі за вамі сочаць? Частка 1

Да мяне вось-вось прыйдуць. Што рабіць? 

“Адразу трэба зафіксаваць, што нешта адбылося. Тэба захоўваць скрыншоты пагрозаў, выклікаў у міліцыю ці іншыя следчыя органы. Усё фіксаваць і запісваць, што запытвалі, захоўваць нумары тэлефонаў, з якіх тэлефануюць, і адрасы, з якіх пішуць позвы, з якіх ведамстваў гэта ўсё ідзе”.

Загадзя варта паклапаціцца пра сваю лічбавую бяспеку: змяніць паролі ў акаўнтах сацсетак, у тэлефоне, уключыць двухфактарную аўтэнтыфікацыю.

“Вядома, трэба праверыць усе свае падпіскі, выдаліць усе на так званыя «экстрэмісцкія» рэсурсы, бо ёсць вялікая рызыка, што ў першую чаргу будуць правяраць тэлефон. Так і адбылося з тым выпадкам, калі асобу на вуліцы затрымлівалі.

Першае, што зрабілі міліцыянты, – правяралі падпіскі ў Youtube і Telegram

Таксама мы раім выкарыстоўваць PIN-код, а не толькі біяметрыю, адключыць апавяшчэнні на заблакаваным экране, па магчымасці карыстацца сакрэтнымі чатамі і мець «чысты» тэлефон без адчувальнай інфармацыі”.

Калі вас выклікалі ў нейкі следчы орган і вы варышылі туды ісці, то перад гэтым варта пракансультавацца з юрыст:кай, а таксама ўзяць з сабой давераную, блізкую асобу, каб вы былі не адны, апавядае Аліса.

“Варта быць заўжды з кімсьці, каб гэты чалавек таксама чуў, што з асобай адбываецца на допыце, і калі яе пачнуць затрымліваць, каб можна было паведаміць, каб арганізацыі дапамагалі. Вядома, лепш не даводзіць да гэтага, але ёсць асобы, якія гатовыя ісці ў следчыя органы, яны не хочуць з’язджаць, у іх пазіцыя: “Чаму я павінна з’язджаць, калі я хачу заставацца і абараняць свае правы”. Таксама важна загадзя дамовіцца з блізкімі, што рабіць, калі сувязь з вамі знікне, і каму паведамляць у такім выпадку”.

Гайд па ратаванні: што рабіць, калі за вамі сочаць? Частка 1

У такіх выпадках Аліса раіць дзейнічаць так:

“Трэба паклапаціцца пра юрыдычную дапамогу і ісці толькі па позве ў нейкі следчы орган. Калі нехта тэлефануе, запрашае на размову, трэба адказваць: “не, выклікайце афіцыцыйна з позвай, каб усё было зафіксавана”. Бо калі проста тэлефануюць і чалавек ідзе на размову, потым не будзе доказаў, што асоба ўвогуле была ў гэтым следчым органе ці міліцыі. Калі да вас прыходзяць дадому, важна не адкрываць без прад’яўлення дакументаў і патрабаваць пастанову”.

Аліса падкрэслівае, абавязкова варта казаць блізкім людзям, якім вы давяраеце, пра тое, што з вамі адбываецца. 

“Але блізкія таксама мусяць паклапаціцца пра сваю бяспеку і вельмі непрыкметна перадаваць інфармацыю пра затрыманую асобу.

Варта папярэдзіць, у якія арганізацыі пісаць, сфармаваць спіс, можа з нейкай арганізацыяй пракансультавацца загадзя, куды можа бяспечна звярнуцца, калі адбылася нейкая форсмажорная сітуацыя – затрыманне, прапала сувязь з чалавекам пасля таго, калі ён ці яна пайшлі на размову”.

Калі асоба звяртаецца ў TG House, там таксама фіксуецца ўсё, што з ёй адбываецца. Такая інфармацыя будзе вельмі важнай і пазней, калі трэба будзе выехаць з краіны.

“Кожны доказ таго, што быў нейкі пераслед – вельмі важны, у тым ліку для атрымання міжнароднай аховы, дапамогі ў бяспечных краінах. Таму нават з гэтага пункту гледжання трэба казаць і перадаваць інфармацыю блізкім людзям. Але падкрэслю, што трэба паклапаціцца і пра бяспеку тых асобаў, каму перадаеце інфармацыю, каб яны дзейнічалі толькі ў выпадку поўнай упэўненасці, што з вамі доўга няма сувязі і адбылося затрыманне”.

Таксама важна ведаць, што пры затрыманні вы маеце права маўчаць, не сведчыць супраць сябе і патрабаваць адваката, падкрэслівае Аліса.

Чытайце ў другой частцы гайду па ратаванні: як падрыхтавацца да эвакуацыі, што мець у трывожным заплечніку, куды звяртацца і на якую дапамогу можна разлічваць, як сябе падтрымаць, знаходзячыся ў Беларусі. Напрыканцы – чэк-ліст вашай бяспекі.

Васіліна Сакалоўская

Тэкст напісаны ў рамках Gpress.info Special Safety Project

Выявы згенераваны нейрасеткай. Прамты – Gpress.info

Падпісвайцеся на наш Telegram-канал!

ЛГБТК-міграцыя. Вялікі даведнік па пераездзе ў бяспечную краіну

Глядзіце цікавыя відэа на нашым Instagram-канале