
Як зразумець, што блізкага чалавека завербавалі сілавікі
Ці можна адмовіцца ад супрацоўніцтва, калі на вас ціснуць? Як вылічыць агента ў сваім асяроддзі? Як захаваць сваю бяспеку?
Каманда былых супрацоўнікаў сілавых структур Беларусі BELPOL расказала пра тактыкі вярбоўкі, маркеры паводзінаў інфарматараў і што рабіць, калі за вамі сочаць.

Як адбываецца вярбоўка
Тактыка і методыка можа залежаць і змяняцца ад досведу аператыўніка, пастаўленых задач з боку кіраўніцтва, дзе і пры якіх абставінах будзе выкарыстоўвацца крыніца – разавая інфармацыя, пастаянная, унутрыкамерная распрацоўка. Таксама важныя і ўмовы супрацоўніцтва – кампраматэрыялы, грошы ці добраахвотна.
“Асновай з’яўляецца псіхалогія, а нагоды маніпуляцыі могуць быць рознымі – пагроза, залежнасці альбо ўразлівасці, страхі (раскрыццё арыентацыі сям’і ці калегам), “запудрыванне мазгоў” і іншыя, – кажа каманда BELPOL.
Ці адмыслова вучаць завербаваных людзей, як сябе паводзіць і не выклікаць падазрэнняў, у камандзе адказваюць так:
“Усё залежыць ад узроўню, тыпу і каштоўнасці крыніцы і самога аператыўніка. “Базавы” камплект – гэта распрацаваная лінія або лініі паводзінаў, якая можа прадугледжваць розныя змадэляваныя сітуацыі, у якіх “ўкаранёны” апраўдвае тыя ці іншыя дзеянні, а таксама “інструктаж” куратара. Гэта можа мець фармальны характар”.

“Калі спатканне або гутарка пачалі нагадваць допыт, магчыма, гэта ён і ёсць”
Калі чалавека завербавалі, яго паводзіны могуць не змяніцца, а могуць змяніцца карэнным чынам – праявяцца любыя адхіленні ад нормы. Усё залежыць ад самога суб’екта.
“У любым выпадку, калі чалавека становіцца “занадта шмат” у розных праявах, асабліва ў сітуацыях і падзеях, да якіх ён не павінен праяўляць цікавасць. Калі з’явілася недарэчная цікаўнасць, варта задумацца, прааналізаваць і супаставіць факты. Калі спатканне або гутарка пачалі нагадваць допыт, магчыма, гэта ён і ёсць. Гэта можна ўмоўна прыняць за асноўны маркер. Спадарожныя маркеры могуць адрознівацца”.

Дбайце пра сваю бяспеку – будзьце асцярожнымі з абвінавачаннямі
У выпадку з вярбоўкай блізкіх, варта быць вельмі асцярожнымі ў сваіх падазрэннях і не пераходзіць да наўпроставых абвінавачанняў. Прадстаўнікі BELPOL папярэджваюць:
“Галаслоўныя абвінавачванні чалавека ў дадзеным кантэксце ў супрацоўніцтве можа мець разнастайныя наступствы, у тым ліку і сумныя. Трэба аналізаваць і супастаўляць факты і падзеі”.
А што калі агент – я? “Пакуль няма подпісу на пратаколе або “згодзе”, вы нікому нічога не павінныя”
Не трэба блытаць свядомую або змушаную дзейнасць па аказанні садзейнічання – “агентурнай дзейнасцю” – з сітуацыямі, калі чалавек сам стаў аб’ектам ці суб’ектам правядзення аператыўна-пошукавых мерапрыемства, падкрэсліваюць у BELPOL.
“У другім выпадку, калі з’явіліся падставы меркаваць, што ў адносінах да вас праводзяць аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы, варта адмовіцца ад здзяйснення якіх-небудзь супрацьпраўных або “памежных” рызыкоўных дзеянняў, не мітусіцца, зразумець з якога моманту гэта магло пачацца і прыняць меры для забеспячэння сваёй бяспекі. Найлепшая абарона – лічбавая гігіена і дакладнае разуменне: пакуль няма подпісу на пратаколе або “згодзе”, вы нікому нічога не павінныя”.

Мой блізкі – інфарматар. Што рабіць? Ці магчыма спыніць супрацоўніцтва?
Тут варыянты могуць быць рознымі і залежаць ад асобы: цалкам спыніць адносіны з чалавекам, працягнуць, ня гледзячы ні на што, працягнуць з агаворкамі і абмежаваннямі.
“Калі вы разумееце пад сваёй бяспекай выключэнне правядзення ў дачыненні да вас вербавальных мерапрыемстваў з боку аператыўнікаў, то асноўнае – гэтае разуменне аператыўнікамі вашай бескарыснасці і незапатрабаванасці ў якасці крыніцы інфармацыі ў дадзеным пэўным выпадку”.
“Катастрафічнасць” наступстваў адмовы ад супрацоўніцтва – гэта таксама ацэначная катэгорыя, кажуць прадстаўнікі BELPOL.
“Існуе мноства людзей, якія з тых ці іншых прычынаў адмаўляюцца ад супрацоўніцтва на розных этапах. Усё залежыць ад індывіда і сітуацыі”.
Што рабіць, калі вас спрабуюць завербаваць тут і цяпер
“Калі вас не затрымалі афіцыйна, у вас ёсць права маўчаць (адмовіцца). Не абяцайце нічога, не падпісвайце нічога “для галачкі”. Аператыўнік вам не сябар, нават калі ён вельмі спачувальна ківае”.

ЧЭК-ЛІСТ
Трывожныя маркеры вярбоўкі:
Нетыповая цікаўнасць: чалавек пачынае распытваць пра рэчы, якія раней яго не цікавілі.
Размова нагадвае допыт: губляецца натуральнасць, ёсць адчуванне, што вас паслядоўна распытваюць.
Змена дыстанцыі: чалавека становіцца занда шмат у тых сферах жыцця, дзе яго раней не было.
Нетыповыя паводзіны: любыя змены – залішняя мітусня, нервовасць або нязвыклы спакой.
Як захаваць сваю бяспеку:
Захоўвайце дыстанцыю: калі падазрэнні абгрунтаваныя, абмяжуйце доступ чалавека да адчувальнай інфармацыі (любой інфармацыі, якая можа нанесці вам ці камусьці шкоду).
Кантралюйце эмоцыі: не спяшайцеся з наўпроставымі абвінавачаннямі – гэта можа быць небяспечным. Аналізуйце факты і супастаўляйце падзеі.
Выконвайце лічбавую гігіену.
Галоўнае – пакуль няма вашага подпісу на пратаколе або “згодзе” – вы нікому нічога не павінныя. Памятайце, што аператыўнік вам не сябар, нават калі ён выглядае вельмі спачувальна.
Тэкст напісаны ў рамках Gpress.info Special Safety Project
Выявы згенераваны нейрасеткай. Прамты — Gpress.info
Падпісвайцеся на наш Telegram-канал!
ЛГБТК-міграцыя. Вялікі даведнік па пераездзе ў бяспечную краіну




