
Як гей з Гродна ходзіць на спатканні ў сучаснай Беларусі
Наш герой Дзіма (імя змененае ў мэтах бяспекі) застаецца ў Беларусі, працягвае шукаць партнёра і хадзіць на спатканні.
Паразмаўлялі з Дзімам пра тое, як у сучаснай Беларусі выглядае дэйтынг і з якімі небяспекамі можна сутыкнуцца падчас спаткання, асабліва калі жывеш па-за Мінскам.

«Усе ўсіх ведаюць»: чым гродзенскі дэйтынг адрозніваецца ад мінскага
«Па спецыяльнасці я інжынер, — расказвае пра сябе Дзіма. — Скончыў мінскую ВНУ некалькі гадоў таму, прыехаў на працу ў Гродна. Так тут і застаўся».
Дзіма адразу заўважыў розніцу паміж дэйтынгам у Гродне і ў Мінску. Паводле хлопца, асноўная розніца — у колькасці людзей.
«У Гродне “тухляк”. Я заўсёды кажу, што ў Гродне не тое што нармальных людзей няма — тут увогуле людзей няма. Гэта, канешне, лукаўства: людзі тут, канешне, ёсць. Але у асноўным кантынгент тут — гэта капец. Сярод нармальных людзей усе ўсіх ведаюць, у тым ліку і я. Нейкі такі “нэтворкінг” утварыўся.
Аднак кагосьці новага “вычапіць” — проста unreal
Нават калі і каго “вычапіш”, то хутка становіцца зразумела, што вы ўжо недзе перасякаліся. Ну, або гэта хтосьці маленькі: прыехаў у Гродна вучыцца, толькі 18 споўнілася».
На пытанне, каго Дзіма разумее пад «нармальнымі людзьмі», хлопец адказвае:
«Нармальныя — гэта тыя, хто піша без памылак, умее свае думкі фармуляваць, з кім можна пра нешта пагутарыць.
Такія не пішуць адразу: “привет, в попку хочешь”
У прынцыпе, калі настрой на hookup (сустрэча дзеля сэксу без абавязацельстваў — рэд.), то можна і такімі абысціся, але і ў такім выпадку мусіць быць нейкі ўзровень адэкватнасці. Прынамсі, чалавек не мусіць пытацца, навошта мне яго фотка з тварам».
Дзіму некалькі разоў з падазрэннем пыталіся, ці не збірае ён гэтыя здымкі для нейкіх таемных патрэбаў.
«Чым старэйшы чалавек, тым вышэйшая імавернасць, што будзе пытацца такое глупства, — заўважае ён. — Але, у прынцыпе, у любой узроставай катэгорыі можа быць такая дурасць».
У Мінску, згадвае Дзіма, знаёміцца было нашмат прасцей.
«Там таксама быў пэўны “нэтворкінг” (кола ўзаемных знаёмстваў — рэд.). Часта на спатканні высвятлялася, што ў нас з чалавекам ёсць агульныя знаёмыя ці мы калісьці перасякаліся ў адной кампаніі. Аднак праз тое, што ў Мінску гэтае кола значна шырэйшае, няма адчування, што ўсе ўступаюць у стасункі з усімі па коле».

«Стала заўважна менш людзей»
Пры гэтым у апошнія гады сам працэс дэйтынгу, паводле адчуванняў Дзімы, не змяніўся.
«Адно толькі — стала заўважна менш людзей: што ў Мінску, што ў Гродне. Шмат хто з’ехаў, аднак за кошт “натуральнага прыросту” — малалеткі павырасталі — гэта трошкі выраўнялася. Але ўсё адно адчуваецца, што народу меней».
Падчас знаёмства, дадае Дзіма, шмат хто згадвае пра свае планы з’ехаць з краіны.
«Гэта не спрыяе таму, каб settle down (асесці — рэд.) у Гродне. У тым ліку праз гэта я сам хачу з’е****а (з’ехаць — рэд.). Нават з адным хлопцам мы перасталі камунікаваць, бо я ў той момант планаваў ад’езд».

Дэйтынг-аплікацыі і агульныя кампаніі: як можна знаёміцца ў Гродне
У 2022 годзе некаторыя дэйтынг-аплікацыі сышлі з Беларусі. Пытаемся ў Дзімы, якімі ён цяпер карыстаецца для знаёмстваў.
«Grindr працуе, але там мала людзей сядзіць. Прынамсі, у Гродне. Ёсць Дайвінчык, ёсць расейскі Twinby, які да нас прыйшоў. Дарэчы, я думаў, што гэтая аплікацыя па папулярнасці такая самая, як “Аднакласнікі”. Не, на здзіўленне, людзі ёй карыстаюцца. Таксама я карыстаюся “Харнэтам”.
У мяне ёсць падазрэнні, што ёсць яшчэ нейкая “сакрэтная” схема знаёмстваў, якой я не ведаю»
«Я знаёміўся або ў Дайвінчыку, або ў Харнэце, але апошнія гады гэта хутчэй нэтворкінг: ёсць некалькі кампаній і нешта адбываецца ў межах гэтых кампаній. Такога, каб я камусьці проста спадабаўся і да мяне хтосьці падышоў ці напісаў, або каб я да кагосьці падышоў ці напісаў, — не, такога не бывае. Ну яго на*** (лепей не трэба — рэд.), калі шчыра».
Значная частка знаёмстваў Дзімы адбываецца менавіта праз агульных сяброў.
«У мяне быў партнёр, які быў сябрам майго былога, — дзеліцца ён. — Толькі не думайце, што я кагосьці “ўвёў”. Спачатку ў мяне адны стасункі скончыліся, пасля пачаліся другія».

«Hookup-аў нашмат больш, чым спатканняў»
«Спатканні цяпер праходзяць гэтак жа, як і раней, як і заўсёды: або пашпацыраваць, або ў кавярню. Калі гэта не hookup, канешне. Праўда, hookup-аў нашмат больш, чым спатканняў».
На пытанне, чаму hookup-аў больш, Дзіма адказвае:
«Я думаю, так склалася гістарычна. Умоўна, у Савецкім Саюзе прасцей было недзе з суседам выбегчы па****** (заняцца сэксам — рэд.), а потым пабегчы зноў да сваіх жонак і дзяцей, чым, як Рамэа і Джульета, хавацца ад усіх і мець паўнавартасныя стасункі.
Думаю, яшчэ справа ў тым, што тэма гей-стасункаў вельмі сэксуалізаваная ў грамадстве. Калі ты думаеш пра гетэра-пару, ты не ўяўляеш адразу, што адбываецца ў іх ложку. А калі нехта кажа пра хлопцаў-геяў, адразу з’яўляюцца жартачкі пра “заднепрывадных” і “ў жопу доўбяцца”».

Узровень трывогі і праверкі перад спатканнямі
Дзіма сочыць за навінамі пра рэпрэсіі супраць ЛГБТК+ супольнасці, аднак прызнаецца, што яму не становіцца страшней хадзіць на спатканні.
«У мяне з часам нават менш трывожнасці стала, — прызнаецца суразмоўца. — Аднак я тут не рэпрэзентатыўны таварыш. Раней я быў вельмі трывожны, баяўся нават чалавеку напісаць. Пасля “перавучыўся”. Акрамя таго, у мяне ніколі не было моцна негатыўнага досведу. Аніякія агенты КДБ мяне не вербавалі і ў мянтоўцы тэлефон не правяралі. Карацей, я за сваю ідэнтычнасць яшчэ “не атрымліваў”, таму праз гэты плот з электрычнасцю скачу дастаткова шчасліва (маецца на ўвазе класічны эксперымент па вывучэнні бездапаможнасці: ток падавалі на падлогу, а паміж двума адсекамі стаяў бар’ер, праз які сабака мог пераскочыць, каб пазбегнуць удару, — рэд.). Магчыма, гэтая бездапаможнасць у мяне яшчэ з’явіцца, але спадзяюся, што не».
Перад кожным першым спатканнем Дзіма ўсё ж намагаецца даведацца больш пра патэнцыйнага партнёра
«Калі ў вас ёсць агульныя знаёмыя ці падпіскі ў інстаграме або можна пра гэтага чалавека ў кагосьці спытаць, то я абсалютна не хвалююся. Калі ў чалавека ў інстаграме два падпісчыкі і ты пра яго ніколі нічога не чуў, то тут, канешне, будзеш асцярожным. Тады можна даслаць сяброўцы лакацыю і ўзяць з сабой пярцовы балонік. Але гэта рэдкасць. Звычайна па манеры камунікацыі адразу зразумела, ці нармальны чалавек. Я так уяўляю, што сілавікі, якія арганізуюць “падстаўныя спатканні”, — гэта звычайна гетэра-мужчыны, якія “не шараць”, паводзяць сябе дзіўна ці выкарыстоўваюць недарэчныя словы. Не думаю, што ў іх сядзіць нейкі штатны гей, які ўсё перакладае».

«Акрамя таго, што шмат хто з’ехаў, асабліва нічога не змянілася»
Напрыканцы размовы Дзіма вяртаецца да пытання пра змены апошніх гадоў:
«Ты хацела пачуць, як моцна змянілася абстаноўка пасля 2020 ці 2022 года? Акрамя таго, што шмат хто з’ехаў, асабліва нічога не змянілася. У мяне адчуванне, што нашая дзяржава за гэтую тэму яшчэ моцна не бралася. Так, я чытаў пра адзінкавыя выпадкі рэпрэсій, але такога, каб сярод маіх знаёмых пачалі кагосьці затрымліваць, — такога няма».
***
Падпісвайцеся на наш Telegram-канал!
ЛГБТК-міграцыя. Вялікі даведнік па пераездзе ў бяспечную краіну
Глядзіце цікавыя відэа на нашым Instagram-канале
Галоўная выява згенеравана нейрасеткай. Прамты — Gpress.info
Рэдакцыя прымяняе ШІ для карэктуры тэкстаў і пошуку інфармацыі




