71 фота з квір-выставы, датычнай беларускай ЛГБТК+ супольнасці

71 фота з квір-выставы, датычнай беларускай ЛГБТК+ супольнасці

время чтения: 7 мин

У варшаўскім Палацы культуры, у Galeria Studio прахадзіць выстава польскага квір мастака Кароля Радзішэўскага “Brudne strony”, якая датычна беларускай квір супольнасці. На выставе можна пабачыць і беларускага мастака Сяргея Шабохіна, і фотаздымкі Алексея Лунёва.

Адкрыццё выставы наведаў журналіст Gpress.info

71 фота з квір-выставы, датычнай беларускай ЛГБТК+ супольнасці

71 фота з квір-выставы, датычнай беларускай ЛГБТК+ супольнасці

Першая заля выставы, на падлозе палароіды з ню фотаздымкамі хлопцаў з усходняй Еўропы

Гістарычная даведка

Постаць Кароля Радзішэўскага — адна з галоўных у польскай і усходнееўрапескай квір культуры. Яшчэ ў 2005 годзе ён заснаваў першы польскі квір часопіс DikFagazine (наклады якога таксама можна пабачыць на выставе). Гэты часопіс спалучаў у сабе мастацства, візуальную квір культуру, фатаграфію, літататуру і квіровы лайфстайл.

У 1980-х Радзішэўскі пазнаёміўся з польскім квір-актывістам і мастаком Рышардам Кіселем, які працаваў над уласным квір-архівам. Важным момантам актывізма Кіселя быў даведнік “Polish Gay Guide on the European Socialist Countries”. Ён спалучаў у сабе знакавыя для польскіх геяў адрасы месцаў круізінгу, фотаздымкі і іншую неабходную інфармацыю, у часы, калі не было сайтаў і аплікацый для знаёмстваў і агулам якой-небудзь рэлевантнай адукацыйнай інфармацыі.

Гэта сустрэча і дала працяг гісторыі, якая закранула і суседнія з Польшчай краіны.

Не толькі Польшча

Такім чынам DikFagazine становіцца спецыфічным гей правадніком. І не толькі для Польшчы, а для ўсяго ўсходнееўрапейскага рэгіёну. У 2016 годзе Радзішэўскі прыязжае ў Менск і там рыхтуе матэрыял для асобнага выпуску часопіса, прысвечанага хлопцам з нашай краіны. Часопіс пабачылі тысячы наведвальнікаў выстаў Радзішэўскага ад Варшавы да Нью-Йорку(дзе і адбылася яго прэзентацыя).

Як піша ў сваім інстаграме Радзішэўскі:

“Мае самыя эратычныя фотаздымкі былі зроблены ў Менску ў 2016 годзе, зараз бы гэтага не ўдалося зрабіць. Большасць хлопцаў даўно выехала з Беларусі.”

Акрамя Беларусі выйшлі асобныя нумары прысвечаныя Украіне, Харватыі, Чэхіі, Вене і Будапешту(іх таксама можна пабачыць на выставе).

 

71 фота з квір-выставы, датычнай беларускай ЛГБТК+ супольнасці

71 фота з квір-выставы, датычнай беларускай ЛГБТК+ супольнасці

Беларускія імёны

Выстава цікава і тым, што акрамя прац Радзішэўкага на ёй можна пабачыць і беларускага мастака Сяргея Шабохіна і фотаздымкі Алексея Лунёва. Беларускі асобнік DikFagazine стрымлівае інтэрв’ю з Алексеем і ягоныя працы: фота і калажы.

GPress паразмаўляў з Сяргеем Шабохіным і задаў яму некалькі пытанняў, датычных выставы і яго супрацы з Каролем Радзішэўскім

Можаш ажывіць падзеі 2015 года, калі Радзішэўскі прыязжаў у Менск?

Караль Радзішэўскі прыехаў у Менск, каб даследаваць мясцовую квір-сцэну, яе гісторыю, культурныя практыкі і формы самаарганізацыі. Я таксама спецыяльна прыехаў у Менск, каб суправаджаць Караля, дапамагаць яму ў даследаванні і выступіць адным з яго ўдзельнікаў.

У чым заключалася твая роля ў дапамозе Радзішэўскаму?

Я дапамагаў Каралю знаходзіць маста:чак, актывіста:к, прадстаўні:ц арганізацый і незалежных культурных ініцыятыў, якія былі звязаныя з развіццём квір-руху ў Беларусі.

Мы спрабавалі аднавіць не толькі гісторыю публічных падзей і інстытуцый, але і менш бачныя пласты культурнага жыцця: нефармальныя супольнасці, клубную культуру, асабістыя ўспаміны, сеткі салідарнасці і практыкі самарэпрэзентацыі.

71 фота з квір-выставы, датычнай беларускай ЛГБТК+ супольнасці

На той момант у Беларусі ўжо існавала даволі разнастайная, хоць і ўразлівая квір-інфраструктура

Праводзіліся фестывалі Мета і DOTYK, дзейнічалі грамадскія ініцыятывы, у тым ліку “Встреча”, арганізоўваліся вечарыны Unisex. Важную ролю адыгрывала клубная культура. Ад ужо закрытых на той час прастор, напрыклад “Вавилон”, да дзейных пляцовак, у тым ліку “КастаДзіва”. Усе гэтыя месцы, людзі і падзеі складалі своеасаблівую неафіцыйную мапу беларускага квір-жыцця.

Якім чынам Кароль Радзішэўскі збіраў матэрыялы для беларускага нумару DikFagazine?

Кароль дакументаваў рэальнасць праз фатаграфію, інтэрв’ю, збор асабістых сведчанняў і архіўных матэрыялаў. Ён таксама шукаў герояў і мадэляў для сваіх мастацкіх праектаў.

Даследаванне было адначасова працэсам дакументавання і спробай вярнуць бачнасць гісторыям, якія сістэматычна заставаліся па-за межамі афіцыйнай культуры.

71 фота з квір-выставы, датычнай беларускай ЛГБТК+ супольнасці

Як Ты можаш ацаніць вынік гэтай працы для беларускага квір-руху?

Вынікам гэтай працы стала групавая выстава QAI/BY, адкрытая ў Мінску ў 2016 годзе. Яна аб’яднала архіўныя і мастацкія матэрыялы Караля Радзішэўскага з працамі беларускіх аўтараў.

Акрамя самога Караля, у праекце ўдзельнічалі Ігар Саўчанка, Жанна Гладко, Аляксей Лунёў, Аляксей Навумчык, Алеся Жыткевіч і я. Выстава стала своеасаблівай пляцоўкай сустрэчы паміж міжнароднай практыкай квір-архівавання і лакальнымі мастацкімі выказваннямі, якія асэнсоўвалі пытанні ідэнтычнасці, цялеснасці, сексуальнасці, сацыяльнай нябачнасці і механізмаў выключэння.

Важна разумець, што QAI/BY не проста прадстаўляла ўжо сабраны архіў. Яна сама стала часткай працэсу яго фарміравання, ствараючы новыя сувязі паміж людзьмі, асабістымі гісторыямі, мастацкімі творамі і дакументальнымі сведчаннямі. У гэтым сэнсе выстава была не толькі мастацкай падзеяй, але і формай калектыўнага захавання памяці.

Наступным этапам стаў выхад у 2017 годзе дванаццатага нумара DikFagazine, цалкам прысвечанага Беларусі

Яго прэзентацыя адбылася 22 верасня ў Нью-Ёрку падчас NY Art Book Fair у MoMA PS1. У выданне ўвайшлі вынікі даследавання беларускага квір-жыцця, а таксама мае фатаграфіі, спецыяльна створаныя для мінскай выставы 2016 года.

71 фота з квір-выставы, датычнай беларускай ЛГБТК+ супольнасці

Калі параўноўваць сённяшнюю асаблівасць беларускага квір-руха з той, што была 10 год таму, у чым, на твой погляд ёсць розніца?

Мне здаецца важным звярнуць увагу на тое, як змяніліся самі ўмовы існавання і захавання беларускай квір-гісторыі.

Калі ў 2015 годзе Караль Радзішэўскі прыехаў у Менск збіраць матэрыялы для свайго даследавання, адной з галоўных праблем была практычна поўная адсутнасць дакументальных сведчанняў пра беларускае квір-жыццё 1980-х гадоў і больш ранніх перыядаў.

У адрозненне ад некаторых іншых краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, у Беларусі гэтая гісторыя амаль не мела ўласнай архіўнай інфраструктуры.

Дакументы не захоўваліся, знішчаліся або проста ніколі не ствараліся. Таму значная частка звестак існавала выключна ў форме вусных успамінаў, чутак, гарадскіх легенд і асабістых сведчанняў, якія немагчыма было праверыць.

У гэтым кантэксце асабліва цікавым мне падаецца мастацкі метад, які Караль выкарыстаў у сваёй працы Invisible (Belarusian Queer History), створанай для выставы QAI/BY у 2016 годзе. Яна стала своеасаблівай квір-апрапрыяцыяй знакамітай серыі беларускага фатографа Ігара Саўчанкі “Невідзімае” (1992–1994).

У арыгінальнай серыі Саўчанка працаваў з фатаграфіямі, на якіх практычна нічога не было відаць. Гэта былі чорныя або засвечаныя здымкі, якія суправаджаліся разгорнутымі тэкставымі подпісамі. Напрыклад, фатаграфія магла не атрымацца праз забытую накрыўку аб’ектыва, памылковую экспазіцыю або іншыя выпадковыя абставіны. Але менавіта подпіс апісваў падзею, якая нібыта павінна была быць зафіксаваная на здымку. Такім чынам, выява фактычна адсутнічала, а яе змест канструяваўся праз тэкст і ўяўленне гледача.

71 фота з квір-выставы, датычнай беларускай ЛГБТК+ супольнасці

Караль перанёс гэты мастацкі прыём у поле даследавання беларускай квір-гісторыі

Ён стварыў серыю чорных фатаграфій з подпісамі, заснаванымі на гісторыях, якія пачуў падчас сваіх інтэрв’ю ў Мінску. Сярод іх былі аповеды, звязаныя з Кімам Хадзеевым, Яўгенам Рубанам і іншымі персанажамі, месцамі і падзеямі, якія маглі належаць да амаль страчанай гісторыі беларускага квір-жыцця.

Мне здаецца, гэта быў надзвычай дакладны мастацкі жэст. Караль не спрабаваў выдаць чуткі за гістарычна даказаныя факты або штучна запоўніць прабелы ў архіве. Наадварот, ён зрабіў саму адсутнасць дакументаў прадметам мастацкага даследавання. Чорная фатаграфія стала метафарай гістарычнай нябачнасці, а подпіс да яе — адзіным магчымым сведчаннем пра падзею, якая, магчыма, сапраўды адбылася.

У гэтым сэнсе праца закранала фундаментальнае пытанне:

як пісаць гісторыю супольнасці, калі яе матэрыяльныя сведчанні былі страчаныя, знішчаныя або ніколі не мелі магчымасці стаць часткай афіцыйнага архіва?

Але за апошнія дзесяць гадоў сітуацыя ў Беларусі змянілася кардынальным чынам. Калі ў 2015–2016 гадах, нягледзячы на аўтарытарны палітычны рэжым, у краіне яшчэ існавалі незалежныя культурныя прасторы, квір-фестывалі, грамадскія арганізацыі, клубы і магчымасць публічнага мастацкага выказвання, то сёння гэтая інфраструктура ў значнай ступені знішчаная або вымушана перамясцілася за межы краіны.

71 фота з квір-выставы, датычнай беларускай ЛГБТК+ супольнасці

Асабліва драматычнымі сталі падзеі пасля 2020 года, калі масавыя палітычныя рэпрэсіі прывялі да ліквідацыі незалежных арганізацый, закрыцця культурных інстытуцый і вымушанай эміграцыі вялікай колькасці актывістаў, мастакоў і даследчыкаў. Беларуская квір-супольнасць, якая і раней існавала ва ўмовах сацыяльнай стыгматызацыі і прававой неабароненасці, апынулася пад яшчэ большым ціскам.

Пры гэтым апошнія гады адзначыліся і мэтанакіраваным узмацненнем дыскрымінацыйнага заканадаўства

У 2024 годзе беларускія ўлады пашырылі нарматыўнае азначэнне парнаграфіі, уключыўшы ў яго выявы аднаполых адносін і трансгендарнасці. У 2025 годзе так званую прапаганду гомасексуальных адносін і змены полу аднеслі да інфармацыі, шкоднай для дзяцей. А ў красавіку 2026 года была прынятая новая рэдакцыя Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях з артыкулам 19.16, які прадугледжвае адказнасць за распаўсюджванне інфармацыі, што фарміруе станоўчае ўяўленне пра гомасексуальныя адносіны або гендарны пераход.

Гэта азначае, што сама публічная рэпрэзентацыя квір-досведу можа стаць падставай для пераследу. Асабліва цынічным выглядае тое, што ўлады аб’ядноўваюць гомасексуальнасць, трансгендарнасць, свядомую бяздзетнасць і педафілію ў адной заканадаўчай катэгорыі, фактычна выкарыстоўваючы прававыя механізмы для легітымізацыі дыскрымінацыі.

Такім чынам, сёння мы назіраем не проста знікненне асобных арганізацый або культурных пляцовак, але сістэмнае выцясненне квір-жыцця з публічнай прасторы Беларусі

Значная частка супольнасці, яе актывістаў і культурных дзеячаў цяпер знаходзіцца ў эміграцыі, а новыя формы самаарганізацыі, салідарнасці і архівавання ўзнікаюць ужо ў Варшаве, Познані, Вільні, Берліне і іншых еўрапейскіх гарадах.

71 фота з квір-выставы, датычнай беларускай ЛГБТК+ супольнасці

Што бы Ты параіў маладым беларускім квірам, асабліва тым, якія жывуць у Беларусі?

Напэўна, я б параіў шукаць магчымасці для творчага самавыяўлення, нават калі пакуль яно можа існаваць толькі як форма эскапізму.

Мастацтва дазваляе даследаваць уласную ідэнтычнасць, гаварыць пра асабістае праз метафары, абстракцыі або эзопаву мову, ствараць унутраную прастору свабоды там, дзе знешняя свабода абмежаваная. Гэта не абавязкова форма пратэсту або публічнага супраціву. Часам гэта проста спосаб захаваць сябе, працягваць дыхаць і адчуваць уласнае жыццё.

Але самае галоўнае — знаходзіць сваіх людзей, ствараць абраныя сем’і, супольнасці даверу, клопату і ўзаемнай падтрымкі.

Не абавязкова быць бачнымі для ўсіх, каб быць сапраўднымі адно для аднаго

І, нягледзячы на рэпрэсіўнае заканадаўства, мне здаецца, адбываецца парадаксальны працэс: пакуль дзяржава спрабуе выцесніць квірнасць з публічнай прасторы, сама культура становіцца ўсё больш квірнай.

Новыя пакаленні значна вальней успрымаюць разнастайнасць ідэнтычнасцей, адносін і спосабаў жыцця. Таму я веру, што гэтыя працэсы немагчыма цалкам спыніць забаронамі. Так, сёння многія формы самавыяўлення вымушаныя існаваць па-за межамі афіцыйна дазволенага, у своеасаблівых зонах несвабоды. Але менавіта там, у расколінах гэтай сістэмы, працягвае расці трава, распускаюцца кветкі, нараджаюцца прыгажосць, блізкасць і любоў.

Галоўнае — знаходзіць адно аднаго і берагчы гэтыя маленькія прасторы свабоды! 

Выстава дасяжна для аглядання да канца лістапада 2026 года.

71 фота з квір-выставы, датычнай беларускай ЛГБТК+ супольнасці

Мікалай Наваградскі, фота аўтара з выставы

***

Каб павялічыць, націсніце на фота