Досвед Швецыі: як перамагчы стэрэатыпы ў грамадстве?
Швецыя традыцыйна ўяўляецца нам краінай, дзе існуе высокі ўзровень жыцця, паважаюцца правы чалавека і дзе дэмакратыя настолькі ідэальная, што ўявіць дыскрымінацыю пэўных сацыяльных груп проста немагчыма… Напрыканцы верасня мы накіраваліся ў Стакгольм і Гётэборг, каб на свае вочы пабачыць, як жывуць прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці і высветліць, з якімі праблемамі яны сутыкаюцца.
Адар’я Гуштын, GayPress
Выявілася, што не ўсё так цудоўна, як падавалася на першы погляд. Аднак досвед шведаў у пераадоленні стэрэатыпаў можа быць карысным для Беларусі, дзе талерантнасць да прадстаўнікоў ЛГБТ толькі пачынае фарміравацца.
Першая прычына дыскрымінацыі – адсутнасць праўдзівай інфармацыі
Наша першая сустрэча адбылася са старшынём згуртавання прадстаўнікоў культурніцкай ЛГБТ-супольнасці з краінаў Паўночнага рэгіёну TUPILAK Білам Шылерам. Нарадзіўся Біл у Чыкага, але ўжо шмат год жыве ў Швецыі, таму выдатна ведае сітуацыю з гей-супольнасцю ў краіне. Праўда, ягоныя калегі і сябры кажуць, што ўсмешка Біла выдае ў ім амерыканца.
Ад яго мы даведаліся, што найбольшую дыскрымінацыю ў Швецыі зазнаюць ВІЧ-пазітыўныя геі і лесбіянкі. Тое самае мы пачулі ў арганізацыі PositHIVe Group. З 1995 года тут арганізуюць сустрэчы для гомасэксуалаў, якія маюць дадзены дыягназ. Тут выкарыстоўваюць гульні і рэлаксацыю, каб удзельнікі не палохаліся, а наадварот, радаваліся сустрэчам. Таксама раздаюць шмат адукацыйнай літаратуры пра тое, дзе можна прайсці тэставанне, як засцерагчы сябе ад хваробы, якім чынам вірус перадаецца і г.д. Галоўная задача PositHIVe Group — змяніць негатыўнае стаўленне грамадства да ВІЧ-пазітыўных людзей. І ў гэтым сэнсе вялікая праца праводзіцца ўнутры самой супольнасці ЛГБТ.
«ВІЧ-пазітыўных геяў не запрашаюць на вечарыны. Таму што калі пра гэта даведаюцца астатнія ўдзельнікі, яны адмовяцца прыходзіць. Каб, крый Божа, ніхто не падумаў, што яны таксама ВІЧ-пазітыўныя”, — кажа Біл Шылер.
Гэта праблема існуе, бо людзі часцей за ўсё кіруюцца стэрэатыпамі пра распаўсюджванне вірусу. У грамадстве даволі высокія дыскрымінацыйныя настроі. Актывісты звязваюць гэта з тым, што цяперашняя моладзь не заспела шырокамаштабныя адукацыйныя кампаніі супраць дыскрымінацыі, якія 10 гадоў таму ладзіліся па ўсёй краіне.
Існуюць і заканадаўчыя праблемы. Што цікава, падобныя да беларускіх. А менавіта — крымінальная адказнасць у выпадку, калі ВІЧ-пазітыўны чалавек не папярэдзіў аб сваім дыягназе партнёра. Прадугледжана пакаранне — ад 3 месяцаў да 5 гадоў пазбаўлення волі. Прычым у Швецыі былі зафіксаваныя выпадкі, калі партнёр быў папярэджаны, але ўжо пасля прад’яўляў абвінавачванні ВІЧ-пазітыўнаму чалавеку, пасля чаго яго арыштоўвалі і прыцягвалі да крымінальнай адказнасці. Найбуйнейшая ЛГБТ-арганізацыя Швецыі RFSL настойвае на тым, каб крымінальную адказнасць замянілі на адміністрацыйную. І настойвае, што замоўчваць гэтую праблему нельга. Геям і лесбіянкам рэкамендуюць часцей праходзіць тэсты, карыстацца сродкамі кантрацэпцыі.
Праўда, у адрозненні ад Беларусі, урад Швецыі выдаткоўвае сапраўды шмат сродкаў на падтрыманне якаснага ўзроўню жыцця ВІЧ-пазітыўных і хворых на СНІД людзей. Як вынік, за апошнія 20 год ніводзін грамадзянін краіны не памёр ад СНІДу, гэта здаралася толькі з мігрантамі.
Другая прычына дыскрымінацыі – усё новае і невядомае палохае людзей
Яшчэ адна група ЛГБТ-супольнасці, якая таксама зазнае грамадскае асуджэнне ў Швецыі, — гэта трансгендэры. Публічна аб гэтай з’яве ў краіне сталі гаварыць толькі 15 гадоў таму. Таму да гэтага часу транссэксуалы сутыкаюцца з неразуменнем на працы, вучобе, у сям’і. Дыскрымінацыя адбываецца на побытавым узроўні, хоць бываюць праблемы і з праваахоўнымі службамі. Напрыклад, журналістка і актывістка RFSL Джэйн Джонс кажа, што больш за ўсё праблем дастаўляюць паліцыянты.
Пры гэтым гамафобіі ў шырокім сэнсе, як гэта раней было з геямі ці лесбіянкамі, трансгендэры не адчуваюць. Гэта тлумачыцца агульным талерантным настроем у грамадскасці. Гамафобныя ўстановы або кампаніі ўспрымаюцца негатыўна, такое стаўленне адбіваецца на іх іміджы. Джэйн даўно працуе ў журналістыцы, таму ўпэўненая, што мас-медыі ўплываюць на змену грамадскай думкі. Дарэчы, шведскія СМІ найчасцей пішуць пра трансгендэраў у жанры human story.
Трэцяя прычына дыскрымінацыі – няправільнае пазіцыянаванне праблематыкі ў СМІ
Пытанні адносна ЛГБТ-супольнасці ў шведскіх СМІ сапраўды абмяркоўваюцца як на нацыянальным, так і на рэгіянальным узроўні. Існуюць таксама тэматычныя выданні. Да прыкладу, часопіс QX. Цікава, што паўнавартасны глянцавы часопіс робяць усяго 2 штатныя журналісты, астатнія публікацыі – ад фрылансераў, якіх у базе часопіса каля 50 чалавек. Пісаць пра ЛГБТ-супольнасць могуць як яе прадстаўнікі, так і проста талерантныя да іх людзі. Рэдактар Джон Вос лічыць, што місія QX — не толькі асвятляць бягучыя падзеі ЛГБТ-супольнасці, але і падымаць праблемы, тым самым дапамагаючы грамадска-палітычным СМІ лепш разбірацца ў тэме. «Быць гамафобам ў шведскім грамадстве непаліткарэктна. Гэта выглядае дзіка і непрымальна. Таму радыкальныя і дыскрымінацыйныя тэзы можна сустрэць хіба што ў хрысціянскай прэсе. Хоць ёсць святары, якія адкрыта выступаюць у падтрымку геяў і лесбіянак”, — адзначае Джон Вос.
Чацвёртая прычына дыскрымінацыі – недастатковая актыўнасць прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці
Біл Шылер, які ў мінулым годзе быў у Менску на неафіцыйным гей-прайдзе, не па чутках ведае, як у Беларусі дыскрымінуюць прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці. Ён лічыць, што змяненне сітуацыі залежыць ад актыўнасці саміх геяў і лесьбіянак, а таксама ініцыятывы СМІ. Дэмакратычныя краіны, у тым ліку і Швецыя, таксама сутыкаюцца з дыскрымінацыяй розных сацыяльных групаў, сярод якіх – геі і лесбіянкі. У многіх еўрапейскіх краінах актывісты штогод змагаюцца за права правесці гей-парад, пры тым што па законе там дазволеныя мірныя шэсці і акцыі. Біл Шылер перакананы: «Каб змяніць стаўленне ў грамадстве да геяў, трэба выкарыстоўваць культуру і актыўна працаваць з журналістамі, бо яны фарміруюць грамадскую думку. Прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці павінны адкрыта казаць пра свае праблемы і заручацца падтрымкай талерантных людзей”.
Пра гэта, у тым ліку, ішла гаворка ў Гётэборгу, дзе на буйной кніжнай выставе група беларускіх журналістаў распавяла пра сітуацыю з дыскрымінацыяй ЛГБТ-супольнасці ў нашай краіне. Напрыканцы выступу да нас падыйшла дзяўчына з Ірану. «Усё, што вам зараз патрэбна – гэта моц і ўдача. Вы павінны трымацца разам і верыць у лепшае. У Іране прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці забіваюць. Толькі мэтанакіраваная і актыўная дзейнасць можна нешта змяніць”, — сказала яна.