У Гродне пройдзе queer-кінафестываль Dotyk
Квір-кінафестываль «Дотык» упершыню прайшоў у Мінску ў лютым гэтага года. 9 кастрычніцкай каманда кінафестывалю прыедзе ў Гродна, каб у нефармальнай абстаноўцы сустрэцца са сваімі патэнцыяльнымі гледачамі, расказаць аб праекце і адказаць на пытанні.
Мэта праекта ў тым, каб тэмы сэксуальнасці, цялеснасці і гендару перасталі абыходзіць маўчаннем. «Дотык» гэта бяспечная прастора для дыскусій і знаёмстваў, гэта магчымасць атрымаць інфармацыю, знайсці ролевыя мадэлі або пазнаць сябе ў героях дакументальных і мастацкіх фільмаў.
«Дотык» — гэта квір-культура, якая выходзіць у афлайн, датыкаецца да нас у рэальным жыцці. І гэта важна, каб не адчуваць сябе самотнымі.
Правядзенне кінафестывалю ў Мінску паказала, што падобная актыўнасць важная для беларускага грамадства, і цяпер на чарзе восеньскія фэсты ў абласных гарадах.
«Для таго каб праграма была цікавая гледачам у рэгіёнах, важна падтрымліваць сувязь з людзьмі, якія там жывуць», — кажуць арганізатары. «Дотык» і яго гледачы — гэта раўнапраўныя суразмоўцы, партнёры па абмене думкамі, тлумачаць яны.
Арганізатары фэсту імкнуцца пазбегнуць іерархічнасці і ціску не толькі ўнутры каманды, але і пры ўзаемадзеянні з аўдыторыяй. «Нам важна ўбачыць вашы асобы, пачуць вашыя галасы», — кажуць арганізатары.
Яны запрашаюць гарадзенцаў 9 кастрычніка ў 18.00 у антыкафэ «Жывы час» па адрасе вул. Карла Маркса, 13/1. «Будзем знаёміцца, жартаваць, хавацца ад восеньскага холаду!»
На гарадзенскім квір-фэсце 9-11 кастрычніка можна будзе ўбачыць фільмы праграмы «Дотык-2015» і фота выставу ЛГБТ-мамы (Украіна), якія ўжо ацанілі гледачы ў Мінску, Брэсце і Віцебску. На працягу трох дзён гарадзенцы будуць глядзець і абмяркоўваць тое, што важна.