Былы Папа Бенэдыкт: Шлюб для ўсіх дэманструе “дэфармацыю свядомасці”
У новай кнізе Ёзэф Ратцынгер абураецца роўным стаўленнем да лесбіянак і геяў. Маўляў, яно знаходзіцца “у супярэчнасці з усімі папярэднімі культурамі чалавецтва”.
Ён проста не можа пакінуць гэтую тэму. У сваім новым фаліянце ганаровы Папа Бенэдыкт XVI зноў выбухнуў абуральнымі словамі на адрас шлюбу для ўсіх. Прававое раўнапраўе для лесбійскіх і гееўскіх пар, маўляў, з’яўляецца выражэннем “дэфармацыі свядомасці”, піша былы галава каталіцкай царквы ва ўводзінах да сваёй кнігі “Сапраўдная Еўропа. Ідэнтычнасць і місія”, частка якой была апублікавана ў мінулы чацвер у італьянскай газеце “Il Foglio”. Пра гэта ў пятніцу паведаміў партал katholisch.de.
Шлюб для ўсіх знаходзіцца “у супярэчнасці з усімі папярэднімі культурамі чалавецтва”, піша Ёзэф Ратцынгер далей. Ён з’яўляецца “культурнай рэвалюцыяй”, нават калі б маральныя і юрыдычныя погляды на шлюб і сям’ю ў розных культурах і істотна адрозніваліся.
Да з’яўлення эфектыўных медыкаментаў для кантрацэпцыі існавала “першаснае ўсведамленне”, што шлюб паміж мужчынам і жанчынай служыў для працягу жыцця. З таго моманту, як адбыўся разрыў паміж сэксуальнасцю і працягам роду (размнажэннем), усталявалася “роўнасць усіх форм сэксуальнасці”, скардзіцца былы пантыфік. Гвалт і здзек над прыродай чалавека прывядзе да самаразбурэння.
Гоманенавіснік перад Госпадам
Яшчэ ў мінулым годзе Ёзэф Ратцынгер ў адной з біяграфій датычна шлюбу для ўсіх перасцярог перад “сусветнай дыктатурай так званых гуманістычных ідэалогій” і паскардзіўся, што праціўнікі роўнасці геяў і лесбіянак падвяргаюцца абструкцыі ў грамадстве.
Падчас сваёй кадэнцыі ад 2005 да 2013 году Ратцынгер пастаянна перасцерагаў ад пашырэння правоў ЛГБТІ. Так, у 2012 годзе ён сцвярджаў, што прызнанне аднаполых партнёрстваў з’яўляецца “маніпуляваннем прыродай” і вядзе да страты “годнасці чалавека”. Аднак ён не мог прадухіліць таго, што нават такія каталіцкія краіны як Францыя, Партугалія ці Аргенціна, зробяць раўнапраўнымі лесбійскія і гееўскія шлюбы.
Як шэф кангрэгацыі веравызнання, Ратцынгер раней фармаваў адмоўнае стаўленне свайго папярэдніка і сусветнай царквы да пытанняў гомасэксуальнасці, кантрацэпцыі, абортаў і месца жанчын. Маўляў, гомасэксуальная арыентацыя з’яўляецца “аб’ектыўным непарадкам” і стварае “з маральнага пункту гледжання нагоду для занепакоенасці”, адзначала кангрэгацыя яшчэ ў 1992 годзе.