ТУПІЛАКАЎЦЫ: перформерка і мастачка Сам Хульцін

время чтения: 3 мин

Падчас West Pride 2021 у Гётэборгу шведская дзяячка культуры Сам Хульцін атрымала ганаровы дыплом Міжнароднай сеткі культурніцкіх ЛГБТ-ініцыятываў – Кліа і Срэбны кубак (Clio and Silver Cup).

Gaypress распытаў лаўрэатку пра яе працу і дасягненні:

— Ці маглі б Вы, калі ласка, распавесці караценька пра сваю дзейнасць?

 

— Я – чалавек мастацтва. Шмат намаганняў прысвячаю праву ЛГБТ-супольнасці на сваю гісторыю. Менавіта за гэта, відаць, я і атрымала гэты дыплом. Я здымаю фільмы і арганізую гарадскія “тэматычныя” маршруты для шпацыраў. Раблю шмат, каб аб’яднасць квір-супольнасць. Нашай супольнасці трэба яшчэ шмат чаго падчарпнуць з уласнай гісторыі. І гэта магчыма рабіць праз фільмы і гарадскія шпацыры па “тэматычных” мясцінах. Дарэчы, зараз у Гётэборгу мы займаемся стварэннем такога квір-маршруту для шпацыраў. Да яго распрацоўкі спрычыньваюцца прадстаўнікі розных пакаленняў і рознай сферы заняткаў з мясцовай ЛГБТК-супольнасці. І ў якасці экскурсаводаў выступаюць самі распрацоўшчыкі маршрута. [Прэм’ера гэтай экскурсіі адбылася падчас праграмы West Pride 2021 – заўвага Gaypress.]

ТУПІЛАКАЎЦЫ: перформерка і мастачка Сам Хульцін

Лаўрэаткі Ана Ліндэр і Сам Хульцін

 — Ці маглі б Вы распавесці крышку болей пра канцэпцыю гарадскіх шпацыраў?

 

— Змест квір-шпацыру складаецца з гісторыяў, якімі дзеляцца прадстаўнікі ЛГБТК-супольнасці Гётэборгу. Кожная з гісторыяў звязаная з пэўнай кропкай у горадзе. Гэта могуць быць і расповеды пра нейкія “афіцыйныя” мясціны – месцы пэўных збораў або месцы знаходжання пэўных арганізацыяў. Але вялікая ўвага таксама надаецца асабістым гісторыям і ўзгадкам, звязаным з такімі мясцінамі. Мая задача – паказаць, наколькі пераплеценыя асабістыя і “палітычныя” моманты ў гісторыях ЛГБТ-людзей. Карацей, у нас чакаецца вялікая група эксурсаводаў і, спадзяюся, да нас далучыцца вялікая аўдыторыя, каб даведацца і распавесці адно адному пра цікавыя квір-мясціны на мапе Гётэборгу.

 

 

 — Ці ёсць нейкія выклікі, з якімі вы сутыкаецеся, арганізоўваючы падобныя шпацыры? У Беларусі цяпер такое проста немагчыма. А як у Швецыі? Я ведаю, што паліцыя паводзіць сябе прыязна. Але агульна ці бяспечна выпраўляцца на такія шпацыры ў Гётэборгу?

 

— Так, у Гётэборгу гэта бяспечна. Фармат гарадскіх шпацыраў не такі “правакацыйны”, як, скажам, прайд-парады. Вядома, сітуацыя ў Швецыі далёкая ад беларускай. Але найбольшая пагроза для ЛГБТ-людзей Швецыі зыходзіць ад скрайне правых палітычных сілаў, якія зараз на ўздыме папулярнасці па ўсёй Еўропе. Мы не выключэнне. Зараз найбольшыя рызыкі бяспекі зазнаюць мігранты, цемнаскурыя людзі, а таксама трансгендарныя асобы. Але што да шпацыраў, то іх рабіць дастаткова бяспечна.

 — Як вам удалося змяніць грамадскую думку ў дачыненні да ЛГБТ-супольнасці да лепшага? Зараз у вас прыязная паліцыя. Вясёлкавыя сцягі падчас прайду ці не на кожным трамваі і будынку. Як вы дасягнулі такіх поспехаў у Гётэборгу, дзе яшчэ ў 1990-х гадах жыццё ЛГБТ-людзей было вельмі складаным?

 

— На мой погляд, не існуе нейкіх канкрэтных рэчаў. Гэта быў хутчэй доўгатэрміновы працэс, звязаны з паляпшэннем бачнасці, напрыклад, праз нейкія культурніцкія ініцыятывы, калі ў грамадства ёсць магчымасць убачыць разнастайных ЛГБТ-людзей з пазітыўнага боку, зразумець, што, нягледзячы на адрозненні, усе мы людзі. Таму здымкі фільмаў ці напісанне кніг дапамагаюць паказаць ЛГБТ-людзей як асобаў, якія маюць вялікую колькасць рысаў. Капіталізм таксама адыгрывае не апошнюю пазітыўную ролю. Тое, што паўсюль вясёлкавыя сцягі… Зразумела, што людзі зарабляюць грошы на “тэме”. Але трэба быць пільнымі, бо, калі бізнэс адчуе, што не зможа зарабляць на квіры, усё будзе нашмат горш.

Таксама важную ролю адыгрываюць камінаўты вядомых публічных персонаў, у тым ліку, артыстаў, якіх усе любяць… Гэта таксама паказвае, як культура можа быць тым мастком да прыняцця ЛГБТ-людзей. Калі табе падабаецца спявак, цяжка перастаць ім захапляцца нават пасля камінаўту. Важна, каб гэтым вядомым людзям культуры, трансгендарным асобам у тым ліку, дазвалялі прыходзіць у школы, каб іх бачылі.

 

 — Што б вы пажадалі людзям культуры з ЛГБТ-супольнасці ў Беларусі? Як не ўпасці ў адчай? Як ісці наперад у сённяшняй крызіснай сітуацыі?

— Першае, хоць гэта можа быць і складана, — гэта трымаць сувязь з актывістамі з іншых краінаў. Таксама яднацца міжсобку. Нават калі вы не можаце сабрацца на нейкі публічны прайд-парад, завітвайце адно да аднога дадому. Выбудоўвайце альянсы, аб’ядноўвайцеся з іншымі квір-людзямі, каб адчуваець моц сваёй супольнасці.