ТУПІЛАКАЎЦЫ: СПЯВАК ЯН ХАМАРЛУНД
Прадстаўцеся, калі ласка.
Я Ян — спявак, аўтар песен, я гей і мне семдзесят. Што яшчэ сказаць? Я уцягнуты ў ЛГБТК-рух ці ліберальны рух з таго часу, калі ён з’явіўся.
Адразу хачу падзякаваць вам за ўчорашні перформанс. Гэта было шыкоўна.
Дзякуй, гэта была імправізацыя.
Такое пытанне. Неяк у мяне пацікавіліся, адкуль я бяру нахтненне на вершы. А як у вас з гэтым: кім або чым вы натхняецеся, каб ствараць музыку?
Я не думаю, што ў маім выпадку размова можа весціця пра паэзію. Я думаю, што лірыка ў песнях адрозніваецца ад паэзіі. Вядома, музыка і тэкст ідуць рука аб руку, яны нараджаюцца адно з другога. Але калі мы зазірнем у часы Старажытнай Грэцыі, напрыклад, часы Катула, які быў паэтам яшчэ 2 тысячы гадоў таму, мы даведаемся, што яго вершы называліся песнямі. Гэта такі тлусты намёк.
Ведаеце, шмат людзей было расчаравана, калі Боб Дылан атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Але некаторыя людзі справядліва заўважалі, што Дылан спявае сваю паэзію – акурат як і шмат якія паэты старажытнасці.
Але вернемся да пытання. Ёсць вельмі шмат рэчаў, якія ўплываюць на мяне: словы, галасы, розныя сацыяльныя пытанні.
Калі і як пачалася ваша гісторыя, звязаная з Тупілакам? Што Тупілак значыць для вас?
Гэта ўсё Біл Шылер і яго энергія і энтузіазм. Кожны раз, калі ён прапаноўваў мне далучыцца да якой-небудзь падзеі, я пагаджаўся. Таму калі я атрымаў спецыяльную ўзнагароду, то я без сумневу размясціў яе побач з узнагародай імя Пабла Неруда, якую мне ўручылі недзе пяць год таму. І я думаю, што Пабла Неруда быў бы не супраць такога суседства.
Я лічу, што аб’яднаў мноства людзей, таму што за ўвесь гэты час я браў удзел у шматлікіх мерапрыемствах. Напрыклад, пэўны час я ўдзельнічаў у барацьбе супраць неанацызма, з якім раней увогуле не сутыкаўся. Было страшна, але мы змаглі знайсці як мінімум адно рашэнне праблемы і спыніць штогадовую маніфестацыю без ужывання агрэсіі або насілля.
Калі і чаму вы пачалі цікавіцца музыкай, або калі і чаму музыка пачала цікавіцца вамі?
У нас дома быў грамафон, і я пастаянна яго слухаў, калі мне было 3-6 гадоў. Аднойчы я пачуў, як хтосьці спяваў па радыё. Гэта быў прыгожы і містычны жаночы голас – вядучыя сказалі, што спявае Ула Білквіст. Тады я пайшоў да мамы і спытаў – хто такая Ула Білквіст? Мама адказала, што яна была спявачкай. Я здзівіўся – чаму была? Таму што яна скончыла жыццё самагубствам, адказала мама. На той момант гэта сталася для мяне трагедыяй, драмай.
Цікава, што праз 45 або 50 гадоў (гэта было 10 гадоў таму), Ула Білквіст зазнала пасмяротны аўтынг. Яна была выключнай выканаўцай, зоркай 40-х гг. Мужчына, які гэтак сама цікавіўся і сачыў за яе творчасцю, даследаваў ўсе ейныя запісы і паразмаўляў з людзьмі, якія яе ведалі. Ён выявіў, што Ула Білквіст была бісэксуалкай, а магчыма і гомасэксуальнай асобай. Хутчэй за ўсё, прычына яе самагубства якраз і была ў тым, што нехта здагадаўся пра яе арыентацыю – што ў тыя часы гарантавала сацыяльную смерць. Гэта жахлівая гісторыя.
У юнацтве я закахаўся ячшэ ў адзін шыкоўны голас – гэта быў голас Джоан Баез. Дзякуючы ёй я звярнуўся да фолка, стаў граць на гітары і пісаць песні на шведскай мове. Дарэчы, большую частку музыкі я слухаў на шведскай, і толькі час ад часу на англійскай або іспанскай.
Джоан Баез была, я так думаю, першай міжнароднай зоркай, якая напісала песню да гей-фільма. Песня называецца “The Altar Boy And The Thief” (1977 год).
Як вы бачыце, вакол мяне ўвесь час апыналася нешта, звязанае с гей-тэматыкай. Карацей, глыбокі і кранальны голас Улы Білквіст так ці інашк паўплываў на мяне.
Які момант вы можаце прыгадаць, калі вы ўпэўніліся, што музыка – правільны выбар?
Я вельмі хацеў неяк карыстацца навыкам пісаць песні, каб дапамагаць ЛГБТК-руху. Гэта жаданне вылілася ў фолк-кампазіцыю. Яна не была нейкай выключнай або драматычнай. Але была такой, якую можна было спяваць, седзячы насупраць бабулі на кухні. І гэта, думаю, крыху адрознівала мяне ад іншых гей-выканаўцаў у Швецыі.
Гэтая песня называецца “Ville” – я напісаў яе 1979 годзе. Яна да сёння №1 сярод маіх песень на Spotify. Зараз я граю яе вельмі рэдка, бо гэтая кампазіцыя з разраду “для тынэйджараў”. Таму я пакідаю гэта поле за імі.
Я лічу, што гумар – моцная зброя, калі ты працуеш з тэмай, якая некаторых людзей пужае, якая з’яўляецца спрэчнай або табуяванай. Калі ты прымушаеш людзей смяяцца – ты на паўкрока ад таго, каб закрануць іх глыбінныя пачуцці.
Ці маеце вы нейкія пазітыўныя вынікі выкарыстання гумару ў музыцы?
Так, ёсць такія. Напрыклад, песня “I still want you”. Я вельмі пакутаваў ад безадказнага кахання. Я хутка закахаўся ў аднага хлопца, знайшоў яго і сказаў, што мне трэба з ім пагаварыць. Мы сустрэліся і я сказаў, што кахаю яго. Але нічога не пачуў у адказ. У той момант я быў проста растаптаны. Усё, што мне дапамагала – гэта ляжаць на сонцы. І я многа плакаў, а пасля напісаў песню.
Спачатку гэта былі толькі словы – без музыкі. Ужо тады я зразумеў, што ніхто не будзе яе слухаць. Тады я зрабіў з гэтага гумарыстычную песню – і гэта мела сэнс і вынік.
Вы маеце даволі доўні творчы шлях. Што дапамагае вам да сёння быць зацікаўленым у музыцы?
Гэта праўда. Сёння я адчуваю, што музыка і голас мною валодаюць. І я працую з музыкай кожны дзень.
Я не ведаю дакладанага адказа на ваша пытанне. Адно, што магу сказаць, мне падабаюцца песні, якія я напісаў, і падабаюцца песні, якія я знаходжу ў розных іншых людзей. Музыка, якая мяне атачае, так ці інакш кажа, хто я ёсць.
Увесь час, пакуль я спяваю, я вымушаны практыкавацца кожны дзень. Я вельмі шмат практыкаваўся апошнія два гады падчас пандэміі. Нехта разумны сказаў: ты павінен практыкавацца кожны дзень, інакш ты страціш навык. А я не хачу рызыкаваць. Таму я даводжу сваіх суседзяў да шаленства. Часта я пакідаю на іх дзвярах нататкі тыпу: “Спадзяюся, што я вас не турбую. Калі ласка, дайце мне знаць, калі вам перашкаджаюць мае трэніроўкі”. І яны заўсёды адказваюць, што не супраць або нічога не чуюць. Такім чынам, я працягваю займацца музыкай.
Што вам падабаецца болей: пісаць песні або спяваць?
Гэтыя рэчы ідуць побач. Я пісаў усе свае песні, каб пасля іх спяваць. Але для мяне больш складана пісаць тэксты да песняў. З музыкай лягчэй: яна проста прыходзіць да мяне. Калі з тэкстам складана, я бяру гатовыя ў вядомых паэтаў (да прыкладу, у Карын Бойе) і лёгка кладу на іх музыку. Я не ведаю чаму. Магчыма, маё правае паўшар’е больше развітае за левае.
Музыка прыходзіць лёгка. А ў выпадку слоў я заўсёды знаходжуся ў стане, блізкім да паразы – мне здаецца, што я напісаў недастаткова песень. Я ведаю, што магу рабіць гэта. Я напісаў шмат песень на гістарычную тэму, якія мне вельмі падабаюцца. Можа быць я просто лянуюся – за апошнія два гады я не напісаў ніводнай песні.
А колькі ўсяго песень вы напісалі?
Прыкладна 80-85. Я вельмі самакрытычны чалавек. Некалькі сваіх старых песень я ўжо перапісаў. Так што некаторыя мае слухачы былі засмучаныя. Яны пыталіся: як ты мог змяніць гэтую песню – мы яе слухалі разам з чалавекам, у якога я пасля закахаўся! Але, насамрэч, гэтыя змены не такія ўжо і істотныя. Я спадзяюся, што новае пакаленне будзе лічыць, што з гэтымі кампазіцыямі ўсё ў парадку, паколькі яны не будуць ведаць арыгіналы.
Якая ваша любімая песня з тых, што вы напісалі?
Безумоўна “Франц Шуберт”. Таксама магу назваць невялічкую фолк-кампазіцыю “Tusen Mil”, тэкст для якой я ўзяў у Джо Баейс і пераклаў на шведскую. Тут я выкарыстаў гітарную аранжыроўку, таму што ніякія іншыя не маглі б легчы лепей. Таксама я вельмі люблю песню “Катул”.
На самой справе люблю ўсе свае песні – таму іх і няшмат. Я б не трымаў іх у сваім рэпертуары, калі б ведаў, што яны дрэнныя.
Але я таксама люблю спяваць песні іншых музыкаў. Я лічу, што песні маюць патрэбу ў тым, каб быць праспяванымі. Я помню сваё юнацтва, час, калі выйшла новая песня Боба Дылана. І амаль адразу ж яе праспявалі Джо Байес, Джудзі Коллінз, розныя поп-гурты. І кожны раз песня расла і развівалася. Розныя выканаўцы дадаюць кампазіцыі нейкія новыя асаблівасці, якія да іх ніхто не дадаў.
Важная з улікам усеагульнай культурнай барацьбы рэч, якую я хачу абазначыць, гэта тое, што мы павінны вяртаць мінулае, вяртаць выбітныя персаналіі, якія жылі да нас і павінны былі зрабіць камінаўт.
Я ўжо раней казаў пра мужчыну, які вывучаў дыскаграфію і біяграфію Улы Білквіст і які раскрыў яе як квір-персону. Яе дачка (яна зараз жывая) была вельмі засмучаная. Яна літаральна ўзненавідзела гэтага мужчыну, таму што для яе гэта было ні што іншае, як паклёп на яе маці.
Для тых людзей, якія жылі ў найбольш жудасным часе – я кажу пра 50-я гг, вельмі кансерватыўныя часы – пазітыўнае прыняцце гомасексуальнасці, бісексуальнасці, усяго спектру ЛГБТК было вельмі складаным і доўгім шляхам.
Таксама мы маем прыклад Шуберта, Чайкоўскага і іншых вядомых персон. Кожны раз, калі мы кажам, што хтосьці з іх былі гомасексуальнымі людзьмі, гамафобныя людзі намагаюцца даказаць, што гэта няпраўда.
Датычна Шуберта. Ёсць такая жанчына – Рыта Штэблінг, па-мойму. Яна пісала ў адказ адному даследчыку, які якраз у сваёй кнізе паказаў Шуберта як гомасэксуальнага чалавека, што няма ніякіх доказаў, што Шуберт быў геем. Магчыма, іх і няма. Але пытанне не ў гэтым, а ў тым, што няма і доказаў таго, што ён быў гетэрасексуальным чалавекам.
Ці мае сэнс аутынг пасля смерці? Ці можна ў дадзеным выпадку казаць пра перавагу “за” над “супраць”?
Я лічу, што гэта справядліва і павінна быць. У першую чаргу гэта справядліва ў адносінах да гэтых людзей.
Напрыклад, наша выбітная аўтарка Сэльма Лагерлёф ліставалася са сваімі жанчынамі — пра гэта мы даведаліся праз пятнаццаць год пасля яе смерці. І гэта было вялікай сенсацыяй, бо ніхто не думаў пра яе як пра лесбіянку. Магчыма, некаторыя засмуціліся, калі даведаліся пра гэта. Але я лічу, што ў перспектыве гэта важна.
Ці можаце вы параўнаць, што такое быць гей-музыкантам у Швецыі дваццаць гадоў таму і зараз?
Першае, пра што можна сказаць, гэта тое, што стала болей камінаўтаў. Але каб убачыць нейкія відавочныя адрозненні, трэба пайсці крыху далей — недзе на 25 год таму. Яшчэ лепш — зазірнуць у 70-я гг. Доўгі час я быў адзіным музыкантам-геем і гэта было цяжкой ношай. Але паступова камінаўтаў стала больш. Менавіта гэта паказвае, наколькі мінулае і сёння адрозніваюцца.
Ці маеце вы нейкія планы ў музыцы? Магчыма, запісаць альбом.
Не, ў мяне няма нейкіх планаў. Я вельмі шкадую, што не жыў у часы, калі музыка была дасяжная на спецыяльных дысках кшталту вініла. На гэтых дысках можна было запісаць толькі дзьве песні — па адной на кожным баку. Я лічыў, што гэта ідэальна.
Я шмат разоў быў у сітуацыі, калі пісаў класную песню, а пасля думаў: ой, дык гэта ж зараз трэба пісаць і выпускаць альбом. Зараз шмат якія з музыкаў маюць адну ці дзьве добрыя песні і восем або дзевяць — каб запоўніць прастору альбома.
Мне падабаецца выпускаць па адной песні ў якасці сінгла. І я планую рабіць гэта і далей.
Для каго вы пішаце музыку?
Я ніколі не думаў пра гэта. Я заўсёды хацеў данесці сваю музыку да максімальна магчымай колькасці розных людзей з розным вопытам.
Паколькі я фолк-музыкант, то я ведаю, да якой аўдыторыі я магу дагрукацца. Але здорава, калі ты можаш атрымаць водгук ад людзей, ад якіх ты не спадзяешся нешта атрымаць. Але гэта пра тое, што ты робіш як мастак — спрабуеш аб’яднаць людзей хаця б на некаторы час.
Также по теме: ТУПІЛАКАЎЦЫ: ПАЭТ ТОМАС ОБЕРГ