Супрацоўнік міністэрства ў Марока звольнены за ўзгадванне «сексуальнай арыентацыі»

время чтения: 2 мин

Начальнік аддзела пісьменнасці ў Міністэрстве ахвяраванняў і ісламскіх спраў Марока быў звольнены за тое, што проста згадаў сексуальную арыентацыю ў навучальных матэрыялах для дарослых.


Паводле выдання The New Arab, супрацоўнік кіраваў вытворчасцю курсаў навучання пісьменнасці для дарослых, якія выкарыстоўваюцца ў мячэцях, і нядаўна выпусціў новую праграму.
Аднак адна частка вучэбнай праграмы ўключала цытату з кнігі, якая гучала: «Роўнасць азначае, што да людзей аднолькава ставяцца без дыскрымінацыі, незалежна ад этнічнай прыналежнасці, сексуальнай арыентацыі або інваліднасці».
На думку міністра па справах ісламу Марока Ахмада ат-Таўфіка простае згадванне пра сексуальную арыентацыю было цяжкім злачынствам.
Аль-Таўфік правёў расследаванне і прыйшоў да высновы, што кіраўнік аддзела пісьменнасці спрабаваў «прасоўваць» гомасексуальнасць у мячэцях.

Ён быў неадкладна звольнены, і ўсе настаўнікі ў Марока атрымалі загад выкрэсліць фразу «сексуальная арыентацыя» з паасобнікаў сваіх навучальных дапаможнікаў.

 

Квір-асоба з Марока, на ўмовах ананімнасці, сказала The New Arab: «Мы адна з нямногіх краін, якія скасоўваюць людзей за тое, што яны робяць правільныя рэчы. Проста паглядзіце, з якой несправядлівасцю сутыкнуўся гэты чалавек, і ўявіце, як пакутуе супольнасць ЛГБТКІА+ у Марока».
Мараканская арганізацыя Outlaws, якая лабіруе правы ЛГБТ+ і жанчын у Марока, задала пытанне ў Instagram: «Калі спыніцца гвалт супраць ЛГБТКІА+ у Марока?»
У адпаведнасці з артыкулам 489 Крымінальнага кодэкса Марока, палавыя акты паміж асобамі аднаго полу караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў і штрафам.

 

28-гадовы пісьменнік і акцёр Абдэрахім эль-Хабачы, адкрыты гей, які ўцёк ад пераследу, каб папрасіць прытулку ў Вялікабрытаніі, апісваў жыццё ЛГБТ+ у Марока ў інтэрв’ю для тэлекампаніі ITV: «Заўсёды было «хавайся, хавайся» і не паказвай свой колер. Калі вы дэманструеце свае [вясёлкавыя – заўвага Gaypress] колеры, гэта азначае, што вы сутыкнецеся з найбольш дыскрымінацыйнымі паводзінамі і гамафобіяй… Калі людзі даведаюцца, што вы гей, яны могуць збіць вас — і вы не маеце права паскардзіцца. У гэты момант вы з’яўляецеся ахвярай, але ў вачах закону вы злачынца, таму што вы гей.»

 

Крыніца: pinknews.co.uk