ТУПІЛАКАЎЦЫ: ФОТАМАСТАК ВІЛЛІ РЭЙХАЛД
Калі б вы апісвалі сябе праз ідэнтычнасці, то якія б гэта былі ідэнтычнасці?
Мяне завуць Віллі. Мне падабаецца рабіць фотаздымкі, а пасля пераўтвараць іх у слайд-відэа з музыкай. Па прафесіі я пекар, але зараз на пенсіі, таму магу займацца чым захачу. Яшчэ ў 30-я вырашыў збіраць грошы, якімі я б мог скарыстацца на пенсіі. І я гэта зрабіў.
З выхадам на пенсію я паспрабаваў знайсці розныя сацыяльныя актыўнасці, рабіць штосьці пазітыўнае. Спачатку гэта была кавярня, у якой, дарэчы, праходзілі першыя мерапрыемствы Тупілака: пасля афіцыйнага заканчэння рабочага дня арганізацыя ладзіла тут розныя сустрэчы. Зараз я чалец групы “Галасы ночы”. Гэта людзі, якім хтосьці можа пазваніць па розных пытаннях – з 9 гадзін вечара да 6 гадзін раніцы. Людзі звоняць нам, каб пагаварыць пра адзіноту, што вельмі распаўсюджана, пра кавід, пра праблемы на работе. Звоняць нават людзі, якія думаюць пра суіцыд.
У людзей, якія знаходзяцца ў шведскім ментальным інстытуце, ёсць права мець чалавека звонку, з якім ты можаш камунікаваць. З 2018 года я сазвоньваюся з чалавекам, які знаходзіцца ў такім інстытуце.
Таксама я валанцёру ў Amnesty International і Swedish Afganistan Commity.
Чаму вам важна дапамагаць людзям?
Я лічу сябе вельмі прывілегіяваным. У мяне няма ніякіх эканамічных праблем, у мяне шчаслівае жыццё. Таму, у першую чаргу, для мяне гэта такі абавязак – аддаць нешта грамадству. Канешне, гэта не аплочваецца. Таксама ў мяне ёсць выбар – як і каму дапамагаць.
Ці памятаеце вы момант, калі вам стала цікавая фатаграфія і чаму?
Гэта пачалося вельмі рана. Калі мне было 23, я пачаў працаваць у нарвежскім (6:17) і фіксаваць успаміны з падарожжаў. Пасля я стаў думаць, якія фота хацеў бы здымаць я?
Фатаграфія мае перавагі перад іншымі медыумамі. Працуючы з фота, ты можаш абіраць час, святло і іншыя нюансы. То бок, тут ты шмат чаго выбіраеш сам. Таксама з фота могуць працаваць людзі рознага ўросту, нават сталыя.
Як фота судакранаецца з квір-павесткай? Ці працуеце вы з гэтай тэмай?
Асабіста я не працаваў з тэмай квір праз фота. Але ў мяне ёсць відэа «People struggle for survival». Я вельмі шмат падарожнічаў і рабіў фота людзей ў вельмі цяжкім становішчы – яны пакутавалі і можна было сказаць, што пражывалі не лепшы свой час. Таксама я рабіў шмат фота розных раслін і кветак, якія прабіваліся скрозь каменне, асфальт і ходнік.
Для мяне гэта пра жыццё, якім жывуць гомасексуальныя людзі. Яны таксама часта апынаюцца ў цяжкім становішчы праз непаразуменне з сям’ёй, у барацьбе за свае правы. Так што ў пэўным сэнсе ў гэтых раслінах і кветках, у гэтых людзях можна ўбачыць і квір-людзей. Але гэта не той сэнс, які я закладаў, калі рабіў гэтыя фотаздымкі.
А якія фатографы ці фатографкі працуюць з тэмай квір у Швецыі?
Я ведаю адну жанчыну – яна была вельмі частай наведвальніцай майго кафэ. Яе завуць Элізабет Олсен. Таксама яна ўдзельніца Тупілака. Зараз яна вельмі вядомая. Я думаю, што ніхто не зрабіў для ЛГБТК+ столькі, колькі зрабіла яна – нават па-за межамі Швецыі.
У 90-х у яе была дамова з касцёлам ва Ўпсале – галоўным касцёлам Швецыі. Яна зрабіла фота-серыю – проста шыкоўную – у якой інтэрпрэтавала Біблію. Дакладней, розныя карціны з яе. Напрыклад, там было фота, якое па-іншаму паказвала “Апошнюю вячэру” – замест апосталаў за сталом сядзелі дрэг-куінс.
Гэтая серыя стала прычынай жорсткай крытыкі. І Папа, на той момант гэта быў Папа з Польшчы, забараніў біскупу са Швецыі наведваць Ватыкан. А ўсё таму, што ён дазволіў фатографцы паказаць гэтыя здымкі ў касцёле.
Серыя атрымалася выключнай, якаснай. Пазней нават хтосьці размясціў адзін са здымкаў у парламенце. Але і да сёння некаторыя краіны не дазваляюць дэманстраваць гэтую серыю фотаздымкаў. Напрыклад, Італія.
Зараз вельмі папулярна быць фатограф_кай. У нас ёсць магчымасць рабіць здымкі з дапамогай звычайнга смартфона. Што вы думаеце пра гэта?
Першае, пра што я думаю – гэта пра меньшую якасць фотаздымкаў. Усяго пара секунд – і ты можаш зрабіць некалькі розных фотаздымкаў. Адпадае неабходнасць надаваць увагу руху камеры. І ўвогуле, рабіць здымкі на тэлефон даволі проста. Але калі я гляджу на такія здымкі, яны мне падаюцца нецікавымі.
Распавядзіце крыху падрабязней пра відэа, якое вы здымаеце. Калі вы пачалі рабіць гэтыя відэа?
Я пачаў рабіць відэа 15 гадоў таму. Для гэтага я выкарыстоўваю звычайную праграму, дзе можна рабіць розныя маніпуляцыі з фотаздымкамі, у тым ліку кліпы на базе фотаздымкаў. Калі ты займаешся гэтым пастаянна, гэта ўзрушвае.
Зараз, на жаль, я не працую з відэа. Але магу сказаць, што гэтая праца дала мне зразумець, наколькі важнае месца ў відэа займае музыка. Музыка дапамагае атрымаць правільныя эмоцыі ад карцінкі, перадаць атмасферу, тое, што ты хочаш данесці. Я помню, як аднойчы працаваў над відэа, шукаў адпаведную музыку – звычайна гэта інструментальная. І вось знайшоў, дадаў да відэа – і яна разбурыла атмасферу: там былі такія лёгкія ўдарныя, якія ўсё і сапсавалі. Здаралася, я вельмі доўга шукаў адпаведную музыку. Але бывала і такое, што я знаходзіў патрэбную музыку зусім выпадкова.
Якое відэа са створаных вамі вам падабаецца найбольш?
Я думаю, гэта відэа «Людзі змагаюцца за выжыванне» (“People struggle for survival”). Я перарабіў яго, калі знайшоў новыя фотаздымкі. Адзін з іх – зроблены ў Беларусі, дзе мужчына спрабуе нешта прадаць на вуліцы.
Але ёсць і іншыя відэа, якія мне падабаюцца. Неяк я сядзеў за камп’ютарам і пачуў кампазіцыю Joni Mitchell – Both sides, now. Я падумаў: ваў, якая песня. Але пра што яна? Тады я паглядзеў словы і зразумеў, што гэтая кампазіцыя пасуе да фотаздымкаў, якія я зрабіў. Так што, аб’яднаўшы іх, я зрабіў даволі прыстойную работу.
Вы нядаўна знялі фільм пра Тупілак. Пра што ён?
Гэты фільм адрозніваецца ад відэа, якія я рабіў раней. Я ведаю Біла з моманту, калі быў створаны Тупілак. Я падумаў, што гэта добрая ідэя – неяк падсумаваць 30 гадоў існавання арганізацыі, у якія ўмясцілася шмат чаго цікавага і важнага (у 90-я Тупілак быў выключанай з’явай, у тым ліку культурнай).
Я спытаў, што думае Біл. Ён сказаў, чаму б не і напісаў сцэнар, дзе расказвалася пра стварэнне Тупілака і яго дзейнасць. Тэкст чыталі пяць розных чальцоў арганізацыі, а паміж імі я зрабіў устаўкі з фотаздымкамі вядомых мастакоў і мастачак. Атрымаўся цалкам сабе дакументальны фільм.
А чаму вы вырашылі далучыцца да Тупілака? Які ўнёсак, як вы лічыце, вы зрабілі?
Я пазнаёміўся з Білам у той час, калі трымаў сваю пякарню і працаваў там пяць дзён на тыдзень. Таму ўсё, чым я мог дапамагчы, як я ўжо казаў, гэта аддаваць сваё памяшканне для розных мерапрыемстваў. Гэта было напачатку. Далей я прадстаўляў арганізацыю за межамі. Напрыклад, я ездзіў у Заграб, дзе браў удзел у прайдзе. Мінулым годам прайд праходзіў у вельмі жорсткіх умовах – паліцыя ніяк не абараняла ЛГБТК-супольнасць. Пасля я быў у Кракаве, дзе таксама праходзіў прайд, і таксама ў складаных умовах. Найперш, агрэсія сыходзіла з боку медыяў.
Быў я і ў Кіеве, і ў Мінску. Калі я прыехаў у Мінск, то адчуў, быццам бы вярнуўся ў савецкія часы. І хаця цэнтр Мінска быў не такім шэрым, як за савецкім часам, але я пабачыў, што людзі тут не вельмі шчаслівыя.
Сама імпрэза, на якую мяне запрасілі, была добра арганізванай. У дзень прайда мы дабіраліся разам з усімі рэчамі да прызначанага месца на таксі – так было бяспечней. Я помню, у нас быў вялікі-вялікі сцяг: якраз фотаздымак з гэтым сцягам пасля выкарыстоўвалі розныя медыя, якія пісалі пра прайд (чамусьці яны зрабілі акцэнт на гэтым). Сам прайд прайшоў без аніякіх наступстваў для яго ўдзельнікаў. Пакуль прыехала міліцыя, ужо нікога не было.
Якіх рэжысёраў або фатографаў вы маглі б рэкамендаваць?
Я вельмі раю рэжысёра Роя Андэрсана. Гэта вельмі ўнікальны рэжысёр – я па многу разоў пераглядаю яго карціны. Калі вы бачылі хоць адзін фільм Андэрсана, вы ведаеце, пра што я кажу: яго стыль немагчыма ні з кім пераблытаць.
Як працаваць зараз з квір-павесткай у Швецыі?
Усе законы зараз дзейнічаюць. Зараз няма прычын змагацца за нейкія законы. Але ўсё яшчэ існуюць пэўныя моманты, да прыкладу, звязаныя з харасмэнтам. Ты можаш зазнаць харасмэнт з-за цёмнага колеру скуры, нейкіх іншых індывідуальных характарыстык. Але сітуацыя ў цэлым болей чым спакойная.
Также по теме: Гомофобия как политический инструмент. Новые формы языка вражды в белорусских медиа