
ЛГБТ+ сутыкаюцца з жахлівай сітуацыяй у Турцыі. Вось як да гэтага дайшло. І чаму вы павінны пра гэта задумацца
Злоўжыванні і абмежаванні ў дачыненні да ЛГБТ+ насельніцтва Турцыі становяцца ўсё больш трывожнымі. 2 лютага 2021 года Twitter пайшоў на ўсё яшчэ адносна незвычайны крок, пазначыўшы твіты турэцкага палітыка як «паводзіны, якія сеюць нянавісць».
Гэта тое ж самае, што было зроблена з твітамі былога прэзідэнта ЗША Дональда Трампа да забароны яго публікацыяў. На гэты раз мішэнню Twitter стаў міністр унутраных спраў Турцыі Сулейман Сойлу, які напісаў у твітэры, што «чатыры ЛГБТ+ вычварэнцы» былі затрыманыя за «распальванне варожасці». Гэтыя ЛГБТ+ «вычварэнцы» насамрэч былі студэнтамі Стамбульскага ўніверсітэта Багазічы, дзе маладыя людзі пратэставалі супраць рашэння прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана прызначыць на пасаду рэктара гэтага прэстыжнага ўніверсітэта лаяльнага прыхільніка яго кіруючай Партыі справядлівасці і развіцця.
Сутыкненні ў Турцыі абвастрыліся ў лютым 2021 года пасля таго, як пратэстоўцы вывесілі на кампусе плакат з выявай Каабы ў Мецы, упрыгожанай вясёлкавымі сцягамі. Пратэсты ў Турцыі таксама сталі прадметам бессаромных нападаў прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана на ЛГБТ+ людзей. Падчас анлайн-звароту да членаў Партыі справядлівасці і развіцця (ПСР) 1 лютага Эрдаган сказаў: «Мы будзем весці нашу моладзь у будучыню, не як моладзь ЛГБТ+, а як моладзь са славутага мінулага гэтай краіны», дадаўшы да слухачоў што «вы не ЛГБТ+ моладзь. Вы не тая моладзь, якая ўчыняе вандалізм, але вы тыя, хто лекуе гэтыя знявечаныя вандалізмам сэрцы».
Гэта толькі некалькі прыкладаў злоўжыванняў і абвінавачванняў супраць ЛГБТ+ грамадзян у Турцыі, калі таксічная мяшанка нянавісці і рэпрэсій, якая безупынна кіпела гадамі, пачала бурапеніць пасля студэнцкіх пратэстаў.
У верасні 2021 года падарожніку паведамілі ў гатэлі “Lujo” ў Бодруме, Турцыя, што яго браніраванне для двух мужчын у адным пакоі не дазволена.
Акрамя таго, ёсць жудасная гісторыя пра Фаб’ена Азуле, французскага габрэя-гея, якога гамафобныя зняволеныя пераследавалі, збівалі і палівалі кіпенем у турэцкай турме. 43-гадовы Фаб’ен Азулай быў пасаджаны ў турму шэсць год таму за тое, што ён замовіў невялікую колькасць GBL падчас візіту ў Стамбул, не ведаючы, што гэты наркотык быў забаронены некалькі месяцаў перад тым. Пасля многіх гадоў гвалту ў турме ён быў нарэшце вызвалены ў жніўні 2021 года. Але як усё дайшло да гэтага, і якая цяперашняя сітуацыя ў гэтай ісламскай краіне ў цэлым?
Пасля антыўрадавых пратэстаў 2013 года, якія пачаліся 28 траўня, першапачаткова з мэтай аспрэчыць гарадскі план развіцця парку Таксім Гезі ў Стамбуле, урад Эрдагана ўвёў усё больш жорсткую цэнзуру на прэсу і сацыяльныя сеткі, што, у сваю чаргу, замарудзіла рух Турцыі наперад з заяўкай на ўступленне ў ЕС.
Няўдалая спроба дзяржаўнага перавароту ў 2016 годзе прывяла да новых чыстак і аб’яўлення надзвычайнага становішча. Менавіта на гэтым бурным фоне павелічэння абмежаванняў грамадзянскіх свабод Стамбульскі Прайд быў забаронены ў чэрвені 2015 года і ўпершыню за 13-гадовую гісторыю быў спынены праз умяшанне паліцыі.
У 2016 годзе Прайд зноў забаранілі, але ўдзельнікі паспрабавалі прайсці па цэнтры горада насуперак уладам.
Мерапрыемства было зноў забароненае ў 2017 годзе, калі паліцыя ўжыла гумовыя кулі і затрымала 10 чалавек для падаўлення прайду, паведамляла турэцкая газета Hürriyet. Таксама ў 2017 годзе сталіца Турцыі Анкара рушыла ўслед гэтаму прыкладу, забараніўшы ў 2017 годзе ўсе мерапрыемствы, звязаныя з правамі ЛГБТ+, абгрунтоўваючы сваё рашэннем патрэбай забеспячэння «міру і бяспекі». Тады было абвешчана надзвычайнае становішча.
27-ы штогадовы Прайд у Стамбуле быў забаронены ў 2019 годзе разам з 7-м Прайдам у Ізміры, 3-м Прайдам у Анталіі і 5-м Тыднем прайдаў у Мерсіне. Спробы парушыць забароны сутыкаліся з арыштамі і гвалтам. Напрыклад, у траўні 2019 г. Amnesty паведаміла, што ўлады арыштавалі 25 студэнтаў падчас прайду ў Блізкаўсходнім тэхнічным універсітэце.
У 2017 годзе The Guardian паразмаўляў з шэрагам турэцкіх ЛГБТ+ людзей пра забароны на самавыяўленне ЛГБТ+, і яны распавялі, што «баяцца далейшага развіцця падзей». Сярод іншага, яны сказалі Guardian, што, паводле іх адчуванняў, Рэджэп Таіп Эрдаган вядзе супраць іх вайну, і што яны «адчулі змены ў настроі ў адносінах да сваёй супольнасці па ўсёй краіне — у тым ліку ў раёнах, дзе яны раней карысталіся асабістай свабодай».
25-гадовая Ідзіл, якая жыве ў невялікім горадзе на поўдні Турцыі, сказала: «Я не была моцна здзіўлена, калі пачула [гэтую навіну]. Я ўдзельнічала у гей-прайдах у Стамбуле з 2009 года. Атмасфера заўсёды была вельмі мірнай, але ў апошнія гады было сталае ўмяшальніцтва і маніпуляцыі з боку паліцыі. Жорсткія атакі на нас ужо далі зразумець, што нас чакае. Думаю, што гэта толькі пачатак».
Улічваючы нядаўнія падзеі, вайна супраць ЛГБТ+ людзей, якую ў 2017 годзе абвясцілі пэўныя занепакоеныя турэцкія грамадзяне, відавочна, набірае абароты.
Дзяржаўны дэпартамент ЗША афіцыйна асудзіў падбухторванні турэцкіх уладаў да гвалту ў дачыненні да ЛГБТ+ людзей праз варожую рыторыку. Прэс-сакратар Дзярждэпартамента Нэд Прайс заяўляла журналістам 3 лютага 2021 года, што Злучаныя Штаты «рашуча асуджаюць рыторыку супраць ЛГБТКІ, датычна прайдаў». «Свабода выказвання меркаванняў, якая некаторым можа здавацца нязручнай, з’яўляецца найважнейшым кампанентам актыўнай дзеючай дэмакратыі, якую трэба абараняць», — дадала Прайс. Нягледзячы на тое, што гэта заява віталася турэцкай ЛГБТК-супольнасцю, незразумела, ці будзе яна мець нейкі адчувальны ўплыў на рэпрэсіі супраць грамадзянскіх правоў і правоў ЛГБТ+, якія працягваюцца ў Турцыі”. Gpress будзе працягваць сачыць за сітуацыяй і пісаць пра яе развіццё.
Аўтар: Хілары Мітчэл, thepinknews.com
Подписывайтесь на наш Telegram-канал!
ЛГБТК-миграция. Большой путеводитель по переезду в безопасную страну