Улады і няўрадавыя арганізацыі Літвы абмеркавалі неабходнасць Нацыянальнага плана для ЛГБТІК
30 кастрычніка 2023 г. Літоўская гей-ліга (LGL) сумесна з офісам амбудсмэна Сейма Літвы арганізавалі міжінстытуцыйны круглы стол па пытаннях рэалізацыі Стратэгіі ЕС па роўнасці ЛГБТІК-людзей і неабходнасці распрацоўкі нацыянальнага плана па правах чалавека для ЛГБТІК-супольнасці.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел больш за 20 прадстаўнікоў з міністэрстваў, Офісу Упаўнаважанага па роўных магчымасцях, Офісу інспектара па журналісцкай этыцы, Упаўнаважаны па абароне правоў дзіцяці і праваабарончыя няўрадавыя арганізацыі.
Эксперты адзначылі, што Літва дагэтуль не змагла прыняць нацыянальны план па правах чалавека, і што цяперашнія дакументы стратэгічнага планавання на дзяржаўным узроўні маюць толькі вельмі абмежаванае ўключэнне пытанняў роўнасці ЛГБТІК, што не дазваляе якасна змяніць становішча, у той час як некаторыя праблемы ЛГБТІК дагэтуль наогул не разглядаліся.
Доктар Эрыка Леанайтэ, кіраўнічка Бюро амбудсмена Сейма заявіла на сустрэчы, што “стратэгія або план павінны быць вынікам узгодненых намаганняў, якія абавязваюць да далейшых дзеянняў, а таксама згоды і разумення ўсіх бакоў, што ў гэтай сферы неабходны значныя змены”.
Праваабаронцы з няўрадавага сектара, якія ўдзельнічалі ў дыскусіі, адзначылі брак ініцыятывы з боку ўрада і Сейма Літвы ў вырашэнні пытанняў правоў чалавека комплексным чынам. Пры гэтым прадстаўнікі ўрадавых інстытуцыяў са свайго боку падкрэслілі неабходнасць забеспячэння рэсурсамі для дзейнасці ў гэтай сферы.
Тым не менш, неабходнасць зацверджання нацыянальнага плана па правах ЛГБТІК для каардынацыі дзейнасці паміж інстытутамі, вызначэння стратэгічных прыярытэтаў і крыніц фінансавання, а таксама забеспячэння ўстойлівасці і бесперапыннасці існуючай дзейнасці была падтрымана ўсімі ўдзельнікамі круглага стала.
“З набліжэннем выбараў у Сейм некаторыя палітыкі спрабуюць працягваць набіраць ачкі на гамафобіі, але інстытуты Літвы — гэта не толькі палітыкі, але і эксперты, навукоўцы і іншыя адмыслоўцы, і ў якасці адказу на антыдэмакратычныя рухі нам трэба ўзмацніць інстытуцыянальнае, акадэмічнае і недзяржаўнае ядро экспертаў, спрыяць міжсектаральнаму супрацоўніцтву, забяспечваць высокую пазнавальнасць ЛГБТІК-супольнасці і яе актыўнасць у грамадскім жыцці», — падкрэсліў кіраўнік LGL Уладзімір Сімонка.
Сейм таксама не змог прадэманстраваць лідарства ў пытаннях правоў чалавека падчас галасавання 7 лістапада, калі адхіліў ініцыятыву Міністэрства юстыцыі Літоўскай Рэспублікі адмяніць забарону на распаўсюд інфармацыі пра ЛГБТІК сярод непаўналетніх. Папраўка была ўнесена ў Сейм у мэтах выканання рашэння Еўрапейскага суда па правах чалавека, які пастанавіў, што Літва незаконна абмежавала свабоду слова і выказвання меркаванняў, калі зборнік казак Нерынгі Дангвідэ Мацатэ (1975-2020) пад назвай “Бурштыновае сэрца”, дзе, сярод іншага, апісваліся рамантычныя адносіны паміж аднаполымі персанажамі, быў зняты з продажу ў 2014 годзе.
“Становішча такое, што ў плане роўнасці ЛГБТІК, кажучы афіцыйна, мы адстаем нават ад некаторых краін, якія яшчэ знаходзяцца ў працэсе інтэграцыі ў Еўразвяз. Боснія і Герцагавіна, а таксама Албанія надоечы прынялі планы па правах ЛГБТІК, у той час як Чарнагорыя ўхваліла аднаполыя партнёрствы некалькі год таму”, — сказала Моніка Антанайцітэ, юрысконсульт, які прадстаўляе LGL.
Сейм Літвы дагэтуль не прыняў ніводнага закона аб абароне правоў ЛГБТІК. Напрыканцы траўня 2023 года Сейм ухваліў праект Закона аб грамадзянскім звязе мінімальнай большасцю галасоў пасля дэбатаў, але дата канчатковага галасавання па яго прыняцці не вызначана. Акрамя гэтага, заканадаўчая ініцыятыва аб магчымасці пазасудовага змянення запісу аб поле ў асабістых дакументах таксама не была ўключана ў прапановы зменаў заканадаўства з боку ўрада на 2020-2024 гады.
Крыніца: www.lgl.lt