Усё гэта суправаджаецца агрэсіўнай дзяржаўнай прапагандай, якая мэтанакіравана фармуе вобраз ЛГБТК+ людзей як «варожых элементаў», інструментаў «калектыўнага Захаду» ў вайне супраць беларускай ідэнтычнасці.

Як улады і прапагандысты ў Беларусі змагаюцца з ЛГБТК+ супольнасцю
«Бачнасць вынішчаецца да нуля, дыскрымінацыя робіцца легітычнай, гамафобныя настроі падвышаюцца».
«Салідарнасць» пагутарыла з актывістамі на ўмовах ананімнасці пра тое, як беларуская ЛГБТК+ супольнасць жыве ва ўмовах рэпрэсій і выгнання.
Калісьці грамадзянская ініцыятыва «Новыя рэгіёны» паўстала ў Магілёве як адказ на гамафобныя настроі, што з імпэтам (і без перашкод) распаўсюджвала мясцовая адміністрацыя і дзяржаўныя медыі. Актывіст_кам нават удалося перайграць у інфаполі сумнавядомы «Вячэрні Магілёў», зладзіць шэраг адукацыйных мерапрыемстваў, дыскусій і фестываляў.
Сёння пра тое, каб беларускія гарады і мястэчкі былі квір-фрэндлі, талерантнымі і эмпатычнымі, на жаль, не выпадае казаць. З самых высокіх трыбун і праз прапаганду гучыць мова варожасці, барацьба з «прапагандай ЛГБТ і чайлдфпы», якую вядуць улады і сілавікі, ідзе ў тым ліку на заканадаўчым узроўні, а ціск на ЛГБТК+ супольнасць толькі ўзмацняецца.
Каманда «Новых рэгіёнаў» — зрэшты, з 2024 года ініцыятыва ўзяла назву Прызматыка — знаходзіцца па-за межамі краіны і дапамагае іншым, хто ў небяспецы. Але нават цяпер актывіст_кі не могуць раскрываць свае асобы і імёны з прычын, добра зразумелых кожнаму беларусу.
— Мы адзначаем, на жаль, што ў 2024 годзе сітуацыя з правамі ЛГБТК+ людзей у Беларусі істотна пагоршылася. Рэпрэсіўныя дзеянні ўладаў Беларусі сталі яшчэ больш жорсткімі, накіраванымі на маргіналізацыю і поўнае выцісканне ЛГБТК+ супольнасці з публічнай прасторы.
Улады працягнулі курс на заканадаўчае абмежаванне любых праяваў па іх меркаваннях «нетрадыцыйных» каштоўнасцей: распрацаваныя або ўзмоцненыя законы, якія абмежоўваюць правы ЛГБТК+ людзей