Яўген Янсан
Шведскі мастак Яўген Фрэдрык Янсан (Eugène Fredrik Jansson) нарадзіўся 18 сакавіка 1862 года ў Стакгольме, памёр 15 чэрвеня 1915 года ў Скары.
Яўген Янсан вядомы сваімі начнымі сельскімі і гарадскімі пейзажамі, у якіх пераважаюць адценні сіняга, дзякуючы чаму яго пачалі называць «сіні мастак» (blåmålaren). Пад канец жыцця, прыкладна з 1904 года, ён у асноўным маляваў аголеных мужчын.
Бацькі Янсана належалі да сацыяльнага слоя, які размяшчаўся паміж працоўным і ніжэйшым сярэднім класам, але яны цікавіліся мастацтвам і музыкай і мелі пэўныя амбіцыі што да будучыні сваіх двух сыноў — Яўгена і яго малодшага брата Адрыяна. Яўген хадзіў у нямецкую школу ў Стакгольме і браў урокі фартэпіяна. Прыступ шкарлятыны ва ўзросце чатырнаццаці гадоў выклікаў у яго праблемы са здароўем, ад якіх ён пакутаваў да канца жыцця, у тым ліку дрэнны зрок і слых, а таксама хранічныя праблемы з ныркамі.
Янсан паступіў у Tekniska skolan (цяпер Стакгольмская мастацкая акадэмія Konstfack) і вучыўся ў Эдварда Персея, мастака, які кіраваў прыватнай мастацкай школай у Стакгольме. У 1881 годзе ён быў прыняты ў Антычную школу Шведскай каралеўскай акадэміі мастацтваў, але не меў сродкаў выпраўляцца за большасцю сваіх сучаснікаў у Парыж для далейшага навучання. Ён застаўся ў Стакгольме, які падарыў яму большасць сваіх сюжэтаў. Першая паездка Яўгена Янсана за межы паўночных краін адбудзецца ў 1900 годзе, калі ён ужо добра зарэкамендуе сябе як мастак, і яго эканамічнае становішча пачне паляпшацца. У юнацтве Яўген Янсан дапамагаў Персею ў маляванні партрэтаў, а таксама часам маляваў нацюрморты, але ў рэшце рэшт знайшоў свае найбольш улюбёныя матывы ў горадзе, які яго атачаў.
Яўген Янсан пражыў усё жыццё разам з маці і братам у Сёдэрмальме, у паўднёвай частцы Стакгольма. У рэшце рэшт яны пасяліліся ў кватэры па адрасе Бастугатан, кватэра 40, на вышыні, з якой адкрываецца від на большую частку цэнтра Стакгольма, уключаючы заліў Рыдарф’ярдэн і Стары горад. Большасць яго карцін з 1890-х да 1904 г. — гэта начныя віды на Рыдарф’ярдэн, як ён бачыў яго са свайго дома, або віды на вуліцы з розных частак Сёдэрмальма. У іх пераважаюць адценні сіняга колеру і вельмі прыкметныя мазкі пэндзля, якія часта перасякаюцца. З гадамі яго карціны рухаліся да ўсё большага спрашчэння і абстракцыі, і ў канцы яго «сіняга» перыяду з масы блакітнага палатна можна было пазнаць крыху больш, чым вулічныя ліхтары і іх адлюстраванне ў вадзе.
Пасля 1904 года, калі ён ужо дасягнуў поспеху са сваімі стакгольмскімі гарадскімі пейзажамі, Янсан прызнаўся сябру, што адчувае сябе абсалютна знясіленым і больш не жадае працягваць тое, што рабіў да таго часу. На некалькі гадоў ён перастаў удзельнічаць у выставах і перайшоў да фігурнага жывапісу. Для барацьбы з праблемамі са здароўем, якімі пакутаваў з дзяцінства, ён стаў руплівым плыўцам і зімовым купальнікам, часта наведваў марскую лазню, дзе знаходзіў новыя сюжэты для сваіх карцін. Ён намаляваў групы маракоў, якія загараюць, і маладых мускулістых аголеных мужчын, якія падымаюць штангі або выконваюць іншыя фізічныя практыкаванні.
Мастацтвазнаўцы і крытыкі доўгі час пазбягалі ўзгадкі пра гомаэратычныя матывы на гэтым пазнейшым этапе яго творчага шляху, але пазнейшыя даследаванні (гл. Brummer 1999) паказалі, што Янсан, па ўсёй верагоднасці, быў гомасексуалам і меў стасункі, прынамсі, з адным мужчынам з ліку яго мадэляў. Брат Яўгена Адрыян Янсан, які сам быў геем і перажыў Яўгена на шмат гадоў, спаліў усе яго лісты і многія іншыя паперы, магчыма, каб пазбегнуць скандалу, бо гомасексуальнасць была па-за законам у Швецыі да 1944 года.
Крыніца: en.wikipedia.org
Также по теме: Какан Германсан