Канадцаў просяць прымаць украінскіх ЛГБТК+ бежанцаў

Канадцаў просяць прымаць украінскіх ЛГБТК+ бежанцаў

время чтения: 3 мин

Кааліцыя актывістаў запускае новую ініцыятыву па пошуку і заахвочванні канадскіх гаспадароў, каб прымаць украінскіх ЛГБТК+ бежанцаў.

Пакінуўшы свае дамы, многія ўкраінскія квір-бежанцы не адчуваюць сябе ў бяспецы з-за распаўсюджаных ва Усходняй Еўропе забабонаў супраць ЛГБТК+. У той час як у самой Украіне дзейнічаюць законы ў абарону ЛГБТК+, у яе суседзяў існуюць прававыя нормы, якія дапускаюць, калі не актыўна падтрымліваюць, гамафобную і трансфобную дыскрымінацыю.

З прычыны такіх небяспекаў больш за 100 ЛГБТК+ бежанцаў звярнуліся да «КіеўПрайд», адной з вядучых праваабарончых групаў ЛГБТК+ ва Украіне, па дапамогу ў пераездзе ў Канаду.

У адказ на такую вострую патрэбу асобах, што прымаюць бежанцаў, «КіеўПрайд» на пачатку гэтага месяцу запусціў «Праект прыязных дамоў»(ППД) . Праект шукае ЛГБТК+ канадцаў або асобаў, прыхільных да ЛГБТК+, якія могуць прадставіць бежанцам часовае жыллё мінімум на чатыры тыдні. Гаспадароў таксама просяць дапамагчы бежанцам інтэгравацца ў канадскае грамадства — гэта значыць дапамагчы знайсці працу і ўмацаваць сацыяльныя сувязі.

Канадцаў просяць прымаць украінскіх ЛГБТК+ бежанцаў Праект арганізаваны ў партнёрстве з «КіеўПрайд-Канада», даччынай арганізацыяй, створанай у 2014 годзе для садзейнічання ўмацаванню ўкраінска-канадскага адзінства, а таксама Фондам «Мы падтрымліваем ЛГБТК ва Украіне«, які быў створаны і кіруецца ўкраінска-канадскім актывістам Эндру Кушнірам.

Выканаўчы дырэктар КіеўПрайд Лэні Эмсон кажа, што гаспадары, зацікаўленыя ў падтрымцы бежанцаў з ліку ЛГБТК+ , павінны працаваць з украінскімі квір-арганізацыямі, а не самастойна наладжваць дамоўленасці.

«КіеўПрайд» можа дапамагчы бежанцам дабрацца да бліжэйшай амбасады для атрымання візы, што часам прадугледжвае паездку ў іншую краіну. Канадскія гаспадары таксама змогуць узяць удзел у азнаямленчай сесіі і атрымаць кансультацыйную падтрымку. Нарэшце, досвед арганізацыі ў гэтым пытанні гарантуе, што найбольш уразлівым бежанцам, напрыклад, тым, хто змог выехаць з акупаваных Расіяй тэрыторыяў і ў якіх мала шанцаў вярнуцца дадому ў бліжэйшы час, будзе надавацца прыярытэтная ўвага.

Эмсон кажа, што бежанцы могуць адчуваць сябе ізаляванымі ў новых краінах, што «пагаршае траўмы гэтай вайны», але валанцёрская сетка, якую стварае «КіеўПрайд», імкнецца іх змякчыць.

Гаспадары, якія ўдзельнічаюць у ППД, не будуць аказваць фінансавую дапамогу. Кожны дарослы ўкраінскі бежанец, які прыбывае ў Канаду, атрымлівае аднаразовую выплату ў памеры 3000 долараў плюс 1500 долараў за кожнага суправаджанага непаўналетняга ў рамках Канадска-ўкраінскай праграмы дазволу на экстранны ўезд (CUAET).

Фонд «Мы падтрымліваем ЛГБТК ва Украіне» з красавіка мінулага году сабраў 117 000 долараў, але яму не хапае магчымасцяў для паўнавартаснага фінансавання інтэграцыі бежанцаў у дадатак да сваіх цяперашніх забавязанняў.

Тым не менш, фонд, які спецыялізуецца на аказанні дапамогі мясцовым няўрадавым арганізацыям, нядаўна зрабіў значныя ахвяраванні на набыццё генератараў і блокаў сілкавання, якія на фоне бесперапынных нападаў Расіі на энергетычную інфраструктуру Украіны неабходныя для падтрымання працы ўкраінскіх ЛГБТК+ арганізацыяў гэтай зімой.

Паводле словаў Кушніра, на дадзены момант больш за 100 гаспадароў, якія прадстаўляюць 40 мясцовых супольнасцяў па ўсёй Канадзе, зарэгістраваліся ў ППД, выкарыстоўваючы рэгістрацыйны анлайн-аркуш арганізацыі.

Нягледзячы на відавочную патрэбу ў адмысловай падтрымцы бежанцаў з ліку ЛГБТК+, канкрэтныя ўмовы, з якімі сутыкаюцца ўкраінскія квір-уцекачы ва Усходняй Еўропе, складаныя і далікатныя.

На чале Польшчы, якая цяпер прымае 1,5 мільёны ўкраінскіх бежанцаў, знаходзіцца сацыяльна кансерватыўны ўрад, міністры якога часта практыкуюць вербальныя нападкі на сексуальныя і гендарныя меншасці. За апошнія некалькі гадоў больш за 100 польскіх гарадоў і мясцовасцяў прынялі рэзалюцыі, якія абвяшчаюць сябе вольнымі ад «ідэалогіі ЛГБТК».

У той час як Варшава — гэта культурная бурбалка, дзе асобы з ліку ЛГБТК+ адносна прымальныя, сталіца можа прыняць толькі частку ад агульнай колькасці бежанцаў.

Малдова і Румынія, якія ў сукупнасці даюць прытулак 200 000 уцекачам, таксама варожа ставяцца да асобаў з ліку ЛГБТК+. Апытанне, праведзенае ў 2022 годзе, паказала, што 64 адсоткі малдаванаў «выдалілі б» прадстаўнікоў ЛГБТК+ з краіны. У той жа час, у мінулым годзе ўрад Румыніі прыняў законапраекты, якія забараняюць «гей-прапаганду» у школах і грамадскіх месцах.

У 2022 годзе ILGA-Europe паставіла Польшчу і Румынію на апошняе і перадапошняе месцы адпаведна што да правоў ЛГБТК+ сярод краінаў ЕС.

Ва Украіне сітуацыя лепшая, але не без праблемаў.

Пасля рэвалюцыі еўрамайдану ва Украіне ўрад краіны настойліва дамагаўся сяброўства ў ЕС, што прывяло да паслядоўнага прыняцця законаў у абарону ЛГБТК+. Напрыклад, у мінулым месяцы ўрад прыняў антыдыскрымінацыйныя законы, якія крыміналізуюць ненавісніцкія выказванні ў адрас ЛГБТК+.

Тым часам прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі неаднаразова пацвярджаў сваю падтрымку супольнасці ЛГБТК+ і паабяцаў разгледзець магчымасць легалізацыі роўнасці ў шлюбе пасля адбіцця агрэсіі Расіі ва Украіну.

Для моладзі і белых каўнерыкаў з Украіны, якія жывуць у буйных гарадах, быць гомасексуальным або бісексуальным, як правіла, не з’яўляецца праблемай. Тым не менш, многія ўкраінцы з ліку ЛГБТК+ па-ранейшаму хаваюць сваю ідэнтычнасць, а талерантнасць не распаўсюджваецца на невялікія гарады, дзе небяспечна адкрыта быць гомасэксуалам. Транс-супольнасць таксама паўсюдна застаецца ў вышэйшай ступені стыгматызаванай.

Актывісты ЛГБТК+ застаюцца ўразлівымі аб’ектамі жорсткага пераследу з боку скрайне правых маргінальных групаў і мусяць трымаць месцазнаходжанне сваіх офісаў у сакрэце. Калі мінулай вясной «КіеўПрайд» адкрыў прытулак для бежанцаў, журналістам не дазволілі здымаць відэа або рабіць здымкі, на якіх былі б якія-небудзь вонкавыя элементы, што маглі б выдаць месцазнаходжанне прытулку.

У папярэдніх інтэрв’ю «КіеўПрайд» неаднаразова падкрэслівалася, што згаданыя ўльтраправыя групы — гэта невялікая меншасць, якая атрымлівае фінансаванне з Расіі і не прадстаўляе ўкраінскага грамадства. Каментары ад арганізацыі сугучныя з вынікамі галасавання, якія паказваюць, што пачынаючы з 2014 году ўльтраправыя партыі Украіны ніколі не набіралі больш за 5% галасоў выбарцаў.

 

Эдам Жыво, lgbtqnation.com