
Квір-матывы ў беларускай народнай культуры
Азнакай сферы расійскага ўплыву аказваецца сёння заканатворчасць, накіраваная на абарону «традыцыйных» каштоўнасцей ад «прапаганды» і «экстрэмізму».
Летась парламент Казахстана сінхранізаваў заканадаўства краіны з ксенафобным расейскім правам, а ў Беларусі яшчэ больш жорсткі законапраект пакуль чакае подпісу валадара Лукашэнкі. Ці настолькі гетэранарматыўная беларуская народная культура, як яе спрабуе прадставіць ідэалогія “рускага свету”? Надзенем ружовыя квір-акуляры і зірнем на наша мінулае.

Ярыла. Ілюстрацыя згенеравана ШІ. Крыніца: https://xn--80aejvmu5h.xn--80aswg/
Перфарматыўнасць паганскіх абрадаў
Ярыла – старажытнаславянскі бог вясны, урадлівасці і сэксу. Беларускі этнограф і пісьменнік Павел Шпілеўскі (1823 – 1861) апісвае свята ў гонар Ярылы, якое спраўлялася да сярэдзіны ХІХ ст. насуперак царкоўным забаронам.
Дзяўчаты выбіралі самую прыгожую сяброўку, прыбіралі яе Ярылам і садзілі на белага каня. У адну руку ёй давалі чалавечы чэрап, у другую – іржаныя каласы, якія адпаведна сімвалізавалі смерць і жыццё.
Часамі дзяўчыне, якая выконвала ролю бога, галілі галаву нагала. “Ярыла” ехаў на кані па засеяным полі сярод сялянскага карагода пад спевы аб будучым ураджаі, фізічным каханні і нараджэнні дзяцей.

Ярыла. Ілюстрацыя згенеравана ШІ. Крыніца: https://xn--80aejvmu5h.xn--80aswg/
Народная драма
Шырока вядомы беларускі народны лялечны тэатр “батлейка”. Асноўны сюжэт яго прадстаўленняў – гісторыя пра нараджэнне Ісуса Хрыста, якая ўвесь час перабіваецца інтэрмедыямі – гумарыстычнымі замалёўкамі з простага жыцця з удзелам Дзеда, Бабы, Габрэя, Доктара, Дамы, а часам і Чорта. Радзей згадваецца драматычная версія народнага тэатра, дзе іграюць акцёры-аматары. Галоўная п’еса тут – “Цар Максіміліян”, у якой перамешаны палітычная сатыра, містычны дэтэктыў і вясёлыя сцэнкі.

Вінера – Кумерская Багіня. Малюнак У. Татліна, 1911 г.
Паводле сюжэту старому дыктатару з’яўляецца чароўная дзіва Вінера –Кумерская Багіня (“кумерская” – у сэнсе “паганская”). Дзеля яе цар зракаецца хрысціянскай веры. Прынц Адолька пярэчыць шлюбу бацькі з багіняй і ўстанове ў дзяржаве язычніцтва. Максіміліян загадвае пакараць смерцю адзінага сына, завошта сам раптоўна гіне. У выяве Смерці да яго прыходзіць сама Вінера.
У драме “Цар Максіміліян” ролю Вінеры заўсёды выконваюць маладыя хлопцы. Асобныя матывы драмы прадстаўлены ў навагоднім абрадзе “Калядныя цары”, які і зараз праводзіцца ў аграгарадку Сямежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці. У 2009 г. абрад быў уключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO.

Сучасная рэканструкцыя абраду «Калядныя цары». Крыніца: https://www.belarus.by/.
Фальклорныя экспедыцыі
Інтэрв’ю фалькларыстаў і этнографаў з мясцовымі жыхарамі беларускай глыбінкі, мэтай якіх з’яўляецца вывучэнне культуры штодзённасці, могуць нечакана фіксаваць лёсы негетеранарматыўных асоб. Такім чынам захавалася запісаная ў 1999 г. гісторыя пра вясковага гомасэксуала з Ушаччыны. Распявала яе рэспандэнтка 1930 года нараджэння, што кажа аб тым, што падзеі з жыцця мужчыны адбываліся ў 1950 – 1960-х гг.:
“З бабамі ён дужа ругаўся. А я яго не баялася, мы з ім разам кароў пасвілі. Баб ён не любіў, мужчын дужа любіў. Адзін ён жыў, бацькі памёрлі. Хадзіў абадраны ўсё ўрэмя. Дома самагонку гнаў. Бывала, завядзе да сябе мужыка, напоіць і спаць пакладзе. А патом нехта далажыў аб гэтым начальству, ну яго і забралі ў дурдом. Там ён, як кажуць, дужа ўлюбіўся ў начальніка бальніцы. Мусіць, ён там усім надаеў і яго атравілі” [Лобач В. Эрос в белорусской традиционной культуре // Белорусский эротический фольклор. Москва, 2006. С. 101].
Без недарэчнай іроніі, гэта гісторыя, расказаная так коратка і звычайна, мае патэнцыял спектакля ці артхаўснага фільма.
Міні-лабараторыя па квіраванні беларускіх “традыцыйных” практык
Ад лістапада таленавітыя квір-даследчы_цы Вікця Удовіна і Ула Кароткі вядуць лабараторыю ў змешаным фармаце – анлайн паўсюль і афлайн у Варшаве. Напрыканцы года мне пашчасціла пагаварыць з Улам:
“Тэма гэта вялікая і насамрэч недаследаваная. Калі я гаварыў з фалькларыстамі, то запытваў, ці размаўлялі яны падчас экспедыцый пра негетеранарматыўныя міфалагічныя вобразы. Мне адказвалі, что такіх пытань не задавалі, але часамі запісвалі такія рэчы, якія можна такім чынам ўявіць.
Гучалі асобныя згадкі аб тым, что пэўныя мужчыны жылі разам, і больш-менш гэта ўспрымалася нармальна. У традыцыйным уяўленні маркер “свой – чужы” значна больш важны за сэксуальную ідэнтычнасць.
Квір-матывы ў народнай культуры ўбачыць можна. Тут ўсё залежыць ад інтэрпрэтацыі. Квір-оптыкі ў фалькларыстыцы і этнаграфіі доўгі час не было і не магло быць, бо гэта былі савецкія даследаванні. Зараз мы сутыкаемся з той праблемай, што застаецца ўсё менш людзей, у каго мы можам спытаць аб мінулым”.
Русалкі
“Падчас лабараторыі ўжо адбыліся чатыры сесіі ў фармаце анлайн-тэлефанаванняў. Мы расказвалі пра розныя культурныя феноміны і з’явы, а потым спрабавалі іх “квіраваць”. Напрыклад, русалкі ў большасці рэгіёнаў Беларусі не былі звязаныя з вадой, а больш са жнівом, з ураджаем. Іх уяўлялі жанчынамі з вялізарнымі “цыцкамі” – гэта цытата, што былі жалезнымі ці шклянымі. Ці з’яўляецца гэта квір-вобразам у пэўнай ступені? Дакладна ён не ўпісваецца ў “традыцыйныя каштоўнасці” сучаснай ідэалогіі Рэспублікі Беларусь.

Русалкі. Ілюстрацыя Л. Магонавай. Крыніца: https://www.bestiary.us/
У народнай міфалогіі багі і духі не былі прывязаныя да аднаго месца, прыходзілі да людзей у адпаведную пару года, маглі мець розныя вобразы, былі флюіднымі. Пасля смерці маглі ператварыцца ў русалак памерлыя нехрышчоныя дзеці [цікава, што абодвух палоў – Л.Я.] ці нявесты, якія загінулі да шлюбу не сваёй смерцю. Цяжка назваць русалак квір-персонамі, але сапраўды гэта нетрадыцыйны падыход да фэміннасці”.
Дзед памёр
“Таксама мы абмяркоўвалі абрад “Пахаванне Дзеда”. Праводзяць яго выключна дарослыя жанчыны, ужываючы саламяную ляльку. Яны робяць непрыстойныя каментары адносна фаласа “нябожчыка”, што зроблены з морквы, да якой прывязана нітка, за якую тузаюць удзельніцы. Яны смяюцца з Дзеда і, у нейким сэнсе, са свайго жыцця. Кабеты дазваляюць сабе жарты і лаянку “18+”. У выніку Дзеда спальваюць, закапваюць у снег ці раздзіраюць на шматкі на полі, каб добрым быў ураджай.

Вёска – гэта вельмі нармаванае асяроддзе, дзе ёсць свае сталыя правілы паводзінаў, і мы не можам выключаць таго факту, што шмат было ў гэтай прасторы гвалту. Многія абрады не зафіксаваныя, бо вяскоўцам было сорамна іх узгадваць. Напрыклад, практыкавалася традыцыя першай шлюбнай ночы, пасля якой вывешвалася прасціна са слядамі крыві. Але абрад не быў апісаны, бо даследчыкі ці не задавалі аб гэтым пытанні, ці рэспадэнты не гатовыя былі пра гэта гаварыць. Такіх лакунаў вельмі шмат. Дарэчы, лес – гэта тая прастора, дзе было дазволена больш, чым звычайна. Падчас Купалля лес робіцца месцам, вольным ад штодзённых правіл грамады. Яшчэ можна узгадаць Масленіцу, калі людзі дазвалялі сабе значна больш сэксуальнай свабоды, чым звычайна”.

Ула Кароткі ў аўтарскім перформансе “Немарач”. Здымак Таццяны Бакуновіч
* * *
Паміж двума Калядамі ў кожнай і кожнага з нас з’яўляецца шанец адчуць хаця б крыху спакою, цяплыні і пяшчоты. Давайце будзем памятаць у гэтыя дні, што сярод нашых продкаў таксама былі трансгендэрныя, гомасэксуальныя, гендэрна небінарныя персоны. Гэта дадзенасць знаходзіла ўвасабленне ў светапоглядзе прашчурак і прашчураў, у іх успрыманні сваіх духоўных апекуноў і антаганістаў. Насуперак выпрабаванням, будуць стварацца і новыя традыцыі, заснаваныя на гуманістычных каштоўнасцях.
Ліка Ярмолава
Падпісвайцеся на наш Telegram-канал!
ЛГБТК-міграцыя. Вялікі даведнік па пераездзе ў бяспечную краіну




